Толькі адзін вучань, шасцікласнік Міхаіл Падворны прадстаўляў сёлета Ушацкую школу на папулярным тэлефізійным праекце “Я ведаю!”.
Хлопчык ахвотна пагадзіўся на ўдзел, прычым, без падрыхтоўкі “ўзяў” абласны адбор. Анлайн-гульня праходзіла па аналогіі з рэальнай – тыя ж чатыры туры, каментарыі сваіх адказаў. Вось толькі ў трэцім і чацвёртым Мішу вядучы ні аб чым не пытаўся, што вельмі засмуціла хлопца. Аказалася, што па першых двух турах ён выйшаў з вялікім запасам балаў і адназначна трапляў у праект, хоць абіралі ад вобласці ўсяго 5 вучняў з паралелі.
Сваім “Я прайшоў” хлопчык яўна “агарошыў” родных. Яшчэ большы шок для ўсіх быў у тым, што час запісу гульні ў сталіцы з лютага, як меркавалася, перанеслі на 18 лістапада. На падрыхтоўку заставалася менш трох тыдняў. Што чытаць? На што звярнуць увагу? Ніякіх падручнікаў праект эрудытаў не мае. І калі многія канкурэнты Мішы, гімназісты з Гомеля, Магілёва былі пастаяннымі ўдзельнікамі гульняў “Што? Дзе? Калі?”, то ён з маці Аленай Міхайлаўнай і класным кіраўніком Святланай Дзмітрыеўнай Галай рыхтаваліся па інтуіцыі. З апошняй дадаткова штудзіравалі гісторыю і геаграфію. А па вечарах з маці паўтаралі іншыя прадметы школьнай праграмы, глядзелі рэпрадукцыі карцін, вучылі біяграфіі кампазітараў, музычныя інструменты.
◆ Хутка ў “Я ведаю!” згуляюць выпускнікі беларускіх школ, а гонар раёна будзе абараняць адзінаццацікласніца Глыбачанскай школы Ліза Казлова. Дарэчы, абласны адборачны тур прайшла таксама васьмікласніца Ушацкай СШ Даша Маковіч, якая па стане здароўя не змагла ўдзельнічаць у тэлегульні ў дзень запісу.
Пасля першага пытання педагогі-канкурэнты ў “настаўніцкай” з зайздрасцю глядзелі на С.Д.Галай, якая суправаджала вучня на запіс у якасці любімага настаўніка. Справа ў тым, што Міша выклікаўся пракаменціраваць свой адказ аб уплыве Месяца на прылівы і адлівы, дапоўніўшы яго бліскучымі непадручнікавымі звесткамі. “У энцыклапедычных ведах свайго вучня не сумняваюся, – сказала ў студыі Святлана Дзмітрыеўна, паўтарае гэта і зараз. – Амбіцыйны, упарты, вельмі здольны і нацэлены на дадатковыя веды. Займаецца не пад прымусам ці таму, што яму выпала “абараняць” раён, а паколькі цікава самому. А дадатковым стымулам для Мішы аказаўся ранейшы ўдзел у адборачных турах гэтага праекта яго старэйшага брата”.
“Толькі б трапіла пытанне па геаграфіі”, – “маліў” Міша, паколькі захапляецца гэтым прадметам. І калі запыталіся пра самы маленькі мацярык, ён радаваўся. Сем секунд давалася на абмеркаванне, а кнопку ён націснуў, канечне, раней… І адразу зразумеў, што памылкова абраў не той нумар. Вельмі расстроіўся, але не разгубіўся, змог сабрана іграць і далей, хаця гэтая памылка стала вырашальнай. З дванаццаці пытанняў у залік пайшло 8.
Калі яго канкурэнты, якія таксама пакінулі праект пасля першага тура, ахвотна давалі традыцыйнае інтэрв’ю, то Міша ад крыўды ледзь не плакаў. Разумеў, што заданні былі па сілах, не хапіла хуткасці, канцэнтрацыі (сваю справу рабілі тэлекамеры), усяго таго, што называецца вопытам. А так хацелася паказаць сябе ў далейшых складаных турах, на якія і была нацэлена дамашняя падрыхтоўка.
Калі б на наступны тыдзень зноў анансавалі гульню, Міша зноў быў бы ў першых радах, паколькі ў праекце яму спадабалася літаральна ўсё. Шкадуе, што прыняць удзел у ім у другі раз ён зможа толькі праз чатыры гады – такія ўмовы. Задаволены, што атрымаў новы вопыт і новыя веды, якія не адшукаеш у падручніках. І, канечне, раіць усім спрабаваць свае сілы.
Вольга КАРАЛЕНКА.