Каля 1000 маладых дыпламаваных аграрыяў штогод папаўняюць прадпрыемствы АПК нашай вобласці, аднак праблема з кадрамі ўсё роўна застаецца вострай. Асабліва гэта датычыцца спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны: так, на цяперашні час у гаспадарках рэгіёну не хапае прыкладна 120 ветурачоў і 140 заатэхнікаў. Відавочна, што галоўная прычына такой сітуацыі – нізкі працэнт замацавання маладых кадраў. Разумеючы гэта, абласное кіраўніцтва два гады таму пайшло на беспрэцэдэнтны крок: стымулявала выпускнікоў ВНУ і каледжаў адпаведнага профілю штомесячнай тысячарублёвай даплатай да асноўнага заробку, калі яны заключаць з прадпрыемствамі інтэграцыйных аб’яднанняў кантракт на пяць год. Сродкі на заахвочванне закладзены ў абласны бюджэт, а выплочваюцца яны ў першыя тры гады працы.
◆ Па інфармацыі аблсельгасхарча, атрымальнікамі “бонуса” зараз з’яўляюцца каля 70 маладых спецыялістаў Віцебскай вобласці.
Прынамсі, мы ўжо звярталіся да гэтай тэмы, калі расказвалі пра ветурача КУСГП “Глыбачаны” Алесю Дзенісёнак, якая была ў ліку “першых ластавак” наватарства. Тым часам пяцігадовы кантракт з ушацкімі гаспадаркамі заключылі яшчэ два спецыялісты: ветфельчар “Сафійскіх дароў” Анастасія Васільева і галоўны заатэхнік “Ільюшынскага” Павел Салаўёў. З апошнім мы і вырашылі пазнаёміцца бліжэй.
Родам хлопец з аграгарадка Машканы Сенненскага раёна. Да аграрнай справы звыклы: працаваў з бацькам на камбайне, а дома заўсёды трымалі жывёлу, у тым ліку і кароў. У Горацкую сельгасакадэмію паступіў ужо пасля службы ў арміі, а ў ліпені прыбыў на сваё першае працоўнае месца.
Сустрэў нас Павел на ільюшынскім комплексе, дзе размешчана 950 галоў жывёлы з 1704 наяўных зараз у гаспадарцы. Пад яго ўвагай і іншыя аб’екты: на старасельскай ферме знаходзяцца дойны статак і цельныя цялушкі, у Жарах – перадзлучныя, а ў Сержанах на бяспрывязным утрыманні стаіць 171 карова. Было відавочна, што за паўгода працы галоўны заатэхнік няблага асвоіўся на сваёй пасадзе, бо не толькі добра арыентаваўся ў паказчыках, а і аналізаваў сітуацыю, ведаў па імёнах і прозвішчах мясцовых жывёлаводаў.
– Увайсці ў курс спраў дапамог загадчык комплексу Эдуард Леанідавіч Абаньшын, вопытны работнік, да якога можна звярнуцца за любой парадай. Прыемна працаваць у звязцы з нашым галоўным ветурачом Уладзіславам Хубяцовым – маладым спецыялістам, які прыйшоў у “Ільюшынскі” на год раней за мяне. Літаральна з усімі я знайшоў агульную мову, ну а дырэктару таварыства Сяргею Анатольевічу Халімоненку фактычна абавязаны тым, што прыехаў на Ушаччыну. Варыянтаў па размеркаванні было шмат, у тым ліку і ў больш заможныя гаспадаркі, але “Ільюшынскі” прывабіў домам з выгодамі, ды і падчас практыкі ўсё задаволіла, а яшчэ спадабалася, што тут шмат моладзі, – расказвае Павел.
◆ Новы прафілакторый для малочных цялят узведзены сіламі ўласнай будаўнічай брыгады. Зараз яго абжываюць 46 маленькіх гадаванцаў, а гаспадарыць тут будзе старанная даглядчыца Святлана Дземідовіч.
Да слова, уласнае камфортнае жыллё было важным фактарам, бо летам хлопец стварыў сям’ю: яго абранніцай стала студэнтка гэтай жа акадэміі Анастасія, якая зараз вучыцца на апошнім курсе і пасля атрымання дыплома таксама плануе папоўніць штат “Ільюшынскага” – у якасці заатэхніка-селекцыянера. А ў гэтыя дні якраз прыехала ў Ільюшына на канікулы: у выдзеленым доме маладая пара адразу зрабіла касметычны рамонт, так што жыллё стала яшчэ больш утульным. Дзяўчына пакуль не ведае, ці будзе заключаць пяцігадовы кантракт і карыстацца грашовым бонусам – ёсць час усё ўзважыць. А вось яе муж пра сваё рашэнне не шкадуе: кажа, што 36 тысяч лішнімі для маладой сям’і дакладна не будуць. Гэта своеасаблівы трамплін, які дазволіць расправіць плечы.
“Ну вось добра, тры гады – з даплатай, а як потым прывыкаць да меншых даходаў у астатнія два?” – задаём субяседніку каверзнае пытанне. І чуем слушны адказ: “Затое павялічыцца стымул узнімаць вытворчасць на яшчэ больш высокі ўзровень, а за добрыя вынікі атрымаем даплаты!”. У чым жа ён бачыць рэзервы росту надояў і прываг, якія ў цяперашні час ніяк не радуюць? Канечне, гэта захаванне працоўнай дысцыпліны і вытворчай тэхналогіі. Справіцца з першым складана: даяркі і даглядчыцы тут у асноўным сумленныя, а вось да іх памочнікаў шмат пытанняў. Ну а другое якраз у многім залежыць ад заатэхніка. Павел старанна кантралюе працэс даення і кармлення, сочыць за тым, каб належным чынам апрацоўвалася абсталяванне, а рацыён адпавядаў патрабаванням – для кожнай групы жывёлы яны розныя: напрыклад у кароў перад ацёлам большая доля сухіх кармоў, а ў дойных – сакавітых.
– Кармоў, у прынцыпе, хапае. Малышам даём якасную “адзінку”. Канечне, хацелася б пастаянна мець камбікорм-канцэнтрат КК-61 для высокапрадукцыйных кароў: калі летам ім падкормлівалі буронак, малако прыкметна плюсавала, але зразумела, што на гэта патрэбны значныя сродкі, – разважае малады спецыяліст. – А ўвогуле мне здаецца, што ў гаспадарцы робіцца нямала, каб выправіць паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне. Паляпшаюцца пашы: быў, напрыклад, здзіўлены, што тутэйшыя гурты амаль пастаянна пасвіліся на канюшыне. А паглядзіце, які цудоўны прафілакторый мы ўчора засялілі цяляткамі! Канечне, слабым месцам з’яўляюцца хваробы. Тут некалькі год не было ўласнага ветурача, таму мусім спадзявацца, што з прыходам спецыялістаў сітуацыя палепшыцца. Так, надоі пакуль сціплыя, у нас шмат галоў у запуску, але ў снежні ўжо было 25 расцёлаў (зараз гэтыя кароўкі даюць па 16 літраў), чакаем папаўнення і ў студзені, у сакавіку-красавіку з’явіцца прыплод у першацёлак, так што спадзяемся на істотны прырост. Магчыма, гэта юнацкі аптымізм, але ж без веры ў прагрэс проста не варта брацца за работу. Таму мушу спадзявацца, што пачатак кар’еры прынясе добры плён і мне, і гаспадарцы, якая так гасцінна мяне прыняла.
Наталля БАГДАНОВІЧ.