Па матэрыялах РАУС за перыяд з 4 па 15 мая аддзелам міліцыі да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства прыцягнута 20 чалавек, за распіццё спіртных напіткаў ці з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах – 12, два вадзіцелі кіравалі сваім транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Узбуджана сем крымінальных спраў.
Злавілі
самагоншчыцу
Да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства прыцягнута жыхарка вёскі Горы-2, якая незаконна захоўвала ў сваім доме 120 літраў самагоннай брагі, 5 літраў самагону, 5 літраў спіртазмяшчальнай вадкасці і самагонны апарат. Уся прадукцыя канфіскавана, самагоншчыцы пагражае штраф да пяці базавых велічынь.
Аматары “шцілю”
Невядомая асоба, скарыстаўшыся часовай адсутнасцю гаспадара ў дачным доміку ў вёсцы Лутава Сяльцо, прыбрала да рук бензапілу “Шціль” коштам 300 тысяч рублёў. Аб гэтым у аддзел міліцыі паведаміла ўладальніца дачы, жыхарка вёскі Пралетарый. Аналагічнае злачынства было ўчынена ў адносінах жыхара Наваполацка, з дачнага доміка якога (у вёсцы Ціханяты) была выкрадзена мотакаса “Шціль” коштам 620 тысяч рублёў. Па абодвух фактах крадзяжу ўзбуджаны крымінальныя справы.
Паўтарэнне –
маці вучэння?
Ушачанін, 1971 года нараджэння, у гэтым годзе ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне мапедам у стане алкагольнага ап’янення. Аднак штраф, як аказалася, яго не напужаў. Невядома, колькі б працягваліся “нецвярозыя” паездкі грамадзяніна, калі б ён не быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ. Узбуджана крымінальная справа. На гэты раз мужчыну пагражае да шасці месяцаў арышту.
Прайшоў… праз сцяну
Неўстаноўленая асоба выкрала з адрыны жыхара вёскі Касары 20 літраў бензіну і каністру. Каб трапіць у памяшканне, выкрадальніку трэба было пераадолець няпростую перашкоду – сцяну. Для гэтага ён адарваў ад адрыны дошку і пралез у шчыліну. Урон ад крадзяжу склаў 80 тысяч рублёў. Вядзецца дазнанне.
Лёгкая нажыва
Неўстаноўленая асоба, скарыстаўшыся адсутнасцю гаспадара, выкрала з дома ў вёсцы Лутава кашалёк і 100 тысяч рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Абакралі інваліда
У аддзел міліцыі з паведамленнем аб крадзяжы звярнуўся жыхар вёскі Лутава, інвалід першай групы. Дзве асобы, скарыстаўшыся тым, што мужчына па прычыне дрэннага здароўя не можа аказаць супраціўленне, выкралі з хаты газавы балон і іншыя каштоўныя рэчы. Урон склаў 290 тысяч рублёў. Выкрадальнікі затрыманы, імі аказаліся мясцовыя жыхары 1966 і 1957 гадоў нараджэння, раней судзімыя. Маёмасць вернута ўладальніку. Выкрадальнікам пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.