Финальный аккорд новогодних праздников. В дендропарке Ушачского лесхоза прошла развлекательная программа «В гостях у Деда Мороза»

Общество

Выдатным фінальным акордам навагодніх святаў ва Ушачах стала забаўляльная праграма “У гасцях у Дзеда Мароза”, якая ладзілася ў суботу ў дэндрапарку. Такі фармат і месца правядзення былі абраны ўпершыню, і гэта яшчэ больш падагрэла цікавасць да мерапрыемства, на якое ўшачане накіроўваліся сем’ямі.

Ініцыятарам жа свята выступіў Ушацкі лясгас, планавалі яго правесці яшчэ да Новага года, аднак надвор’е ўносіла свае карэктывы.

Найбольшую порцыю ўражанняў за дзве гадзіны атрымалі дзеці. Павадзіць карагод вакол сапраўднай жывой елачкі разам з Дзедам Марозам і Снягуркай прама ў парку было прыемна нават дарослым. Праўда, перш чым гэта зрабіць, прыйшлося справіцца з выпрабаваннямі, якія, маючы намер сапсаваць свята, рыхтавала Баба-Яга. Дарэчы, з’яўленне на палянцы галоўных навагодніх персанажаў было вельмі эфектным: імчалі яны да ёлкі… на снегаходзе! Сярод маленькіх ушачан знайшлося шмат жадаючых расказаць вершык, і для ўсіх Дзед Мароз падрыхтаваў салодкі пачастунак.

Тым часам на кожнай з дарожак дэндрапарку таксама было чым заняцца: прадстаўнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі запрашалі паўдзельнічаць у імправізаванай лоўлі рыбы, праверыць сябе на трапнасць. Якім будзе надышоўшы год і пра самы ўдалы месяц гатовыя былі паваражыць гадалкі, у якіх пераўвасобіліся работнікі раённай бібліятэкі. Выставу-продаж адмысловых сувеніраў разгарнуў і Дом рамёстваў. Самыя ж яркія эмоцыі у дзяцей прадказальна выклікала катанне на снегаходах, якія на бераг Вечалля спецыяльна даставілі лясгас і фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Пракаціцца з ветрыкам найбольш хацелі хлопчыкі, а вось дзяўчынкі абіралі менш экстрэмальнае катанне на цюбінгах.
Ажыўлена было на спецыяльнай пляцоўцы, падрыхтаванай лясгасам. Нават той, хто не надта любіць грэцкую кашу, казаў, якая яна смачная на вуліцы ля вогнішча. А ў вялізным кацялку на агні лясгасаўцы заварылі натуральны, экалагічна чысты і вельмі карысны чай з малінавых галінак. Выдатным штрыхом да яго быў і мёд з уласнай пасекі. Зрэшты, стварылі арганізатары тут і арыгінальны антураж: есці кашу, якую прапаноўваў Дзед Мароз, было зручна за лясным столікам, а пагрэцца можна было каля фінскай свячы. Не пуставалі і кропкі грамадскага харчавання Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства і індывідуальных прадпрымальнікаў, нават звычайны пончык на прыродзе быў намнога смачнейшы.

Дзве гадзіны праграмы праляцелі імгненна, але ўшачане не спяшаліся разыходзіцца – заўсёды крыху сумна, калі заканчваюцца навагоднія дзянькі. Ну а задаволеныя твары дзяцей і шматлікія пытанні: “А мы прыйдзем сюды яшчэ?” падказваюць, што свята ў дэндрапарку прэтэндуе стаць добрай ушацкай традыцыяй.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *