Пад такім лозунгам з 10 па 31 мая праходзіць рэспубліканская акцыя “Беларусь без тытуню”, ініцыятарам якой выступае Міністэрства аховы здароўя. Тытунёвы дым выклікае і абвастрае многія хваробы, дзейнічае практычна на ўсе органы. Па дадзеным Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ад розных хвароб, звязаных з курэннем, памірае 4,9 мільёна чалавек у год. Смяротнасць ад рака лёгкага ў тых, хто курыць, у 20 разоў вышэйшая, прыхільнікі тытуню ў 13 разоў часцей хварэюць стэнакардыяй і ў 10 разоў — язвай страўніка. Пры выкурванні ў дзень 20 цыгарэт за 30 гадоў курыльшчык прапускае праз свае лёгкія 150-160 кілаграмаў табака і не памірае толькі ад таго, што ўводзіць яго невялікімі дозамі. Аднак, нават той, хто не выкурвае ніводнай цыгарэты ў дзень, з’яўляецца пасіўным курыльшчыкам, знаходзячыся побач з прыхільнікамі табака на рабоце, у гасцях, на прыпынках грамадскага транспарту, у пад’ездах…
Ці лёгка кінуць курыць, і як ушачане розных узроставых груп адносяцца да праблемы курэння.
К.Суравец: курыць або не – асабістая справа кожнага, выбар канкрэтнага чалавека, таму да прыхільнікаў табака адношуся нейтральна. Ніхто не паклапоціцца пра тваё здароўе акрамя цябе самога. А вось маладых мам, якія сядзяць у скверы з цыгарэтай у руках, а над каляскай з маленькім дзіцём уздымаецца дымавое воблака, асуджаю. Лічу, што адмовіцца ад дрэннай звычкі можна, неабходна толькі жаданне і сіла волі.
В.Каваленка: чамусьці ўсе курыльшчыкі лічаць, што тытунь не наносіць урон іх здароўю, і тым больш не задумваюцца пра акружаючых людзей. Непрыемна, калі ў грамадскіх месцах прыходзіцца ўдыхаць гэты ўедлівы дым. Напэўна, трэба было б увесці абмежаванні на курэнне ў такіх месцах, як, напрыклад, аўтавакзалы, пад’езды. Сучасная моладзь наогул лічыць, што курыць – гэта модна, і “здаровым паміраць шкада”. Пара ўжо пераходзіць на іншую моду – моду на здароўе.
У.Рубанік: не лічу курэнне такой ужо страшнай з’явай, хаця, канечне, трэба прытрымлівацца пэўнай меры – выкурваю некалькі цыгарэт у дзень, а бывае што і ніводнай. Адзін мой знаёмы паспрачаўся з сябрамі, ці зможа ён не курыць месяц. Па сваёй натуры не любіў прайграваць і дабіваўся пастаўленых мэт. Спачатку было цяжка, калі хацелася курыць, еў цукеркі або семачкі. Калі спрэчка была выйграна, узяў у рукі цыгарэту, але не атрымаў ад курэння ніякай асалоды. Пасля вырашыў, што наогул курыць не будзе.
Н.Багдановіч: да курэння адношуся адмоўна. Непрыемна, калі выходзіш на вуліцу адпачыць і падыхаць свежым паветрам, а на цябе ляціць дым ад цыгарэт. Кінуць курыць лёгка, неабходна толькі жаданне. Мой сын-студэнт разам з сябрамі паддаўся агульнай моднай тэндэнцыі і пачаў курыць, але хутка зразумеў, што гэта негатыўна адбіваецца на яго здароўі і фінансах, вырашыў адмовіцца ад гэтай дрэннай звычкі.
Падрыхтавала В.ПОЛАЗАВА.