В Ушачском РОВД проводили на заслуженный отдых милиционера-водителя Андрея Дрозда

Общество

Пятнічная раніца. У актавай зале райаддзела міліцыі небывалае ажыўленне – здаецца, што ад колькасці зорачак на пагонах прысутных памяшканне напаўняецца бляскам. Зрэшты, і нагода для сустрэчы адпаведная: ушанаванне работніка, які амаль усё працоўнае жыццё прысвяціў міліцэйскай службе.

“Толькі ўявіце: чвэрць стагоддзя галоўны віноўнік сустрэчы правёў за рулём службовага транспарту – і ўвесь час не меў ні аварый, ні сур’ёзных паломак. Абсалютна заслужана адзначаны ён нагрудным знакам “Выдатнік міліцыі”, медалём “За бездакорную службу”, яго прозвішча заносілася на раённую Дошку гонару. На такога спецыяліста ўсе мы раўняемся!” – казалі цяпер ужо былыя калегі міліцыянера-вадзіцеля А.У.Дразда.

“Сам яшчэ не веру, што па выслузе гадоў трапіў у статус пенсіянера, – усміхаецца Андрэй Уладзіміравіч. – Канечне, буду сумаваць, аднак і адпачыць трэба!”

У органах унутраных спраў ураджэнец Глінішча – з 1997 года. Увесь гэты час быў міліцыянерам-вадзіцелем, толькі ў розных падраздзяленнях РАУС: канвойнага, групы тылавога забеспячэння, аператыўна­-дзяжурнай службы, ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту. Бывала, выходзіў на дзяжурствы ў АДС, а калі ўзнікала патрэба (нават пасля насычаных на выклікі сутак), перасаджваўся за руль аўтазака і вёз арыштаваных у Полацк.

“Столькі гадоў прайшло, а ніколькі не змяніліся – такі ж малады і бадзёры”, – казаў начальнік РАУС Віталь Станіслававіч Карэнскі, калі на экране пачалі з’яўляцца фотаздымкі са службовых будняў А.У.Дразда. Дарэчы, “сумнымі” яны ніколі не былі – даводзілася і транспарт са снежных гурбаў выкопваць, і ў затрыманні правапарушальнікаў удзельнічаць.

Такімі экстрэмальнымі выпадкамі падзяліліся яго калегі. “Хоць і паказаўся мне спачатку такім дарослым, таму “чужым”, хутка стаў сапраўдным сябрам, – прызнаўся Алег Раманоўскі, начальнік ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту. – Ведаў, што ў табе заўсёды можна быць упэўненым – і ў службовых, і ў асабістых справах. Ты – чалавек слова. А твае арыгінальныя жарты заўсёды ўзнімалі настрой”.

У гэты ж дзень рабілі гэта для Андрэя Уладзіміравіча самі праваахоўнікі. Не шкадавалі цёплых пажаданняў, ну а каб не забываўся пра службу, падарылі… табельную зброю. Вядома, сувенірную. Пачэсная ўзнагарода чакала і другую палавіну А.У.Дразда Аксану Уладзіміраўну – ёй уручаны медаль “Жонцы супрацоўніка міліцыі”, заснаваны ў знак павагі, прызнання ролі жанчын, якія на працягу больш чым 20 гадоў з’яўляліся апорай мужоў-праваахоўнікаў, захоўвалі сямейны ачаг, былі верныя і цярплівыя ва ўсіх жыццёвых сітуацыях.

“Можа б яшчэ затрымаліся?!” – спытаў на развітанне ў новаспечанага пенсіянера намеснік начальніка РАУС Уладзімір Анатольевіч Чумакоў. “Не, дарогу маладым! – адказаў той. – А мне спраў і дома хопіць!”. Дарэчы, у родных пенатах многае зроблена ўмелымі рукамі гаспадара. Ёсць у сям’і прысядзібны ўчастак, падсобная гаспадарка. Часу на ўсё тое, што радуе Андрэя Уладзіміравіча, цяпер пабольшае.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *