За чатыры месяцы бягучага года работнікамі Лепельскай міжраённай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету праведзена 70 аператыўных рэйдаў у ахоўныя ўгоддзі.
Падчас рэйдавых мерапрыемстваў выяўлена 81 парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства, з іх 39 па рыбалоўстве, 7 па паляванні, 25 па лесакарыстанні і 10 іншых. У парушальнікаў канфіскавана 3 адзінкі агнястрэльнай зброі, 20 рыбалоўных сетак агульнай працягласцю 1,14 км, 11 іншых забароненых прылад рыбалоўства, 87 кг незаконна здабытай рыбы, 14,5 кг мяса дзікай жывёлы, 10,9 куб.м незаконна ссечанай драўніны. Накладзена штрафаў на суму 25 мільёнаў 840 тысяч рублёў, прад’яўлена ўрону на суму 32 мільёны 500 тысяч рублёў. Выдадзена 4 загады аб ухіленні парушэнняў, за невыкананне выдадзеных загадаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 3 службовыя асобы.
Так, напрыклад, 12 красавіка двое жыхароў Ушацкага раёну вялі здабычу рыбы астрогамі ў перыяд забароны на вылоўліванне ўсіх відаў рыбы на возеры Чарсцвядскае. Яны здабылі 70 шчупакоў агульнай вагой 35 кілаграмаў. Урон, прычынены навакольнаму асяроддзю, склаў 7 мільёнаў 560 тысяч рублёў. Узбуджана крымінальная справа па факце прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры, якая ў цяперашні час знаходзіцца ў стадыі расследавання.
Звяртаем вашу ўвагу: з 12 мая змяніўся тэлефон “гарачай лініі” Дзяржаўнай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на лёгка запамінальны: 8-017-39-00-000.
Ф.КАВАЛЕЎСКІ,
дзяржінспектар Лепельскай міжраённай інспекцыі.