«Он у нас нарасхват». В ОАО «Ильюшинский» делятся впечатлениями о новой технике — универсальном погрузчике Амкодор 527 СХ

Общество

Як мы ўжо расказвалі, у чэрвені гэтага года было падпісана распараджэнне Прэзідэнта нашай краіны №112рп “Аб закупцы тэхнікі і абсталявання”, паводле якога сельгаспрадпрыемствам, што знаходзяцца ў складаным эканамічным становішчы, павінна быць аказана дзяржаўная падтрымка для абнаўлення аўтапарку.

Ушацкія гаспадаркі самі вырашалі, што ім найбольш патрэбна, і рабілі заяўкі ў рамках вызначанай сумы. І вось у раён ужо пачала паступаць чаканая тэхніка. Ключы ад першай адзінкі – універсальнага пагрузчыка Амкадор 527 СХ – ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны кіраўніку ААТ “Ільюшынскі” С.А.Халімоненку падчас нядаўняга свята аграрыяў.

Амкадор з першага дня актыўна ўключыўся ў справу. І калі ў панядзелак мы прыехалі на мехдвор гаспадаркі з намерам паназіраць за работай новай для нашага раёна мадэлі, загадчык майстэрнямі Арцём Шпіронак зазначыў, што дыслакацыю пагрузчыка трэба ўдакладніць, патэлефанаваўшы кіроўцу Аляксандру Галубіцкаму, бо “ён у нас нарасхват”. І сапраўды, за рабочую змену Амкадор нярэдка пераязджае з аб’екта на аб’ект, а гэтай раніцай мы адшукалі яго на ферме ў Сержанах, дзе пагрузчык перамяшчаў рулоны саломы бліжэй да будынка. Па хуткіх і спрытных манеўрах было бачна, што Аляксандр Анатольевіч ужо паспеў няблага асвоіцца за рулём новай адзінкі. Для аднаго з лепшых механізатараў гаспадаркі, прозвішча якога, да слова, летась было занесена на раённую Дошку гонару, гэта і нядзіўна. Прынамсі, прынцып работы новага пагрузчыка амаль такі ж, як у мадэлі 320, на якой перадавік адпрацаваў 9 сезонаў. З прынцыповых адрозненняў – тэлескапічная страла, якая надае тэхніцы больш манеўранасці і дазваляе выкарыстоўваць яе ва ўмовах абмежаванай прасторы, напрыклад, на невялікіх складах ці фермах. Ну а тое, што новы Амкадор вельмі кампактны, мае прыгожы дызайн і камфартабельную кабіну, можна ўбачыць на здымках. “Працую на ім толькі тры дні і, канечне, яшчэ не надта прызвычаіўся, аднак ужо паспеў ацаніць, напрыклад, добрую праходнасць, якую забяспечваюць больш шырокія колы. Думаю, што добра ён сябе праявіць пры пагрузцы зерня, на іншых працэсах”, – разважае А.Галубіцкі. Вядома ж, не застанецца без справы і стары “Амкадор” – такая тэхніка ў сельгасвытворчасці проста незаменная.

А вось у “Агра-Селішча” ўжо прыбыла новая барана БШГЗ-12,0, якую вырабляе “Ціраспальскі агратэхсэрвіс”. У гаспадарцы палічылі, што ім найбольш патрэбны менавіта гэты агрэгат, заказалі і іншае абсталяванне. Як паведаміў нам галоўны спецыяліст райсельгасхарча А.А.Баранаў, “Глыбачаны” ўжо перавялі аплату за МТЗ-1221, “Дземенец” – за машыну для ўнясення цвёрдай арганікі. Па іншай заказанай нашымі сельгаспрадпрыемствамі тэхніцы зараз праводзіцца працэдура таргоў, і мяркуецца, што яна прыбудзе ў гаспадаркі ў канцы бягучага ці пачатку наступнага года.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *