Разбираемся в нюансах имущественных вопросов

Общество

Друкуем адказы на пытанні, якія паступілі падчас тэлефоннай лініі з натарыусам Ушацкай натарыяльнай канторы Жаннай Леанідаўнай КАВАЛЕНКА.

– Хацела б падарыць дом сыну ці ўнуку. Не ведаю, што лепш.

– Вы павінны ўсведамляць, што дарэнне мае сур’ёзныя наступствы. Вы ўжо не будзеце ўласнікам дома, а сітуацыя ў сямейных адносінах можа змяніцца. Кажу гэта з жыццёвых прыкладаў, калі пажылыя людзі хацелі памяняць сваё рашэнне, аднак зрабіць гэтага ўжо немагчыма. Так што лепшы варыянт – скласці завяшчанне, так вы страхуеце сябе, а дом пяройдзе пасля смерці да сына. Калі дарыць непаўналетняму ўнуку, то дом нельга будзе прадаць да яго 18-годдзя без згоды органаў апекі.

– Да вяселля дочкі падарылі ёй кватэру. Пасля замужжа яна прадала яе і купіла з мужам дом. Зараз збіраюцца развесціся, ці мае яе муж права на частку дома?

– Безумоўна. Калі ўласнасць, што адзін з супругаў меў да шлюбу, не падлягае падзелу, то ўсё набытае падчас шлюбу лічыцца агульнай маёмасцю, нават калі туды былі ўкладзены асабістыя сродкі мужа, жонкі або некага з іх родных.

– У прыватызацыі кватэры прымалі ўдзел я і муж. Зараз ён жыве ў другім горадзе з другой сям’ёй, выплаты не робіць, як мне перааформіць кватэру толькі на сябе?

– Ніякія здзелкі з прыватызаванай кватэрай, за якую не выплачана поўнасцю сума, немагчымы. Скасаваць з вамі дагавор могуць толькі ў выпадку, калі не будуць ажыццяўляцца выплаты, аднак тады вам і не вернуць раней унесенай сумы. Другі варыянт, працягвайце плаціць, а муж няхай складзе завяшчанне на сваю долю кватэры. Выйсце таксама не лепшае, паколькі завяшчанне можна памяняць.

– Памёр муж, але жывы яго бацька-пенсіянер, які не падаваў заявы на прыняцце спадчыны. Але чула, што родныя, якія па стане здароўя або ўзросце не працуюць, у любым выпадку могуць прэтэндаваць на яе. Ці так гэта?

– На маёмасць сапраўды могуць прэтэндаваць любыя ўтрыманцы з ліку блізкіх па законе. Нават сужыцельніца, калі яна не працавала ці мела меншы за сужыцеля даход і знаходзілася на яго ўтрыманні. Аднак гэта прызнаецца толькі праз суд. Любыя іншыя родныя-ўтрыманцы сапраўды маюць права на частку маёмасці. Але калі на працягу 6 месяцаў яны не пісалі заявы на яе прыняцце, а паведамленне аб адкрыцці спадчыны атрымлівалі, то гэта лічыцца маўклівай адмовай, за выключэннем выпадкаў, калі чалавек фактычна ўступіў у валоданне і кіраванне спадчынай. Тады адмова павінна быць зроблена толькі ў пісьмовай форме.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *