105-летие со дня образования отмечают органы ЗАГС Республики Беларусь

Общество

Тут пішацца наша жыццё

За самымі важнымі дакументамі людзі звяртаюцца ў загс – засведчыць нараджэнне дзіцяці, заключыць шлюб, аформіць усынаўленне, устанавіць бацькоўства, змяніць імя, зарэгістраваць смерць. Менавіта гэтая служба вядзе нас па жыцці, скрупулёзна запісваючы, як главы ў рамане, кожны пройдзены этап. 

Кропкай адліку ў дзейнасці органаў загса лічыцца 18 снежня 1917-га, калі з устанаўленнем савецкай улады быў прыняты Дэкрэт “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану”. Паступова на змену аддзелам запісаў шлюбаў і нараджэнняў прыйшлі бюро загса, а ў верасні 1975-га – аддзелы загса пры райвыканкамах. Ва Ушацкім раёне архіўны фонд часткова захаваў дакументы даваеннага перыяду – за 1928-1929 гады. Запісы ў іх рабіліся выключна на беларускай мове. У той час было ў нас 14 сельскіх Саветаў, якія таксама выконвалі функцыі органаў загса, – з іх удзелам у 1928-м толькі нараджэнняў зарэгістравана 1485. Для параўнання: летась аддзелам і 7 сельвыканкамамі іх аформлена 90.

Поўны архіўны фонд ушацкага загса пачынае сваю гісторыю з 1944 года. З 1994-га аддзел займае першы паверх сучаснага трохпавярховага будынка практычна ў цэнтры Ушач (дагэтуль – у прыстасаваных памяшканнях: драўляным доме з пячным ацяпленнем, Доме культуры, райвыканкаме).

Так, многае змянілася за гэтыя 105 гадоў. Аднак нязменным засталося адно – вернасць высакароднай справе спецыялістаў загса. У аддзеле ў розныя гады плённа працавалі Надзея Сямёнаўна Марчанка, Вольга Аляксееўна Курусёва, Вольга Уладзіміраўна Сырэль, Раіса Мікалаеўна Коршун, Ганна Карлаўна Лышко, Алена Мікалаеўна Малашчанка. У сельскай мясцовасці запісам актаў грамадзянскага стану доўгі час займаліся сакратары сельвыканкамаў: Вольга Анатольеўна Іванковіч (Вяркуды), Вера Фёдараўна Сляпуха (Глыбачка), Ганна Міхайлаўна Клопава (Жары), Таццяна Аляксандраўна Дрозд (Дубраўка).

 

На тыдні – юрыст, па суботах – артыст

Вы пазнаёміліся з кароткай афіцыйнай гісторыяй загсаў. А вось як выглядае суб’ектыўная – праз успаміны асоб, для якіх гэтая абрэвіятура стала неад’емнай часткай жыцця.

Вольга Уладзіміраўна Сырэль, начальнік з 1981 па 2005 год.

– Памяшканне ў 15 метраў на другім паверсе РДК, якое невядома як знаходзілі людзі, бо ніякай шыльды на першым паверсе не было, толькі на дзвярах. З мэблі – стол, сейф і шафа для архіву. З тэхнічных сродкаў – друкарская машынка, шарыкавая ручка і бабінны магнітафон з маршам Мендэльсона. Дывановую дарожку на плячо – і спускаешся ў фае, дзе праходзілі рэгістрацыі шлюбаў. Потым пераапранаешся ў святочную вопратку і нясеш не менш важкі магнітафон. А потым – у зваротным парадку. Аднойчы не ўтрымала, і ён грукнуўся аб ступенькі. Добра, што муж выдатна разбіраўся ў радыёэлектроніцы і да наступнай суботы адрамантаваў.

Шлюбаў раней было намнога больш, чым зараз: летам нават па сем у адзін дзень, зімой зацішней, а май на Ушаччыне – канікулы. Маладых для большай урачыстасці заўсёды віншаваў дэпутат пасялковага Савета, а культработнікі сустракалі гасцей на парозе караваем, арганізоўвалі цікавую праграму пасля роспісу: са спавіваннем лялькі і іншымі забаўляльнымі конкурсамі. Нярэдкімі былі накладкі: у зале трансліруюць фільмы са стрэльбамі, а ў нас гучыць марш, ці роспіс праходзіць на фоне снапоў і караваяў, бо паралельна ідзе ўшанаванне аграрыяў. Пазней у моду пачало ўваходзіць святкаванне ва ўрачыстай абстаноўцы юбілейных вяселляў. Прычым, рабілі іх не толькі ў коле родных сталай пары. Бывала, спецыяльна запрашалі і маладых, якія гадзінай пазней рэгістравалі свой шлюб.

В.Жураўская, В.Сырэль, А.Каваленка.

