В Ушачах прошел этнофест «Поющее дерево жизни», посвященный 85-летию образования Витебской области

Культура

Этнафэст пад назвай «Спеўнае дрэва жыцця», прысвечаны 85-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці, сабраў на мінулым тыдні ва Ушачах прадстаўнікоў адразу некалькіх пакаленняў. На сустрэчу з галоўнымі віноўнікамі дзейства – маладымі спецыялістамі, якія прыбылі ў раён у 2022 годзе, у цэнтр культуры і народнай творчасці завіталі як сталыя, так і зусім юныя жыхары. Дарэчы, апошнія прынялі самы актыўны ўдзел у падрыхтаванай культработнікамі праграме.

Сцены з бярвенняў-круглякоў. У цэнтры – вялізная печка на драўляных калодах. Побач – калаўрот, гліняныя збаны. Па перыметры – вялізныя лавы, на якіх і сядзець, і спаць можна. І практычна ўсюды – на стале, сценах – вышытыя ручнікі, па-майстэрску сплеценыя дыванкі.

Трапіўшы ў імправізаваную беларускую хату, госці – асабліва маладыя – крыху разгубіліся: дакладна не разлічвалі ў гэты дзень трапіць у мінулае. Аднак з пачаткам дзейства эмоцыі стабілізаваліся – для яркіх нумароў пра жыццё, побыт нашых продкаў далоняў і ўсмешак прысутныя не шкадавалі.

З прывітальным словам, віншаваннямі з навагоднімі, каляднымі святамі звярнуліся да іх намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова, а таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі П.А.Алексяёнак. Дарэчы, пасля Пётр Аляксандравіч нечакана для многіх узяў на сябе і адну з цэнтральных роляў праграмы – пераўвасобіўся ў гаспадара гэтай сялянскай хаты.

Пачалося прадстаўленне з візіту ў дом калядоўшчыкаў, апранутых у розныя касцюмы. Для атрымання пачастункаў яны і жартавалі, і вершаваныя пажаданні гаспадарам дэкламавалі. Калі ж з заборыстым танцам у цэнтр выйшла Каза, не рассмяяцца, не прытопваць у такт нагамі не змог ніхто.

Святкаванне Каляд, старога Новага года, Вадохрышча здаўна суправаджалася гульнёй “Жаніцьба Цярэшкі”. Прызначалася яна для нежанатай моладзі і ў розных кутках раёна мела свае асаблівасці. Ва ўзгаданы дзень гледачы не толькі ўбачылі, але і самі прынялі ўдзел у рэканструкцыі абраду па-матырынску. Як расказала захавальніца мясцовых традыцый Галіна Сяргееўна Рудзёнак, Цярэшку звычайна жанілі два дні. У першы будучыя пары танцавалі, гулялі, прыглядаліся адзін да аднаго, а назаўтра збіралі застолле. Такая ж праграма чакала і ўдзельнікаў “Спеўнага дрэва жыцця”. Пасля актыўных танцаў, якім вучылі прама на месцы, усіх запрасілі за стол, стравы для якога – бліны з капустай і печанёўку, бутэрброды з салам і “налівашкі” з бульбы ды шкварак – прыгатавалі ўдзельніцы ўшацкага клуба нацыянальнай кухні “Прысмакі”. Многія гаспадыні цікавіліся рэцэптамі, рознымі кулінарнымі сакрэтамі. Для тых жа, каму больш па душы народныя промыслы, у зале працавалі тэматычныя кропкі – работнікі Дома рамёстваў праводзілі майстар-класы па ткацтве, саломапляценні і іншыя.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *