Ідэя аб’яднаць у адну імпрэзу ўшанаванне лепшых аграрыяў і гаспадароў прыгожых тэрыторый і падворкаў аказалася ўдалай: героі абедзвюх частак мерапрыемства вылучаюцца руплівымі адносінамі да зямлі, стараннасцю і працавітасцю, з’яўляюцца гонарам сваіх арганізацый і населеных пунктаў. І натуральна, што перадавікі АПК і лаўрэаты раённага конкурсу па добраўпарадкаванні горача віталі адзін аднаго падчас узнагароджання, радаваліся сёлетнім дасягненням у дзвюх сумежных сферах.
Зроблена ж па навядзенні парадку на зямлі нямала. Старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі пацвердзіў гэта лічбамі. З пачатку года высаджана больш 500 дрэў, каля 400 кустоў і 30000 кветак, знесены 15 трухлявых дамоў і 3 старыя сельгасаб’екты, на 2007 гектарах абмежавана распаўсюджанне баршчэўніку, адрамантавана 4 агароджы ля могілак, праведзены тампанаж 11 старых свідравін, рэкультывавана 7 кар’ераў, ачышчана ад заглейвання 6,4 кіламетра меліярацыйных каналаў, абсталявана 10 кантэйнерных пляцовак, 4 веласіпедныя стаянкі, праведзена значная работа па паляпшэнні стану дарог і вулічнага асвятлення, навядзенні парадку ў лясах і месцах адпачынку, выдаленні аварыйных дрэў у населеных пунктах. “Такім чынам, выканана асноўная частка запланаваных на год мерапрыемстваў. Аднак наперадзе шмат спраў. Трэба працягнуць работу па добраўпарадкаванні на сяле: прывесці ў парадак тэрыторыі ферм і мехдвароў, зрабіць яшчэ больш прывабнымі аб’екты гандлю і культуры”, – падкрэсліў кіраўнік раёна.
Сяргей Сяргеевіч, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч выканалі прыемную місію па ўзнагароджанні тых, дзякуючы каму Ушаччына становіцца ўсё больш прыгожай. Ужо стала абсалютна звыклым бачыць у ліку пераможцаў калектыў раёна газазабеспячэння, які нікому не жадае аддаваць лаўры прадпрыемства з самай добраўпарадкаванай тэрыторыяй. Не толькі пра вытворчыя паказчыкі, а і пра парадак ля будынка дбаюць перапрацоўшчыкі з філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Не было сёлета канкурэнцыі сярод устаноў аховы здароўя ў паліклінікі Ушацкай ЦРБ – зроблена вельмі шмат, каб выгляд прылеглай тэрыторыі спрыяў пазітыўнаму настрою пацыентаў. Два трафеі адправіліся ў Вяркудскі сельсавет: яшчэ больш утульна стала ля аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у аграгарадку, а маляўнічае Карачына выйграла званне лепшага населенага пункта, у вострай барацьбе апярэдзіўшы Замошша, Лісічына, Кавалеўшчыну і Вашкова.
Адразу за двума дыпломамі давялося ўзнімацца на сцэну Людміле Валянцінаўне Вялюга: глыбачанская бібліятэка, якой яна загадвае, стала самай добраўпарадкаванай установай культуры, а іх з мужам Аляксандрам Іванавічам падворак – лепшым у ветэранскай групе. “Візітоўка” сядзібы сям’і Канонікаў са Старынкі – металічныя “карункі”, якімі аздоблены дом, агароджа. Генадзь Іванавіч вырабляе іх уласнымі рукамі – на жаль, у дзень імпрэзы ён хварэў, таму сям’ю прадстаўляла толькі Нэлі Сямёнаўна, якая на правах гаспадыні запрасіла нас у госці, так што пазней абавязкова раскажам пра гэтых цікавых людзей. А вось “фішка” падворка ўшацкай сям’і Журко – хвойнікі, якім нададзены формы шара, спіралі, іншых фігур. Тут безліч руж і петуній, якія даўно выйшлі за межы палісаду. Штогод дапаўняе свае клумбы і жыхарка Вялікіх Долец Ніна Міхайлаўна Піскун. “Ужо і садзіць няма дзе, а я ўсё купляю новыя кветкі. А яшчэ нядаўна адкрыла для сябе калонападобныя дрэвы: завяла яблыні і чарэшні, што вельмі важна пры дэфіцыце вольнага месца!” – зазначае вопытная гаспадыня. Такой можна назваць і ўшачанку Веру Васільеўну Башун – нястомная жанчына і ў паліклініцы працуе, і ў адзіночку падтрымлівае парадак на сваёй прывабнай сядзібе па Калінінскай.
Прыкметна папрыгажэў за гэты год падворак ушацкай сям’і Урбан: Людміла Уладзіміраўна і Сяргей Аляксеевіч уклалі новую плітку, усталявалі альтанку і па праве прыладзяць на сцяне шыльду “Дом узорнага парадку”. Прынамсі, радаваліся яны на свяце не толькі ўласнай перамозе, а і поспеху арганізацыі, дзе абое зараз працуюць – Ушацкага лясгаса, які стаў лепшым у намінацыі прадпрыемстваў лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі.
Падворак Яўгеніі Мікалаеўны Ушаковай – адзін з найпрыгажэйшых у Цялічыне: яго аздабляюць не толькі любімыя ёю гладыёлусы ды цыніі, а і архітэктурныя формы – старажытны калаўрот, стылізаваная лялька-неваляшка, розныя штучныя істоты. Дапамагаюць аздабляць сядзібу дачка Ларыса, іншыя родныя. Дарэчы, хоць і была жанчына самай узроставай сярод лаўрэатаў, аднак узнімалася на сцэну не толькі за дыпломам, а і ў складзе хора клуба “Ветэран”.
Увогуле ж канцэртная праграма была вельмі насычанай, знайшлося тут месца і выступленням дзяцей, і нумарам вясковых творчых калектываў. “Прыйшла не толькі пахварэць за лаўрэатаў, а і паслухаць маю любімую “Веркужаначку”, у якой спявае сястра Наталля Цецярук”, – прызналася нам ушачанка Валянціна Касяк. А Зінаіда Васільеўна Чабатар з асаблівым замілаваннем назірала за харэаграфічнымі нумарамі, у якіх была занята яе ўнучка Аня Скарабагатая. Што ж, эмоцый і ўражанняў сапраўды хапіла ўсім – ну а галоўныя героі імпрэзы панеслі з сабой са свята і каштоўныя падарункі, якія зробяць іх быт яшчэ больш камфортным.
Наталля БАГДАНОВІЧ.