Приём граждан в Липовках

Общество

Выязны прыём грамадзян па асабістых пытаннях на мінулым тыдні першы намеснік старшыні райвыканкама А.Я.Вайцянкоў правёў у вёсцы Ліпаўкі Сарочынскага сельсавета. На прыём у дом да старэйшыны Ганны Лявонаўны Гірсёнак прыйшло ўсяго тры чалавекі, ды і тыя пераважна пагаварыць пра жыццё. Праблем у жыхароў вялікіх няма: падрамантавана дарога, кожны дзень прымаецца малако, вырашана пытанне з саманарыхтоўкай дроў, прычым, паблізу з вёскай на землях сельгаспрадпрыемства. Скарысталася гэтай магчымасцю тры чалавекі.
Прасілі вяскоўцы толькі абсталяваць аўтобусны прыпынак у напрамку Ушачы. Дарога поўнасцю адкрыта, прадзімаецца, а дзеці штодня едуць у школу, людзі – на работу.
Гаспадар ведамаснага жылля, які працуе ў КУСГП “Арэхаўна”, прасіў абшыць дом якім-небудзь матэрыялам, бо ўзімку яго складана нагрэць. Аляксандр Ягоравіч пабываў на месцы разам з дырэктарам КУСГП “Арэхаўна” Г.П.Грабоўскім. Дом з бярвення, атынкаваны знутры – холад можа трапляць толькі праз шчыліны. Такіх вялізных сродкаў, каб хапіла на абшыўку ведамаснага жылля, што будавалася раней, у гаспадарцы зараз няма. Таму гаспадару параілі ўцяпліць швы, месцы стыкаў вокнаў, для чаго сельгаспрадпрыемства выдзеліць матэрыял.
Пагутарылі жыхары і пра апрацоўку агародаў. Выказалі засмучэнне, што мала коней засталося, хоць на 16 двароў 4 кані і зусім нядрэнна. Справа больш у тым, што няма каму працаваць на гэтых конях. Толькі пяць чалавек выпісала сёлета ў гаспадарцы насенне для сяўбы яравых. Дырэктар запэўніў людзей, каб не хваляваліся: калі нехта не пасеяў зерневыя, гаспадарка, як і летась, прадасць зерне восенню.
Вялася гутарка і аб прафілактыцы пажараў, аб прыняцці насельніцтвам мер па іх хуткай ліквідацыі, паколькі паблізу з вёскай тарфянік, патушыць які потым будзе вельмі складана.
В.КАРАЛЕНКА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *