В Ушачах вновь открылось кафе «Европа»

Общество

Пасля працяглага перапынку 24 снежня зноў адчынілася кафэ “Еўропа”. Яно стала яшчэ больш утульным, асабліва ў навагоднім убранні. Работнікі Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства спецыяльна зрабілі вялікі гадзіннік, на падаконніках зіхацяць ёлачкі, падсвет – па ўсёй зале, а стулы заменены на новыя ўтульныя канапы. Куплена і сучасная музычная апаратура, якой кіруе сам Дзед Мароз.

С.Первянёнак, І.Гірсёнак, С.Свяжынская.

Напярэдадні зроблены касметычны рамонт памяшкання, а вось інтэр’ер застаўся ранейшы, паколькі спецыяльна распрацаваны прафесійнымі дызайнерамі. Быццам знаходзішся ў старадаўнім горадзе – аркі-карціны на сценах асвятляюцца такімі ж даўнейшымі ліхтарамі, а насупраць “адбіты” кабінкі са столікамі. Невялікія кампаніі не замінаюць адна адной, можна адзначаць карпаратывы ці іншыя ўрачыстасці, хапае месца для танцаў, а вось для аматараў спеваў з’явіліся новыя магчымасці – у кафэ цяпер ёсць караоке, тэкст песні з’яўляецца на вялікім плазменным маніторы.

У першы дзень усе месцы ў кафэ былі заняты, а выручка склала каля 800 рублёў. Мяркуем, што яно будзе такім жа запатрабаваным і надалей. Уваходны білет каштуе 10 рублёў, пяць з якіх ідзе ў аплату заказу.

Зала, уключаючы стулы за барнай стойкай, разлічана на 25 месцаў. Што датычыцца меню, то яно па цэнах, якіх не знойдзеш ні ў адным падобным гарадскім кафэ. Цэннік больш чым дэмакратычны, як, дарэчы, і ва ўсіх кропках грамадскага харчавання філіяла. Паколькі кафэ працуе толькі тры вечары на тыдні, абслугоўваюць кліентаў людзі, якія маюць пастаяннае месца работы: бармэн Святлана Свяжынская, афіцыянт Сняжана Первянёнак дзіджэі Ігар Гірсёнак і Яўген Зуеў.

А вось повары засталіся нязменнымі, якія гатавалі стравы, нават калі кафэ было зачынена для наведвальнікаў. Менавіта Вольга Броўка і Алена Міхаль рыхтуюць галубцы, шаурму, хачапуры, клёцкі, пячоначныя тарты, заліўное і некаторыя іншыя стравы, якімі гандлююць у кулінарыі і другіх магазінах філіяла.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *