Коллектив ЦБУ №221 ОАО «АСБ Беларусбанк» принимал поздравления и награды в честь 100-летнего юбилея банка

Общество

Першая ашчадная каса была адкрыта ў Мінску 26 снежня 1922 года. Гэтая дата і лічыцца днём нараджэння старэйшага банка краіны – “Ашчаднага банка Беларусбанк”. Менавіта на стагоддзе фінансавай установы і адбылася ўрачыстасць у цэнтры банкаўскіх паслуг №221, калектыў якога спецыяльна сабраўся ў актавай зале перад пачаткам рабочага дня.

Павіншаваць юбіляраў завітала намеснік старшыні райвыканкама В.Л.Хамёнак. Валянціна Леанідаўна адзначыла прафесійную работу калектыву, ветлівасць пры абслугоўванні кліентаў, якім з’яўляецца і сама, а таксама ўручыла Ганаровую грамату райвыканкама старэйшаму работніку цэнтра – Ніне Мікалаеўне Алексеенак.

“Каманда прафесіяналаў – гэта пра нас!”, – ва ўступным слове дырэктар ЦБУ Жанна Валянцінаўна Шаўчэнка расказала пра гісторыю станаўлення банка, асабліва падкрэсліўшы, што поспех любой арганізацыі – у згуртаванасці яе калектыву. Сведчыць пра гэта і стаж работнікаў установы: больш 34 гадоў ён у Святланы Аляксандраўны Барысёнак, 31 – у кіраўніка аперацыйнага аддзела Ірыны Іванаўны Лемеш. Толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы спецыяліста Алены Леанідаўны Клачок (31 год), загадчыцы сектара карпаратыўнага і рознічнага бізнесу Наталлі Савельеўны Шук (18). Усім названым спецыялістам, а таксама Ж.В.Шаўчэнка за шматгадовую добрасумленную працу былі ўручаны нагрудныя знакі “Беларусбанк – 100 год”.

Заўсёды падпарадкоўваюць асабістыя інтарэсы вытворчым літаральна ўсе члены невялікага, у складзе 11 чалавек, калектыву, у якім ёсць і адзіная шматдзетная маці. Спецыялісту Аксане Фёдараўне Шэўчанка падарунак уручыла старшыня пярвічкі Беларускага саюза жанчын Наталія Васільеўна Падвойская. Асобна віншавалі ў гэты дзень Валянціну Андрэеўну Сініцу, дзень нараджэння якой супадае з імянінамі банка. Закончылася ж імпрэза за салодкім сталом, дзе пачэснае месца займаў спецыяльна заказаны святочны торт. Прыгадвалі ветэранаў вялікага раней калектыву, свае гісторыі, у якіх раскрываюцца розныя перыяды развіцця банка. Прапануем вашай увазе некалькі ўспамінаў былых і сённяшніх работнікаў установы.

Ніна Міхайлаўна Дук – загадчыца філіяла з 1984 па 1995 год:

– Памятаю, як у 1987 годзе ўпершыню пачалі выдаваць крэдыты прадпрыемствам, на будаўніцтва кааператыва №3 на Віцебскай, і вельмі вялікія на індывідуальнае будаўніцтва – пазней інфляцыя ператварыла кошт катэджа ўсяго ў сто долараў. Валюту, дарэчы, мы тады не прадавалі наогул.

Пры мне выкупілі і першы паверх у маласямейным доме ПМК-66 па Фрунзэ пад асобнае памяшканне банка, літаральна ўсё, нават падлогу клалі самі. Працавалі мы добра, неаднойчы па паказчыках атрымлівалі пераходны сцяг нават саюзнага значэння. Дарэчы, калі СССР распаўся, ён і застаўся ў нас.

Ушацкая ашчадная каса працавала і да вайны, аднак звесткі пра гэты перыяд адсутнічаюць, адноўлена 27 ліпеня 1944 года. З 1966 года кіраўнікамі былі Ігнат Трыфанавіч Коршун, Зінаіда Якаўлеўна Клопава, Надзея Сямёнаўна Марчанка, Ніна Міхайлаўна Дук, Крысціна Мечыславаўна Шабанава, Наталля Рыгораўна Дубоўская, Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка.

Ніна Мікалаеўна Алексеенак, спецыяліст 2 катэгорыі:

– У аддзяленне вёскі Касары я прыйшла працаваць ў 1986 годзе. Адкрыта яно было цэлы дзень, кліентамі з’яўляліся літаральна ўсе дарослыя жыхары вялікай вёскі, а па ашчадных кніжках можна было прасачыць усе значныя падзеі сям’і. Нараджаліся дзеці – на іх адкрываўся рахунак, вяселле – маладым традыцыйна дарылі суму, на працэнтах ляжалі грошы, сабраныя на провадах для юнакоў, якія ішлі ў армію. Таксама на рахункі пералічала сродкі за здадзеную жывёлу гаспадарка, і яны ў вяскоўцаў былі вялікія. Памятаю, не здымаючы наяўных, праз спецыяльныя каштоўныя паперы двое аднавяскоўцаў купілі кватэры ў Полацку, брала крэдыт сям’я, якой крыху не хапала на апошнюю мадэль “Масквіча”. Пазней на рахунак пачалі пералічаць зарплаты – спачатку вадзіцелям, потым іншым работнікам.

В.Хамёнак, Н.Алексеенак.

Крысціна Мечыславаўна Шабанава, дырэктар філіяла з 1996 па 2005 год:

– 30 жніўня 1995 года Ашчадны банк краіны злучыўся з камерцыйным “Беларусбанкам” і рэарганізаваны ў ААТ ”Ашчадны банк Беларусбанк”. З таго часу мы ўпершыню прынялі на абслугоўванне карпаратыўных кліентаў, работу з якімі вяла Дзедушкевіц Леангіна Марьянаўна. Банк пачаў ажыццяўляць валютна-абменныя аперацыі. У 1999-м нам выдзелілі сродкі на будаўніцтва, якія мы асвоілі ў кароткія тэрміны пад кантролем Аляксандра Андрэевіча Слашчова, і ў пачатку 2000-га справілі наваселле ў новым памяшканні, якое стала ўпрыгожаннем гарпасёлка, зручным як для работы спецыялістаў, так і для кліентаў. Шчыра віншую ўвесь калектыў і ветэранаў з юбілеем, няхай нам усім спрыяе ўдача.

Да стагоддзя ўстановы арганізацыя “Беларускага саюза жанчын” Беларусбанка выпусціла кнігу “Я. Мы. Помнім”, у якой сабраны ўспаміны пра родных супрацоўнікаў, якія прайшлі дарогамі вайны.

Жанна Валянцінаўна Шаўчэнка, дырэктар ЦБУ з 2014 года:

– Наш банк ва ўсе часы выконваў дзяржаўную сацыяльную палітыку, у прыватнасці па льготным крэдытаванні будаўніцтва кватэр. Калі я прыйшла працаваць у 2000-м годзе, асобна вяла індывідуальных забудоўшчыкаў. Не надта многа іх было, у адрозненні ад членаў жыллёва-будаўнічых кааператываў, з якімі, зразумела, працавалі ўсе работнікі крэдытнага аддзела. Памятаю, як афармленне дакументаў ЖБК №5 не спынялася двое сутак запар: усе супрацоўнікі, уключаючы загадчыка аддзела Наталлю Уладзіміраўну Жогаль, дырэктара Крысціну Мечыславаўну Шабанаву, юрыста Ірыну Уладзіміраўну Лапёнак, начальніка службы бяспекі Міхаіла Мікалаевіча Сабіна прымалі кліентаў па графіку без перапынкаў на абед і сон. І вось вырас цэлы мікрараён на Віцебскай, пабудавана шмат індывідуальных дамоў, ушачане правялі і працягваюць рэканструкцыю прыватных сядзіб і іх газіфікацыю – усе гэтыя станоўчыя моманты сталі рэчаіснасцю з удзелам “Беларусбанка”.

Пераводзілі ўсю базу на “лічбу”, у 2003-м адкрыты першы карт-рахунак, устанавілі інфакіёскі, у 2005-м – банкамат, у 2021 – перайшлі на адзіны баланс. Удасканальваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, якія дазваляюць, не выходзячы з дома, здзейсніць любы плацеж, перавод, аформіць картку, рахунак ці крэдыт. ЦБУ вядзе актыўную работу з юрыдычнымі асобамі, выдае крэды ў тым ліку ў рамках рэалізацыі Праграмы падтрымкі суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Штогод павялічваецца колькасць паслуг, прадуктаў і з усім гэтым спраўляюцца нашы спецыялісты-ўніверсалы. За 100 год адбыліся вялікія перамены як ў структуры, так і ў перааснашчэнні банка, але нязменным прыярытэтам у нашай рабоце былі, ёсць і будуць інтарэсы кліента.

Хочацца выказаць вялікую падзяку кліентам і сябрам банка за вернасць духу партнёрства, сённяшнім работнікам – за іх уклад у нашу агульную справу, а ветэранам – за закладзены фундамент і высокую планку, якую мы не маем права зніжаць, а толькі павышаць. Жадаю ўсім моцнага здароўя, цяпла і спагады ў сем’ях, мірнага неба, фінансавага дастатку. Яшчэ раз віншую ўсіх з юбілеем, Новым годам, а таксама надыходзячым Днём банкаўскіх і фінансавых работнікаў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *