Днём нараджэння арганізацыі калектыў ДРБУ-105 лічыць 16 снежня, калі ў 1957 годзе ў вобласці ўтварылі 6 міжраённых дарожна-эксплуатацыйных участкаў. Аднак дарогі ў нашай бездарожнай Ушаччыне пачалі аднаўляць і будаваць адразу пасля вызвалення раёна яшчэ ў 1944-м, калі пры райвыканкаме стварылі Дарожны аддзел. Працавала ў ім 8 чалавек, але рамантавалі брусчаткі і гравійкі ўсім светам – кожны дарослы чалавек павінен быў адпрацаваць на аднаўленні дарог па 6 дзён. Будавалі драўляныя масты і такія ж трубы, прасавалі “бабамі” каляіны, устанаўлівалі знакі і засыпалі супрацьтанкавыя рвы. Такімі былі дарожныя віды работ.
◆ Застаць разам усіх трох вадзіцеляў МАЗаў, што з адваламі і адначасова раскідвальнікамі пясчана-гравійнай сумесі чысцяць і падсыпаюць дарогі па ўсім раёне, справа проста нерэальная. Разам яны сустракаюцца на асфальтабетонным заводзе толькі ноччу для пагрузкі, калі здымак не зробіш. Вяртаюцца ж паасобку. Ды і зноў жа з цёмным. Не прыніжаючы заслугі грэйдарыстаў і механізатараў, што працуюць на трактарах з “лапатамі”, менавіта на вадзіцелях самыя ажыўленыя трасы. Дарэчы, сёлета на адзін з МАЗаў устанавілі новую вялікую ёмістасць, у якую ўмяшчаецца 9 кубоў сумесі – удвая больш, чым на іншых. І калі раней дарогу на Зябкі падсыпалі, абавязкова вярнуўшыся на дазагрузку, то дзякуючы новаму абсталяванню зараз робіцца гэта за адзін рэйс.
Мы без іх бездапаможныя
Час для святкавання, нягледзячы на зявяршэнне будаўнічых работ, сёлета аказаўся зусім няўдалы. Лютуе снежань – быццам правярае юбіляраў на трываласць. І як ні планавалі сабраць разам хаця б інжынерна-тэхнічных работнікаў – і то не атрымалася…
Аб тым, што панядзелак акажацца цяжкім, ведалі яшчэ з пятніцы. Падказкі метэаролагаў для будаўнікоў – незаменныя, аднак усё роўна не ведаеш – наколькі. Вось і ў лістападзе адначасна ўтварылася небывалае снежнае покрыва, аднак васьмю адзінкамі тэхнікі з расчысткай спраўляліся. А 12 снежня пасля чарговай порцыі снегу, палітага дажджом, званкі ў дыспетчарскую службу не сціхалі да вечара. У далецкім баку забуксаваў аўтобус, і хоць там працаваў грэйдар, давялося шукаць больш магутную тэхніку, каб выцягнуць яго. Не дайшла аўтакрама да Пяскоў, не паднялася да вёскі Горы-2. І такія выпрабаванні чакалі не толькі ля населенага пункта з гаваркой назвай. Ва ўзгорках, і вельмі крутых, у нас увесь раён. Не з першага разу падымаліся на іх нават магутныя МАЗы. І калі раней на расчыстцы вадзіцелі працавалі на 3-4 перадачах, то ў гэты дзень сунуліся з хуткасцю ўсяго 10-20 кіламетраў. Мала таго, што вялікі слой снегу выпаў, яго яшчэ намяло з палёў і ўтрамбавала. І ўсе гэтыя паведамленні паступалі, нягледзячы на тое, што працавалі хлопцы з трох гадзін ночы. Вось такія іх звычайныя працоўныя будні. А мабыць спецыяльна лютавала надвор’е, каб паказаць, наколькі бездапаможныя мы без іх.
Год выдаўся плённым
Дзейнасць дарожнай службы напрамую залежыць ад фінансавання. Не надта балавалі іх у папярэднія гады, таму і прыбытку, а значыць абнаўлення машыннага парку ў ДРБУ-105 лічы што не было. У лізінг набыты толькі адзін трактар МТЗ-1221, некалькі адвалаў, устаноўка для раскідвання пясчанай сумесі. І тым не менш, леташні і сёлетні гады былі плённымі. У 2021-м асфальтавалі дарогу па Гуце, участак на Матырына, завяршылі выезд на шашу праз Завячэлле, апранулі ў новае палатно цэнтральныя вуліцы гарпасёлка. Сёлета практычна ўсе работы былі на гравійках, аднак выручка прадпрыемства склала 3263 тысячы рублёў, што на мільён болей, чым летась. Не прастойвалі нават у зімовыя месяцы, і гаворка ідзе не пра абслугоўванне дарог. Рамантавалі ўчасткі палатна да Рагуцкіх, Кубліч праз Ідуту, Вяркуд праз Гарбаціцу, на Мосар, Вялікія Дольцы – Пышна, Ушачы – Бабынічы. І нават у гэтым месяцы вялася ўкладка гравію і шчабёнкі на ўчастку ля вёскі Краснае. Рамонт іх выкананы за сродкі рэспубліканскага, абласнога бюджэту і трансфертаў. А вось асфальтаванне вуліц у катэджным пасёлку Наваполацка – плён самастойнага пошуку заказчыкаў. Гэты пераходны аб’ект быў самым прыбытковым, аднак не адмаўляюцца і ад “капеечных” работ – ямкавага рамонту тэрыторыі аўтастанцыі, асфальтавання пляцоўкі на аўтазаправачнай станцыі ва Ушачах, дзе будуецца міні-маркет.
Калектыў з пазітыўнай аўрай
Нягледзячы на суровую спецыфіку работы, на прадпрыемстве захоўваецца вельмі цёплая сяброўская атмасфера. Тут не толькі адзін аднаму плячо падстаўляюць, але і разам праводзяць вольны час, арганізоўваюць шыкоўныя ранішнікі для дзяцей. Сёлета – зноў свамі сіламі. “Праверана – атрымліваецца больш цёпла, – пераканана прафорг арганізацыі Наталля Круцёнак. – А вось да юбілею заказалі канцэрт прафесіяналаў. Падарункі чакаюць кожнага работніка, а таксама нашых ветэранаў. Пасля Новага года і на традыцыйную зімовую рыбалку разам выедзем, калі спакайней з работай стане”.
Трэба зазначыць, што ў калектыве многа ветэранаў працы, а сваімі лічаць нават тых, хто пайшоў на пенсію і адпрацаваў у ДРБУ-105 менш 5 год. Кожнага віншуюць з юбілеямі.
◆ Пяць год таму сваё 60-годдзе калектыў адзначаў сціпла, у актавай зале прадпрыемства. “Так святкаваць нельга, – пасароміў тады калег былы начальнік Генадзь Аляксеевіч Глінскі, які прыехаў уручыць граматы “Віцебскаблдарбуда” і павіншаваць. – Вы моцная буйная арганізацыя. Ваш юбілей – падзея для раёна”. Да заўвагі прыслухаліся. І сёлета святочны канцэрт з нагоды юбілею адбудзецца ў Цэнтры культуры 23 снежня. Запрашаюць на яго ў 16.00 як былых работнікаў прадпрыемства, так і ўсіх жадаючых.
А таксама дружна выходзяць на раённыя спаборніцтвы. Прадстаўнікоў арганізацыі на спартыўных пляцоўках можна лёгка вылучыць па прыгожай блакітнай форме, заказанай многа гадоў таму. І калі ў лыжных гонках пазіцыі крыху саступілі, то вось у мінулагодняй спартакіядзе аказаліся першымі, аб’яднаўшыся з камунальнікамі. Мала хто можа пацягацца ў дыгатлоне з галоўным інжынерам Андрэем Агіевічам, прызавое месца ў тэнісе заняў майстар Дзяніс Салодкін, шашкі “закрываў” былы галоўны механік, а зараз вартаўнік Леанід Якусік, гімнастыку – бухгалтар Алена Арцем’ева і механізатар Мікалай Коўшаль. Жартуюць, што і самастойна мелі б шанцы на абсалютную перамогу, паколькі прыходзіць моладзь, як напрыклад, дарожны рабочы і трапны стралок Віктар Лёля.
А вось што прыгадваюць пра дзейнасць асноўнай дарожнай службы раёна яе ветэраны.
Усе дарогі толькі нашы
Віктар Аляксандравіч Глінскі, стаж 37 гадоў:
– У арганізацыю я прыйшоў у 1975-м, мы тады заканчвалі дарогу на Полацк праз Лутава, а ў 1976-м святкаваў наваселле ў атрыманай кватэры з падсяленнем. Мікрараён ведамаснага жылля для дарожнікаў па Калінінскай узводзілі ўласнай брыгадай будаўнікоў. А вось асфальт вазілі з Наваполацка, свой завод пабудавалі пазней. Не было ні асфальтаўкладчыка, ні каткоў – трамбавалі палатно жалезнай валакушай, якую цягалі за трактарам. У сямідзясятых пашыралася сетка дарог. Калі я ў 1971-м ішоў у армію, нават выезд з Ленінскай на Пліна ўяўляў сабой свежую гравійку. Ну а ў маіх Кублічах звычайнай справай было не дачакацца аўтобуса – часта не падымаўся пад Штумбаравы горы – дарога ішла праз Воцькавічы і Слабодку. Зараз таго “булыжніка” і не адшукаеш, бо ўсе карыстаюцца роўнай трасай, якую мы ўзводзілі з нуля, як і на Павулле з Глыбачкі, Бікальнічы, Лясіны і многія многія іншыя.
Будавалі нават масты – у Чарсцвядах, Рыбаках, Тартаку, літаральна ўсё, ад мантажу паляў да заліўкі асфальту, выконвалі самі. Пасля аўтобуса я перасеў на ЗІЛ, іх было толькі чатыры – Дзмітрыя Іванавіча Шайтара, Васіля Васільевіча Мялешкі, Мікалая Мікалаевіча Лодзіса. Паралельна за траімі з нас былі замацаваны “пескачы” – падсыпалі дарогі, а летам па бітуме наносілі слой шчабёнкі. І незалежна ад надвор’я зімой заўсёды прыходзілі на працу ў 4 ночы. Здаралася, што ў спакойны дзень начальнік мог нас і на рыбу адпусціць, але з умовай, каб былі “на чаку”. Памятаю, толькі прыехалі на возера, як залёталі белыя мухі – мы назад і па машынах. Але такое было зрэдку, затое ў цёплы час паступала па 400 тон асфальту, таму і круціліся да цёмнага.
Рэспубліканская была палявой
Што шаша Ушачы – Вілейка, якая зараз мае статус рэспубліканскай, была палявой, добра памятае былы майстар ДРБУ-105 Уладзімір Аляксеевіч Міхаль. Яго родныя Чарніцы і з цэнтрам раёна Докшыцамі нармальных зносін не мелі, не гаворачы пра суседні Ушацкі. А самым значным аб’ектам за свой 16-гадовы стаж ён называе рэканструкцыю брусчаткі Ушачы-Лепель праз Вашкова. У пачатку дзевяностых гадоў яна пашыралася, зразаліся крутыя павароты, упершыню апранулася ў асфальт. Пазней яго брыгада абслугоўвала ўвесь глыбачанскі бок, каля года стварала насып пры будаўніцтве моста праз Дзвіну ля Адэліна. Уласнага транспарту часта не хапала, дапамагалі іншыя арганізацыі раёна, што мелі грузавы аўтапарк.
Завеяй нас не напужаць
Надвор’ем, як у гэтыя выхадныя, з завеяй і ледзяным дажджом, былога механізатара ДРБУ-105 Васіля Мікалаевіча Карабаня, ветэрана працы з 27-гадовым стажам, не здзівіць. Неаднойчы, прайшоўшы з адвалам кіламетраў 10, назад вярталіся ўжо “па цаліне”. “Хадзілі” мы з Аляксандрам Фёдаравічам Бадзякіным заўсёды парай, каб шырэй зрабіць трасу. Самым снежным участкам, бадай, была дарога на Газберг. Паварот з полацкай шашы праходзіў сярод кустоў і перамятаўся так, што нават трактары не маглі праехаць. Тады выклікаўся Амкадор, які і раскідваў снег па баках. Раней за брыгадамі і адпаведна механізатарамі былі замацаваны дарогі, маёй была на Павулле праз Гарбаціцу. Мы былі зацікаўлены, каб да стану трас не было нараканняў, ад гэтага залежала прэміраванне, якое даходзіла і да 40 працэнтаў ад акладу. І хоць ужо працяглы час на пенсіі, часта бываю на родным прадпрыемстве, прыходжу на мехдвор, каб пацікавіцца, чым цяпер жывуць хлопцы”.
Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.
Вельм цикавы артыкул пра ДРБУ-105. Вялики дзякуй калектыву за самаадданую и прафесийную дзейнасць. Але засмуцила у артыкуле вось што. Накольки я ведаю ,няма у беларускай мове слова «балавали». А у аутара есць. Дакладна
ведаю, што не было ва Ушачах на дарогах «брусчатки», а быу брук, брукоука. Прашу прабачэння, што няма беларуских литр «и» и «у» нескладовага.