Людміла Васільеўна Губанкова перасягнула трыццацігадовую метку работы на адным месцы. У 1980-м зусім юнай прыйшла працаваць бухгалтарам у жыллёва-камунальную гаспадарку. Яе старанне, дзелавыя якасці адміністрацыя адзначыла па заслугах, Людміла была пераведзена галоўным бухгалтарам таго ж прадпрыемства. Такім чынам з 1988 года да цяперашняга часу яна нязменна на гэтай пасадзе.
За тры дзесяткі гадоў работы Людміла Васільеўна сфарміравалася як кампетэнтны, адукаваны спецыяліст, здольны вырашаць важнейшыя пытанні бухгалтарскага ўліку і фінансавай дзейнасці прадпрыемства. Прыкметная яе роля ў шматграннай дзейнасці камунальнай гаспадаркі. Неаднаразова заахвочвалася вышэйстаячай арганізацыяй па выніках работы.
У саставе адміністрацыі прадпрыемства Л.В.Губанкова праяўляе здольнасці кіраўніка, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у работнікаў, здольная павесці за сабой іншых на добрыя справы.
Людміла Васільеўна ўмела сумяшчае складаныя функцыі галоўнага спецыяліста прадпрыемства з вырашэннем сацыяльна-бытавых праблем членаў калектыву. Яна прымае актыўны ўдзел у яго грамадскім жыцці, неаднаразова абіралася ў састаў прафкама. Пры гэтым добрасумленна адносіцца да выканання кожнага даручэння, сама з’яўляецца ініцыятарам розных спраў, прымае ўдзел у мерапрыемствах, што наладжваюцца ў калектыве, асабліва спартыўных.
Разам з мужам Людміла Васільеўна выхавала дваіх дзяцей.
Л.В.Губанкова з’яўляецца прыкладам жанчыны-працаўніцы, жанчыны-маці.