Нізкі асартымент у магазінах Ушацкага філіяла, падключэнне электраацяплення, пераразмеркаванне маладога спецыяліста – гэтыя і іншыя пытанні разгледзеў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка падчас правядзення прыёму грамадзян ва Ушачах 28 снежня. Усяго да спікера звярнулася 7 чалавек.
Старэйшына вёскі Дарошкавічы агучыў пытанне, якое апошнім часам хвалюе многіх жыхароў раёна – надзвычай нізкі асартымент у гандлёвых кропках Ушацкага філіяла. І калі ў гарпасёлку грамадзяне могуць пайсці ў крамы іншых сетак, то вяскоўцы абмяжоўваюцца тым, што ёсць у аўтамагазінах. А ў іх няма грэчкі, сыру, беларускіх цукерак, фруктаў, селядзец – рэдкасць, з мясных вырабаў толькі вараная каўбаса ды зельц. Малочка таксама не ў асартыменце. “Што казаць пра аўтакрамы, калі і ў “ПраЗапасе” ў самым цэнтры гарпасёлка да навагодняга стала не купіш мандарынаў”, – абазначыў сітуацыю В.І.Стукан, падмацаваўшы заўвагі фатаграфіямі паўпустых паліц у Селішчы – магазін знаходзіцца на ажыўленай трасе.
Уладзімір Паўлавіч падкрэсліў, што ў курсе сітуацыі. Такое ж пытанне грамадзяне ўзнімалі падчас прыёму ў Докшыцах. Тэма балючая для ўсёй Віцебскай вобласці, бо ў паўночным рэгіёне самая вялікая колькасць населеных пунктаў па краіне – 6,2 тысячы. У шэрагу з іх зусім нямнога жыхароў. Адпаведна, на аблспажыўкааперацыю кладуцца вялікія выдаткі. Разам з тым, трэба знаходзіць нейкія рашэнні на месцах, рабіць стаўку на прыбытковыя напрамкі арганізацыі, напрыклад, нарыхтоўчую дзейнасць, перапрацоўку. Прадстаўнікі аблспажыўтаварыства, якія былі запрошаны на прыём, патлумачылі сітуацыю няпростым фінансавым становішчам, а ў большасці выпадкаў вытворцы патрабуюць поўную перадаплату за тавар, таму часам і ўзнікаюць перабоі.
“Зрэагуйце на сітуацыю, прыміце меры, каб людзі былі з патрэбнымі таварамі”, – даручыў Уладзімір Андрэйчанка кіраўніцтву аблспажыўтаварыства.
Яшчэ адно агучанае пытанне жыхаром Дарошкавіч датычылася дзейнасці лясгаса. Прадпрыемства праводзіла работы па нарыхтоўцы драўніны ў наваколлі вёскі. У выніку лесавозы пашкодзілі дарогу праз населены пункт. Рашэнне гэтай праблемы адкладзена да вясны, калі з’явіцца магчымасць аб’ектыўна ацаніць стан дарогі.
Пытанне аб пераразмеркаванні дачкі ў Віцебскую вобласць прывяло на прыём навапалачанку. Выпускніца ветакадэміі накіравана ў Петрыкаўскі раён Гомельшчыны, але вельмі хацела б працаваць у сваім рэгіёне. Прапанаваны на прыёме варыянт для заяўніцы – пераразмеркаваць выпускніцу ва Ушацкі раён у райветстанцыю – быў успрыняты з радасцю.
За дапамогай па пытанні спагнання запазычанасці з аднаго сельгаспрадпрыемства Бешанковіцкага раёна за аказаныя паслугі па грузаперавозках збожжа і зялёнай масы звярнуўся індывідуальны прадпрымальнік з Ушач. Вярнуць доўг мужчыне не ўдаецца, дапамагчы павінны па даручэнні нашага дэпутата ў Бешанковіцкім райвыканкаме ў першым паўгоддзі 2023 года.
Яшчэ двое грамадзян звярнуліся да У.П.Андрэйчанкі з пытаннямі якія датычыліся падключэння электраацяплення і зямельнага заканадаўства.
А вось сям’я Карэйша з гарпасёлка (на здымку), у якой выхоўваецца чацвёра дзетак, прыйшла на прыём не з праблемай, а ўдзячнасцю за дзяржпадтрымку, якая аказваецца мнагадзетным сем’ям пры будаўніцтве жылля: “Сёлета пераехалі ў свой вялікі і ўтульны дом, які пабудавалі за 4 гады. На ўчастку ўжо ёсць і гараж, гаспадарчыя пабудовы, агарод. Усё гэта стала магчымым дзякуючы адчувальнай падтрымцы і льготам, якія прадугледжаны для мнагадзетных”.
Уладзімір Паўлавіч пажадаў маладой сям’і ўсяго добрага, падкрэсліўшы, што такіх мер дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных сем’яў, як у Беларусі, няма ні ў адной іншай краіне былога Савецкага Саюза.
Каменціруючы журналістам вынікі рабочай паездкі ва Ушачы, У.П.Андрэйчанка адзначыў, што на асабістыя прыёмы людзі прыходзяць з рознымі просьбамі, але ўсе пытанні патрабуюць вельмі ўважлівага і аб’ектыўнага разгляду: “Паспяховае развіццё любога рэгіёну залежыць ад таго, наколькі насельніцтва давярае ўладзе і наколькі ўлада адкрыта для насельніцтва. Ва Ушацкім раёне ў гэтым пытанні робіцца многае. Рэгулярна кіраўніцтвам рэгіёну праводзяцца прыёмы і сустрэчы з насельніцтвам, “прамыя лініі”, тым не менш, у людзей ёсць пытанні, з якімі яны хочуць звярнуцца ў вышэйстаячыя органы, і тыя, па якіх патрабуюцца проста тлумачэнні. Мая пазіцыя такая: усе праблемы трэба вырашаць на месцы, каб людзям не даводзілася звяртацца паўторна. Для грамадзян важна быць пачутымі, на Ушаччыне работа з насельніцтвам арганізавана нядрэнна, і яна будзе прадоўжана”.
Вольга КАМАРКОВА.