На тыдні – юрыст, па выхадных – артыст. Менавіта такая спецыфіка работы, нязручны графік, а таксама маленькія зарплаты не затрымлівалі надоўга спецыялістаў, таму працавалі людзі з рознай адукацыяй. Дакументаабарот, як і наогул фронт работ, наадварот, у загсе вельмі вялікі.

Ну а самай памятнай падзеяй для мяне стала, канечне, адкрыццё асобнага будынка загса, якое адбылося ў канцы 1993 года. Раней практычна ў кожным раёне яны знаходзіліся ў прыстасаваных памяшканнях, а якім павінна быць, я глядзела падчас семінараў у Мінску, Вільнюсе. Так сумесна з будаўнікамі і “праектавалі” загс – з урачыстай залай, пакоем для маладых. У гэты час дэфіцытным было літаральна ўсё, нават за штучнымі кветкамі для ўпрыгожвання ездзілі ў сталіцу.

Часта прыходзіла ў загс, калі знаходзілася на пенсіі, і радавалася светламу, стыльнаму пасля рэстаўрацыі памяшканню, артыстысным “выступленням” дзяцей, што ўдзельнічалі ў рэгістрацыі. І жадаю наступным пакаленням толькі аднаго – каб было іх як мага больш.

Рыцарскае вяселле.

Усё пачынаецца з сям’і

Алена Мікалаеўна Малашчанка, начальнік з 2005 па 2022 год.

– Літаральна кожнае вяселле імкнуліся зрабіць індывідуальным і непаўторным, абавязкова з беларускімі народнымі традыцыямі. Для памочнікаў, сярод якіх у свой час былі і мае дзеці, пашылі спецыяльныя касцюмы, вывучылі абрады, а славуты калектыў “Бяседа” падзяліўся запісамі ўсіх сваіх песень, нават тых, якіх не было на дысках. Выкарыстоўвалі шмат сімвалічных элементаў: маладыя пілі крынічную ваду, трымалі рукі на зярнятках, як сімвал чысціні адносін і дастатку ў сям’і. А з якім хваляваннем думалі, на якую дарожку ступіць падчас бяспройгрышнага “конкурсу” выбару свайго лёсу. Папулярнымі станавіліся роспісы не ў сценах загса: на пірсе ў “Лясных азёрах”, на аднаўленчым цэнтры на Вечаллі. Здаралася, што і пад парасонамі. Дарэчы, для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства я паказвала звычайную нашу рэгістрацыю, хоць калегі наймалі прафесійных артыстаў і фатографаў, а першае месца прысудзілі нам. Неаднойчы было яно і на абласным узроўні.

Аднак самай асноўнай задачай загсаў заўсёды лічыла асветніцкую дзейнасць, прапаганду моцных і паважлівых адносін у сям’і. Таму часта пачалі праводзіць залатыя, рубінавыя і іншыя вяселлі. І не чакалі, калі нехта прыйдзе, перабралі архіўныя дакументы сельвыканкамаў, зрабілі спіс сямей, якія пражылі разам шмат гадоў, угаворвалі іх, вывучалі біяграфію, выходзілі на арганізацыі, у якіх раней працавалі людзі, падарункі для іх рыхтавалі таксама прадстаўнікі “Белай Русі”, прафсаюзных і ветэранскіх арганізацый. Атрымлівалася шчымліва да слёз, а потым пра гэтыя сем’і расказвалі на старонках газеты, разам з “Патрыётам” праводзілі конкурсы на цікавейшую гісторыю знаёмства.

Залатое вяселле сям’і Папко.

І іншыя людзі ведалі пра такія паслугі загса. Аднойчы ў 16 гадзін зімовага дня дзверы адчынілі масквічы, патлумачылі, што ў бацькоў залатое вяселле, і папрасілі яго правесці ў гэты ж вечар… Праз гадзіну сустракалі гасцей у зале пры свячах (у памяшканні яшчэ і прапала электрычнасць). Няхай і вярнуліся дамоў позна, аднак кліенты былі задаволены. Выязджалі для святкавання юбілейных вяселляў на доме, праводзілі ўрачыстыя рэгістрацыі нараджэння дзяцей. Усё гэта патрабуе шмат дадатковага часу, таму найбольш шырока займаліся творчасцю, прапагандай сямейных каштоўнасцяў, калі ў мяне быў адказны надзейны памочнік – галоўны спецыяліст загса Ганна Карлаўна Лышко. Бо пераважная наша работа – руцінная, з дакументамі, якая і адымае больш за ўсё часу. І вялікі дзякуй за супрацоўніцтва хачу сказаць літаральна ўсім кіраўнікам спраў сельвыканкамаў, былым начальнікам загса, пажадаць здароўя, шчасця і няхай як мага болей сямей адзначаюць свае залатыя вяселлі. Усё пачынаецца з сям’і. Гэта не проста словы, а аснова трывалага грамадства.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *