Благотворительная акция «Наши дети» проходит на Ушаччине

Общество

Чаканы дзень

Гэтага дня ў доме сямейнага тыпу, што ў аграгарадку Арэхаўна, чакалі даўно. Калі пісалі лісты шчодраму Дзеду Марозу, былі ўпэўнены: нават калі сам не заедзе, абавязкова споўніць іх мары.

І сапраўды, права ўручыць хлопчыкам і дзяўчынкам персанальныя падарункі галоўны зімовы чараўнік даручыў сваім надзейным памочнікам: намесніку старшыні райвыканкама Анжаліцы Анатольеўне Міранковай, начальніку аддзела па адукацыі Маргарыце Віктараўне Варава, а таксама дырэктару сацыяльна-педагагічнага цэнтра г.п.Ушачы Таццяне Уладзіміраўне Шарыпенка. Усіх іх ля навагодняй ёлкі – дарэчы, прэзента ад лясгаса – у гэты аўторак сустракалі Анастасія Залатая, яе маленькія выхаванцы.

Прыбраныя і шчаслівыя дзеці чакалі навагодніх сюрпрызаў. А іх у гэты дзень было нямала: цацкі, канструктары, наборы для творчасці, ну і канечне, цукеркі. Зрэшты, і для гаспадыні падарунак знайшоўся. Такім чынам Дзед Мароз аддзячыў жанчыне за ўскладзеную на сябе няпростую ношу – выхаванне сваіх дзетак і тых, што засталіся без апекі бацькоў.

Жаданні збываюцца

Рабочы графік Дзеда Мароза гэтымі снежаньскімі днямі – традыцыйна насычаны. Разам са сваёй унучкай Снягурачкай, работнікамі ТЦСАН Ушацкага раёна, іншымі памочнікамі перш наперш спяшаўся ён па адрасах маленькіх інвалідаў.

Слава Карабань з гасцямі.

У рамках дабрачыннай акцыі “Ёлка жаданняў”, аб’яўленай раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, такія дзеці напісалі лісты, у якіх расказалі пра свае сціплыя, аднак запаветныя мары. Так, напрыклад, Ваня Асяпёнак з вёскі Кляпцы Кубліцкага сельсавета, якога выхоўвае бабуля, папрасіў музычную калонку; Злата Смаргун, што прыехала на канікулы ва Ушачы, – лазневы халацік. З набыццём такіх рэчаў зімоваму чараўніку дапамаглі калектывы ДРБУ-105 і ЦБП №221 “ААБ Беларусбанк”. Не абышлося, вядома, і без ласункаў – яны куплены за сродкі прыгаданага вышэй грамадскага аб’яднання.

Сустракалі гасцей і ў мнагадзетнай сям’і Карабань з вёскі Градзянец. 13-гадовы Слава даўно хацеў сучасную калонку – каб і дома з брацікам ды сястрычкай канцэрты наладжваць, і на вуліцу пад музычнае суправаджэнне з сябрамі выходзіць. І такую мару напярэдадні Новага года хлопчыку дапамаглі ажыццявіць работнікі ЦБП №237 ААТ “Белаграпрамбанк” у г.п.Ушачы. Яго начальнік Дзіна Міхайлаўна Садоўская, якая прывезла для ўсіх яшчэ і пачастункі, пажадала дзеткам шчаслівых, насычаных усмешкамі будняў, поспехаў у вучобе. У знак удзячнасці Слава са сваёй матуляй прыгатаваў для гасцей святочны пірог. Як толькі ж развіталіся, з азартам пачаў асвойваць новую тэхніку…

Навагоднія віншаванні прымалі гэтымі днямі і многія маладыя людзі з інваліднасцю. У госці да іх у рамках акцыі “Цуды на Каляды” прыехалі прадстаўнікі райкама БРСМ, якія перадалі падарункі ад неабыякавых землякоў: работнікаў раённага аддзела Следчага камітэта, газавай службы, інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. Традыцыйна не засталіся ўбаку ад годнай справы і ў раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза дзяржаўных і іншых органаў – за яе сродкі набыты салодкія наборы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *