Как хозяйства Ушачского района подготовили технику к зимнему хранению

Сельское хозяйство

Завяршыўшы вячэру, мы звычайна мыем і расстаўляем па паліцах посуд і прыборы. І кожны ведае, што зрабіць гэта лепш адразу, хоць, канечне, талеркі ды лыжкі, нават калі пастаяць бруднымі да наступнай раніцы, не страцяць сваіх кандыцый. Чаго не скажаш пра сельскагаспадарчую тэхніку: пакінутая на зіму ў неналежным стане, яна адплоціць выхадам са строю ўразлівых да ўздзеяння холаду, вільгаці і ультрафіялету вузлоў і агрэгатаў.

Тэме навядзення парадку на мехдварах і пастаноўкі тэхнікі на захоўванне быў прысвечаны раённы семінар-нарада, які праходзіў на мінулым тыдні на базе ААТ “Ільюшынскі”, у гэты ж час камісія, што кантралюе ход названых работ, пабывала ва ўшацкіх гаспадарках. Вынікі рэйду аказаліся супярэчлівымі. Руплівыя механізатары “Агра-Селішча” літаральна адразу пасля заканчэння работ прывялі ў парадак камбайны, касілкі ды сеялкі – няма на мясцовым мехдвары ўмоў для захоўвання іх пад дахам, а парк істотна зношаны, і гаспадарлівыя работнікі разумеюць, што толькі скрупулёзнае выкананне тэхналагічных патрабаванняў дае шанс пазбегнуць вясной непрыемных сюрпрызаў. Умеюць годна спраўляцца з гэтым відам работ і ільюшынцы, зараз жа ў іх быў і дадатковы стымул – абранне гаспадаркі базай для семінара, таму пытанняў тут таксама не ўзнікла. Затое шмат іх было ў іншых гаспадарках. На сярэдзіну мінулага тыдня толькі палова зернеўборачных камбайнаў была гатова да зімы ў Вялікадолецкім і “Глыбачанах”, непадрыхтаванымі заставаліся глебаапрацоўчыя агрэгаты, не назіралася парадку ў арачніках і на тэрыторыі. Яшчэ менш было зроблена па пастаноўцы ў “Дземенцы”.

Названым гаспадаркам вызначылі кантрольны тэрмін для завяршэння работ – да 1 снежня. У сераду мы разам з прадстаўнікамі камісіі зноў праехалі па мехдварах. Трэба сказаць, што сітуацыя прыкметна змянілася. Кіпела справа ў “Глыбачанах”: два новыя “Палессі” – у ангарах, пара старых – пад навесам, а работнікі даводзілі да ладу астатнюю тэхніку. Шматлюдна было на вялікадолецкім мехдвары: усе шэсць КЗС стаялі на калодках і радавалі вока свежапабеленымі коламі, раніцай далучыўся ў лінейку кормаўборачны комплекс, а механізатары рыхтавалі да зімоўкі апошнюю сеялку, якую дагэтуль не спарадкавалі, бо хацелі адправіць у рамонт, ды стала вядома, што гэта адкладваецца.

Прасунуліся ўперад і дземянецкія работнікі, для гэтага працавалі і ў выхадныя – прычым, усёй сваёй сціплай грамадой: зараз у арсенале галоўнага інжынера У.Я.Хамёнка і тэхніка-механіка П.С.Шароха ўсяго пяць механізатараў і адзін слесар. Канечне, абумоўлены аўрал тым, што прыступілі да пастаноўкі пазней, чым трэба, а ў выніку працу абцяжарвае мароз і снег. Ёсць і нараканні да шэфаў з прадпрыемстваў, якія па завяршэнні працэсаў не пачысцілі тэхніку, пакінуўшы гэта штатным работнікам. Такім чынам, па выніках рэйду галоўны дзяржінспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення райсельгасхарча С.М.Качан указаў дземянецкім спецыялістам на неабходнасць давесці справу да ладу, а ў прыватнасці, пачысціць агрэгаты ад бруду і рэшткаў расліннасці, разгрузіць на некаторых адзінках колы, вызваліць рамяні, змазаць ланцугі, вылучыў і іншыя недахопы. Работнікі зазначылі, што пастараюцца ў бліжэйшы час ухіліць пералічаныя хібы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Как хозяйства Ушачского района подготовили технику к зимнему хранению

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *