18 мая — Международный день музеев

Общество

18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. Вось ужо больш за 40 гадоў наш музей народнай славы гасцінна прымае наведвальнікаў. Ён унікальны не толькі сваёй накіраванасцю, але і велічнасцю будынка, аналагічных у Беларусі няма, бо быў узведзены па індывідуальным праекце. Ён адзін з трох у рэспубліцы, які будаваўся спецыяльна пад экспазіцыю музея. З нагоды свята наша размова з дырэктарам музея народнай славы імя У.Е.Лабанка Н.П.БУГАЙ.

– У наш музейны комплекс уваходзіць таксама мемарыяльны комплекс “Прарыў” і сядзіба-музей Васіля Быкава ў Бычках. Сам жа музей складаецца з дзвюх экспазіцый – ваенна-гістарычнай і мастацкай. Калі сказаць коратка, то нашай галоўнай задачай з’яўляецца збор і захаванне музейных прадметаў – арыгінальных фотаздымкаў, рэчаў і іншага. Экспазіцыя, якая асвятляе партызанскі рух у Полацка-Лепельскай зоне, у нас пастаянная, як і мемарыяльная частка выставачнай залы партызанскай карціннай галерэі. Сёння ў асноўных фондах музея 15 тысяч музейных прадметаў – асабістыя рэчы, пісьмы і зброя, якія належалі ўдзельнікам партызанскага руху на Ушаччыне, франтавікам і знакамітым людзям. Больш 7 тысяч адзінак навукова-дапаможных матэрыялаў па гісторыі вайны. Варта дадаць, што пастаянна збіраем матэрыялы і аб сучасным жыцці раёна.
– Якім чынам папаўняюцца фонды?
– Каб узбагачаць экспазіцыю і фонды, трымаем цесны кантакт з ветэранамі, іх дзецьмі, вядзём перапіску з тымі, хто жыве далёка за межамі раёна. Часта звяртаюцца да нас і самі людзі, якія хочуць перадаць музею пэўныя матэрыялы або прадметы.
– Дзейнасць музея грунтуецца на патрыятычным выхаванні, захаванні памяці аб героях і тым складаным часе для нашага народа. Якім чынам удаецца ўтрымліваць і прыцягваць увагу наведвальнікаў?
– Так, наш музей з’яўляецца своеасаблівай патрыятычнай школай выхавання ў першую чаргу для моладзі. Пасля наведвання музея застаюцца не толькі ўражанні, але і веды па гісторыі роднай Ушаччыны. Красавік-май для нас, што называецца, гарачая пара. У гэты час звычайна самая вялікая колькасць наведвальнікаў у сувязі са святкаваннем Дня Перамогі, аднак нельга сказаць, што астатні перыяд года ніхто не заходзіць у музей. За 2010 год праведзена 217 экскурсій, музей гасцінна прыняў 11083 наведвальнікі. А ў 2011 годзе ўжо праведзена 104 экскурсіі. Ва Ушачы прыязджаюць з іншых гарадоў, не раз былі госці з Германіі, вельмі ўражаны былі музеем і мемарыяльным комплексам “Прарыў” маскоўскія школьнікі, якія пабывалі тут нядаўна. Самыя ж частыя наведвальнікі – з Полацка і Наваполацка. Палачане прыязджаюць не толькі на экскурсіі, але і каб прыняць у рады БРСМ новых членаў менавіта ў нашым музеі. Штогод у музеі народнай славы з удзелам ветэранаў праходзіць прыём ушацкіх школьнікаў у рады Беларускай піянерскай арганізацыі. На працягу ўсяго года запрашаем у музей, супрацоўнічаем з працоўнымі калектывамі, стараемся цікава і разнастайна арганізоўваць экскурсіі. Напрыклад, цяпер экскурсаводы праводзяць іх у ваеннай форме.
У выставачнай зале пастаянна працуюць розныя па тэматыцы выставы.
– Пэўна, аказваеце і платныя паслугі?
– Прадастаўляем магчымасць папрацаваць з фондавымі матэрыяламі для напісання курсавых, дыпломных, навуковых работ. Гэта яшчэ і лекцыйная дзейнасць, спецыяльныя тэматычныя экскурсіі, гістарычныя даведкі на заказ.
– Поспех работы залежыць ад усяго калектыву.
– Гэта, безумоўна, так. У нас дружны і зладжаны калектыў, які складаецца з 10 чалавек. Вельмі стараюцца нашы навуковыя супрацоўнікі – маладыя работнікі Н.У.Кулікоўская і І.В.Найдзюк. Больш 38 гадоў працуе ў музеі Г.В.Багдановіч, якая як ніхто ведае яго гісторыю і з’яўляецца галоўным захавальнікам фондаў. З індывідуальнымі наведвальнікамі працуюць наглядальнікі В.П.Вайцяхоўская, якая прысвяціла музейнай справе 25 гадоў, а таксама Н.Г.Гардзіёнак і Д.У.Гваздзёва. Выдатна спраўляецца з усімі гаспадарчымі пытаннямі А.М.Азевіч.
– Прыміце шчырыя віншаванні са святам, поспехаў вам у неацэннай справе, якую вы робіце, аптымізму і дабрабыту. Дзякуй за размову.
Гутарку вяла
В.ПОЛАЗАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *