Традыцыйна 19 мая – у Дзень піянерскай дружбы —праходзіць урачыстасць, удзел у якой прымаюць лепшыя піянеры Ушаччыны. Гэты год не стаў выключэннем: утульная актавая зала Ушацкай сярэдняй школы гасцінна расчыніла дзверы перад дэлегатамі дзіцячых і маладзёжных арганізацый устаноў адукацыі раёна.
Піянеры сабраліся разам, каб падвесці вынікі работы раённай арганізацыі БРПА за мінулы год і вызначыць накірункі на наступны. Былі абвешчаны лепшыя піянерскія дружыны Ушаччыны, якія на працягу года праяўлялі сябе як самыя ініцыятыўныя, смелыя і актыўныя. Граматы цэнтра пазашкольнай работы пераможцам конкурсаў і праектаў уручыла старшыня раённай піянерскай арганізацыі А.П.Футарман, а галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Г.П.Гайко пажадала піянерам аптымізму і поспехаў. Прысутнічалі на свяце і ганаровыя госці – старшыня раённага савета ветэранаў У.М.Малаткавец і ветэран працы Г.А.Барадулька, якія павіншавалі юных ушачан са святам.
Сумаваць піянеры не прывыклі. Доказам гэтага сталі іх яркія выступленні падчас конкурсу піянерскай песні, які адбыўся адразу пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства. Па выніках няпростай барацьбы трэцяе месца дасталося Маргарыце Федарэнка (Плінская школа), другое – дуэту Аляксандры Харашкевіч і Уладзіслава Грака (Кубліцкая), а на першае месца выйшлі адразу дзве ўдзельніцы конкурсу – Аляксандра Лях (Глыбачанская) і Дзіяна Герцык (Дубраўская). Прыз сімпатый гледачоў і запрашальны білет на канцэрт групы “Краскі” ад раённага Дома культуры атрымала вучаніца Ушацкай школы Галіна Бурак.
Актыўнымі ўдзельнікамі акцыі “Мы за мір і шчасце на зямлі” сталі вучні Арэхаўскай школы. У гэты дзень яны дарылі людзям кветкі, паветраныя шары і сімвалічных папяровых галубкоў.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.