«Яд, які не дзейнічае адразу, не становіцца меней небяспечным», – папярэджваў калісьці нямецкі філосаф Лесінг. Сапраўды, курэнне паступова разбурае здароўе бесклапотных курцоў. У чым жа яго небяспека?
Нікацін адносіцца да моцных раслінных ядаў. Яго смяротная доза – 80-120 міліграм. Нават пры выкурванні адной пачкі цыгарэт за кароткі час можа наступіць цяжкае атручванне і нават смерць. Штогод ва ўсім свеце тытунь забівае каля пяці мільёнаў людзей (адзінаццаць тысяч чалавек штодзень). У Беларусі з усіх выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў кожны трэці звязаны з курэннем. Аматары тытуню скарачаюць сабе жыццё на пяць-дзесяць гадоў.
Многія курцы лічаць, што гэтая шкодная прывычка дапамагае канцэнтрацыі ўвагі і хуткаму рашэнню інтэлектуальных заданняў. Аднак стымуляцыя нервовай сістэмы нікацінам прыводзіць да аслаблення энергетычных магчымасцяў мозгу.
Дзеці, чые бацькі кураць, падвяргаюцца розным інфекцыям дыхальных шляхоў. У іх павышаецца рызыка развіцця сіндрому раптоўнай смерці, паніжаецца імунітэт. Такія дзеці марудней, у параўнанні са сваімі аднагодкамі, развіваюцца як разумова, так і фізічна.
Асабліва дрэнна курэнне адбіваецца на развіцці дзяцей і падлеткаў. Іх арганізм больш успрымальны да нікаціну, пад яго ўздзеяннем хутка пагаршаецца зрок (адчувальнасць сятчаткі вачэй у дзяцей вышэйшая, чым у дарослых), зніжаецца слых і нюх.
Выяўлена сувязь курэння з узнікненнем эпілептычных прыпадкаў.
Кожны раз, калі захочацца курыць, зрабіце глыбокі ўдых, расслабцеся. Выпіце шклянку вады або травяной гарбаты (з чабору, шалфею, палыну), фруктовага соку. З’ешце яблык або моркву. Пасмакчыце лядзяш. Устаньце і крыху пахадзіце. Успомніце непрыемныя адчуванні ад вашай першай выкуранай цыгарэты. Нейкі час пазбягайце калектыву, дзе кураць. Калі хтосьці прапануе закурыць – адмоўцеся, адчуеце пры гэтым сваю сілу.
Калі вы не справіцеся з сабой і закурыце зноў – не падайце духам, з новымі сіламі пачніце ўсё спачатку!
Т.ЖЫЛКО,
урач псіхіятр-нарколаг Ушацкай ЦРБ.