Бацькоўскі дом – пачатак усіх пачаткаў. Ціхі і надзейны прыстанак, дзе цябе заўсёды чакаюць, дзе адпачываеш целам і душой. Так павінна быць. На жаль, у час рэйдаў, якія праходзяць у рамках акцый “Сям’я без насілля” і “Дом без насілля” па нядобранадзейных сем’ях, іх удзельнікі часта назіраюць змрочныя карціны. У дамах антысанітарыя, пустыя паліцы халадзільнікаў, халодныя печы і страх, што застыў у дзіцячых вачах.
У ходзе чарговага вячэрняга дзяжурства рабочая група, якую ўзначальваў інспектар па справах непаўналетніх РАУС А.А.Бандарэнка, наведала некаторыя праблемныя сем’і. Супакойвала, што намаганні нашы не дарэмныя, што асобныя сем’і ў хуткім часе можна будзе здымаць з кантролю. Ды і самі людзі, нарэшце, зразумелі, што радасць жыцця магчымая і без падмацавання алкаголем, а здароўе і матэрыяльныя даброты залежаць перш за ўсё ад правільных паводзін і стваральнай працы. Інакш кажучы, чалавек – сам каваль свайго шчасця, свайго лёсу.
Заглянулі ў той вечар па ўжо знаёмых адрасах. У доме грамадзян М. з вёскі Ваўчо, якія выхоўваюць трох дзетак, дзверы нам адчыніла маці, якая на кухні гатавала вячэру. Прыемны пах мяса ствараў утульную хатнюю атмасферу. Бацька адпачываў пасля змены ў суседнім пакоі. Сярэдні сын, па іх словах, знаходзіўся на трэніроўцы па футболе, а старэйшая дачка каля хаты прыглядала за самым маленькім. Сітуацыя ў гэтай сям’і, як нам здалося, мяняецца да лепшага, хочацца спадзявацца, што назаўсёды.
Прыкладна такую ж карціну ўбачылі ў хаце сям’і Г. з той жа вёскі, а таксама ў грамадзянкі Ш. з Градзянца. Цёплыя, больш-менш прыбраныя пакоі, непусты халадзільнік і цвярозыя (прынамсі, на момант нашага візіту) бацькі. Напэўна, для дзяцей няма нічога больш важнага.
Аднак нашы станоўчыя эмоцыі хутка былі азмрочаны. Напрыканцы рэйду наведалі сям’ю С. з гарпасёлка. Невялікая аднапакаёвая кватэрка, у якой пражывае восем чалавек, прычым, двое з іх – маленькія дзеці. Відовішча не для слабанервовых. Ля парога нас сустрэла маладая жанчына, маці дзвюх дзяўчынак, якая “правяла экскурсію” па кватэры. У адным пакоі канапа, аднамесны ложак, на якім на момант нашага візіту спаў бацька жанчыны, і дзіцячы ложачак. Тут жа па, мякка кажучы, не надта чыстай падлозе поўзалі маленькія дзеці. Суседні пакой, у якім павінна была б размяшчацца кухня, наогул слаба нагадваў жылое памяшканне: старая канапа і мноства раскіданых скрынак, смецця, бруду. Кватэра захламленая. Жанчына патлумачыла, што якраз збіралася наводзіць парадак. А ўжо вельмі хутка яна з сужыцелем і дзецьмі пераедуць у новую трохпакаёвую кватэру, на якую ім выдзелена бязвыплатная субсідыя. Што ж, хочацца спадзявацца, што ўвага і клопат пра грамадзян з боку мясцовых улад не акажуцца дарэмнымі, сітуацыя ў сям’і наладзіцца.
Відавочна адно: увайшоўшыя ў сістэму рэйдавыя праверкі ўжо далі свой плён. Станоўчыя змены адбыліся ў многіх сем’ях. А там, дзе абстаноўка яшчэ жадае быць лепшай, праводзіцца мэтанакіраваная прафілактычная работа адпаведных службаў. Трымаць сітуацыю пад кантролем – справа ўсё ж удзячная. Своечасовыя прафілактыка, падтрымка, парада, прымаемыя меры, нават не самыя прыемныя, спрацуюць у рэшце рэшт на карысць канкрэтнай сям’і.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.