Уроженка Ушаччины Ирина Стриженок вышла в полуфинал масштабного телевизионного проекта ОНТ «Звездный путь»

Общество

Тэлеканал АНТ у гэтым сезоне сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі запусціў маштабны тэлевізійны праект “Зорны шлях”. Ён дае магчымасць звычайным беларусам, праца якіх не звязана з вакалам, стаць сапраўднымі артыстамі. Удзельнічаюць у праекце прадстаўнікі абсалютна розных прафесій: слесары, грузчыкі, выхавацелі, бухгалтары – кожны можа паказаць сябе і пракласці свой зорны шлях.

Арганізатары аб’ехалі ўсю Беларусь, правялі кастынгі на многіх прадпрыемствах краіны. Шукалі таленты прама на рабочых месцах. Адабралі 30 лепшых – пяцёрка ад кожнай вобласці. Іх вакальныя і артыстычныя здольнасці ацэньваюць пяцёра прадзюсараў, якія да таго ж канкурыруюць паміж сабой: у кожнага свая каманда і кожнаму трэба падрыхтаваць нумары для шоу.

У мінулую суботу на тэлеэкранах беларусы назіралі за выступленнямі ўдзельнікаў з Віцебскай вобласці. У іх ліку была і ўраджэнка Ушацкага раёна Ірына Стрыжонак, якая цяпер працуе мастаком службы эксплуатацыі і рамонту цеплавых сетак, збудаванняў на РУП “Віцебскэнерга”. Выпускніца Старасельскай школы з дзяцінства была творчай натурай. Дарэчы, пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта ў роднай установе не толькі выкладала вучэбныя прадметы, а і вяла творчыя гурткі.

У тэлеэфіры Ірына збіралася выконваць вядомую ўсім песню “Опустела без тебя земля”. Аднак ёй прыйшлося спраўляцца з моцнымі эмоцыямі – год таму яна страціла свайго любімага брата… У выніку для выступлення быў абраны іншы не менш знакаміты твор – “Ты на свете есть”. Журы высока ацаніла выкананне: з 15 магчымых зорачак І.Стрыжонак атрымала 14. Такую ж колькасць балаў набраў яшчэ адзін канкурсант, але рашаючую зорачку ў такім выпадку прысуджае госць праграмы – вядомы артыст, у гэтым чвэрцьфінале такую місію выканаў Аляксандр Саладуха. Ён таксама падтрымаў Ірыну. Цяпер яна рыхтуецца да паўфіналу музычнага шоу, дзе за выхад у фінал будуць змагацца 12 канкурсантаў.

За чатыры канцэрты праект паспеў заваяваць прыхільнасць гледачоў, пра гэта сведчаць рэйтынгі, новае шоу з нецярпеннем чакаюць кожную суботу ў 18:00. Свае таленты пакажуць яшчэ прадстаўнікі Міншчыны і Гродзеншчыны, а пад Новы год у прамым эфіры разам будзем галасаваць і выбіраць лепшага артыста з народа. Ну і, канечне, хварэць за нашу зямлячку!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *