Каким будет 2023 год? Ушачанка со стажем кролиководства более 30 лет Ольга Полонская рассказала о символе наступившего года

Общество

Прыкметы, гараскопы, прадказанні. Якімі б рэалістамі мы ні былі, а ўсё ж любім падстрахавацца і хоць бы адным вокам зазірнуць, што чакае нас наперадзе. А паколькі надыходзіць год Чорнага труса (па Усходнім календары з 22 студзеня), паваражыць мы вырашылі на звычках гэтага звярка. А ў якасці астролага сёння выступіць ветэран спажыўкааперацыі Вольга Дзмітрыеўна Палонская, стаж якой у галіне супадае з вопытам трусаводства і перавышае 30 гадоў.

Спакой і надзейнасць

Якую б ні трымала жыўнасць на падворку В.Палонская – а былі каровы, быкі, куры, козы – трусы застаюцца самымі любімымі за іх рахманы нораў. Вушасцікі не ламаюць клетак, не кідаюцца на гаспадароў, калі іх бяруць на рукі, хоць і не любяць гэтага. Нават калі вельмі галодныя, вы не пачуеце іх гучных пазыўных. Сваю незадаволенасць могуць праяўляць слабым чмыханнем. Гаспадыня спакойна правярае гняздо трускі, выдаляючы мёртвых або лішніх малых, можа падсадзіць іх да менш пладавітай мамы. Трусы вельмі тонка ўлоўліваюць пахі і не любяць старонніх, таму пальчаткі перад “рэвізіяй” шаруюць травой або сенам. Ёсць у іх і пачуццё дому. Аднойчы падыходзіць Вольга Дзмітрыеўна да сядзібы і заўважае на аўтобусным прыпынку чараду трусоў. Яшчэ пасмяялася сама сабе, маўляў, сабраліся ехаць зайцамі. Тады нават і не падумала, што гэта яе звяркі ўцяклі з незачыненага загону. Злавіць іх аказалася нерэальным, ужо махнула рукой – будзь што будзе. А да вечара ўсе самі сабраліся ў загон за харчаваннем.

У свеце налічваецца 200 парод трусоў.

Дыетычны халадзільнік

“Мая серабрыстая прыгажуня, афарбоўка гэтай пароды праявілася толькі ў пятым пакаленні, так было і з аблавухім баранам. А вось рыжая веліканша-фландр, а белыя з чорнымі носікамі і вушамі – каліфарнійцы, – Вольга Дзмітрыеўна з замілаваннем паказвае сваіх гадаванцаў. – Я аматар, спецыяльна скрыжоўваю розныя пароды, галоўнае, каб не было роднасных сувязяў. Тых, хто праявіць сябе – прынясе і выкарміць 8-10 малышоў, пакідаю. Трусы пладавітыя, 4-5 памётаў за год даюць. Заўважыла, што самыя лепшыя мамы – шэрыя – савецкія шыншылы. Трусак больш года не трымаю, на зіму пакідаю галоў 10, ну а летам іх зноў больш за сотню. Пяць месяцаў – і на забой. Выгадна. Недарэмна іх называюць жывым халадзільнікам. Заўсёды пад рукамі 2-3 кілаграмы чыстага мяса, прычым – дыетычнага. Праблемы з печанню, сэрцам, ці як у мяне цукровы дыябет – раяць ужываць менавіта трусяціну, якая, дарэчы, з’яўляецца адной з самых дарагіх. Я не прадаю. Тушонкі вельмі смачныя атрымліваюцца, дзецям аддаю. Гатую па-рознаму, але для сябе люблю проста ў супе з кіслай капустай.

Парада ад В.Палонскай: Існуе спецыяльны трусіны камбікорм, але не заўважыла розніцы са свіным, які танней, таму далучаю ў рацыён менавіта яго. Птушыны трусам даваць нельга.

З вялікім патэнцыялам…

Аб звычках хатніх зайцаў Вольга Дзмітрыеўна можа расказваць гадзінамі, хоць упершыню знаёмілася з імі ўжо дарослай. Карэнная палачанка, яна не трымала нават дэкаратыўных, і сутыкнулася з вушастымі, калі апынулася па размеркаванні на Ушацкім агароднінасушыльным заводзе і выйшла замуж. Свякроў Ніна Іванаўна Палонская не толькі трымала трусоў, але і з’яўлялася старшынёй таварыства трусаводаў, якое існавала пры Ушацкім райспажыўсаюзе. Здавалі ўзносы, прапагандавалі пароды, і мелі льготы пры паступленні спецыяльных камбікармоў або маглі абмяняць футра на іншы тавар.

“Трус – не толькі каштоўны мех, але і 3-4 кілаграмы лёгказасваяльнага мяса…”. Эстрадны нумар – інтэрв’ю са старшынёй калгаса можа і выкліча смех з-за фабулы і манеры выканання, а вось актуальнасць у наш час гэтая фраза страціла цалкам, таму што шкуркі трусоў, на жаль, нарыхтоўшчыкі не прымаюць, і сапраўды каштоўны мех гаспадары выкідваюць. У 60-я ж гады, закуплялася каля 56 мільёнаў шкурак. А з пуху спецыяльных парод пралі пражу і вязалі цёплыя хусткі, шапкі і рукавіцы. Уся дзятва ў такіх хадзіла. Так што трусы з’яўляліся самай рэнтабельнай хатняй жывёлай. У спецыялізаваных гаспадарках яна складала 38 працэнтаў.

Па складзе вітамінаў і мінералаў трусяціна не параўнальна ні з адным іншым мясам. Абсалютны рэкардсмен па дыетычнасці.

…і абавязковымі прышчэпкамі

Ёсць і яшчэ адзін негатыўны момант ва ўтрыманні хатніх зайцаў. Яны вельмі баяцца вірусных інфекцый і хутка выміраюць сем’ямі. “Аднойчы нікога не было дома, а трусы захварэлі і тэрмінова трэба было біць, – расказвае Вольга Дзмітрыеўна. – Я “выратавала” мяса васьмі вялікіх звяркоў, але атрымала такі стрэс. З тых часоў выклікаю сына, калі вырасла чарговая партыя, а трусоў абавязкова вакцыную. Гэта адзіны надзейны спосаб захаваць пагалоў’е. Хаця быў аднойчы выпадак, калі хворую самку выпусціла паміраць на волю. А праз дзень мяне нехта тузгае за калашыну. Труска ачуняла – жывёла ведае лекавыя траўкі – і прасіла есці, потым пракалола ёй антыбіётык, і ўсё абышлося. Аднак гэта доўгі працэс, лепш падстрахавацца загадзя.

* * *

Калі спраецыраваць усё пачутае на нас, то год павінен быць спакойным, прыбытковым, з вялікім патэнцыялам уласных магчымасцяў. Толькі не забудзьцеся правакцынавацца – трус наглядна пераконвае ў адзіным выйсці супраць вірусаў. Наш астролаг раіць таксама ніколі не заракацца. Сама яна вось ні за якія грошы не збіралася трымаць коз, а калі аддалі невялікую на мяса, якая аказалася котнай, так прывыкла, што рагуля займае зараз цёплае месца побач з любімымі трусамі і дае карыснае малако.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *