Кассы самообслуживания в магазине «Евроопт» работают уже почти два месяца. Пользуются ли они популярностью у ушачан?

Общество

Завітала з тыдзень таму ў “Еўраопт”… і павярнула назад. Ля адзінай працуючай касы стаяла чарга, ад якіх, шчыра кажучы, адвыкла. Ды і наогул рэдка карыстаюся гэтай гандлёвай кропкай. А так бы заўважыла новае абсталяванне ля сцяны. Аказалася, што касы самаабслугоўвання з’явіліся ў магазіне яшчэ ў пачатку мінулага месяца, аднак вялікай папулярнасцю пакуль не карыстаюцца.

“Людзі баяцца памыліцца, больш давяраюць абслугоўванню праз прадаўца, хаця там усё проста. Ды і мы дапамагаем. Ля кас заўсёды дзяжурыць адміністратар ці старшы кантралёр-касір”, – кажа дырэктар магазіна Аксана Васільеўна Саднікава.

Супрацоўнікі сеткі сапраўды прапаноўвалі людзям з банкаўскімі карткамі не станавіцца ў чаргу, а прайсці навучанне. Пагадзілася і я. Аказалася вельмі лёгка, трэба толькі ўважліва чытаць інфармацыю на маніторы і выбіраць патрэбны квадрат.

Дык вось, спачатку ў вас запытаюцца, ці патрэбны пакет. Калі авоську з сабой не прыхапілі, націскаеце на патрэбны памер: вялікі, сярэдні ці маленькі, і перакладаеце яго на правы “кошык”, як паступова і ўвесь тавар. Для гэтага яго спачатку падносіш да зялёнага акенца, на якім счытваецца код. Як быць з таварам, што трэба ўзважваць? Прасцей, чым у “Санце”. З ім таксама адразу ідзеш да касы і, паклаўшы на вагі, ці набіраеш назву фруктаў або агародніны, ці пакрокава выбіраеш з асартыменту. Там усё класіфікавана, і тавар, які ёсць у наяўнасці, абавязкова высвеціцца, прычым з фотаздымкам, а таксама вага і сума пакупкі. Калі ўсё абранае вамі прасканіравана, падносіце да таго ж акенца карту “Еўраопта” – ідзе налічэнне бонусаў. Ну і апошні крок – разлічваецеся карткай за пакупку. Электронны прадавец не прымае наяўныя купюры.

Падумалася, што касы самаабслугоўвання павінны вельмі спадабацца непаўналетнім, каб бескантрольна набыць цыгарэты ці піўко. Аказалася, што не атрымаецца. Камп’ютар блакіруе аплату такіх тавараў. Нават энергетык не прададуць без рэальнага прадаўца, які сваёй карткай дае дабро на пакупку.

Дарэчы, пакуль вучылася, усе тры пустыя да гэтага касы аказаліся запоўнены. Нехта, як і я, упершыню самастойна аплачваў тавар, ну а некаторыя спрытна ўпраўляліся з абсталяваннем. І літаральна ўсе сыходзіліся ў адным – вельмі зручна. А паколькі кас самаабслугоўвання ажно тры – то ў хуткім часе чэргі павінны ліквідавацца.

“А не баіцеся “прагарэць”, калі хто наўмысна ці памылкова набярэ тавар з меншай сумай?” – пытаюся ў дырэктара магазіна. “Не, па-першае, калі не супадзе код і вага, то аплата проста не пройдзе, ну а па-другое, пастаянна дзяжурыць кантралёр. Так што не баімся і заклікаем нашых пакупнікоў смялей асвойваць новае абсталяванне”, – адказала А.Саднікава.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *