15 мая в стране отмечается день семьи

Общество

Па даных перапісу 2009 года, ва Ушацкім раёне пражывала больш 4 тысяч сямей. 4132 рэспандэнты-мужчыны ўзростам старэй 15 гадоў указалі, што знаходзяцца ў шлюбе, з іх 636 – у незарэгістраваным. Сярод апытаных жанчын 3498 знаходзіліся ў зарэгістраваным шлюбе і 624 не аформілі сваіх адносін праз загс.
Па стане на 14 кастрычніка 2009 года ў раёне пражывала 6518 жанчын-маці. З іх 1517 нарадзілі адно дзіця, 2981 – дваіх, 1304 – траіх, 395 – чацвярых, 202 – пяцёра, 62 – шасцёра, 37 – сямёра, 11 – восем, 6 – дзевяць дзяцей, 3 (узростам за 65 гадоў) нарадзілі 10 і больш дзяцей.


СЧАСТЬЕ — ЭТО СЕМЬЯ

Сярод былых аднакласнікаў Наталля выйшла замуж самая першая. Так атрымалася: на свяце, што праходзіла на цэнтральнай плошчы райцэнтра, аказалася ў маладзёжным акружэнні старэйшага на пяць гадоў Аляксея. Той дзень памятны для абоіх. Юнак праводзіў дзяўчыну дадому. Размаўлялі і размаўлялі. Наталля не мела практыкі ўзаемаадносін з хлопцамі, можа гэтым і прыцягнула да сябе ўвагу Аляксея. І ён спадабаўся ёй адразу. Літаральна праз месяц дзяўчына атрымала прапанову на шлюб.
Утварыўшы сям’ю, маладыя людзі не маглі не думаць аб яе дастатку. Аляксей працаваў ужо на цэнтральнай кацельні, пазней Наталля ўладкавалася ў камунгас кантралёрам водаканала. А ў марах было паступіць у бібліятэчны тэхнікум, бо са школы любіла чытаць, добра пісала сачыненні, спрабавала складаць вершы. Для сур’ёзнага чалавека ажыццявіць задуманае – не такая і праблема. І вось маладая жанчына паступае, займаецца завочна і заканчвае тэхнікум (але і цяпер не пакідае сваё пачатковае месца работы). Хаця і ўзнікла нямала клопатаў, калі нарадзіліся сын Даня і дачка Аня.
На сёння самае складанае гэтай сям’і – у мінулым, калі не мелі ўласнага жылля, трэба было маладой маме адлучацца на сесіі, галаве сямейства – асвойваць больш аплачваемую работу муляра.
Ларчанкі жывуць па вуліцы Віцебскай, побач з іншымі маладымі сем’ямі. Кватэру яны пабудавалі з дзяржаўнай падтрымкай, з растэрміноўкай на сорак гадоў. Не маюць ні ў чым патрэбы.
Асаблівы клопат маладых бацькоў – аб сваіх дзецях. Не, яны далёкія ад таго, каб ставіць дачку і сына ў прыклад іншым, але ўсяляк імкнуцца, каб з іх атрымаліся дастойныя людзі. У прамым сэнсе па боскіх законах іх выхоўваюць, бо, як і бацькі Наталлі, наведваюцца ў адну з цэркваў гарпасёлка. Нельга сказаць, што ў сваёй веры перагінаюць палку, але асноўных запаведзяў прытрымліваюцца самі і дзецям перадаюць уласныя ўяўленні аб жыццёвых складаемых. Усёй душой радуюцца, калі, скажам, Даня расказвае пра некага: “Мама, дык ён жа падмануў, падумаць толькі …”
У дзяцей Наталлі і Аляксея выявіліся ўжо свае захапленні. Даня любіць матэматыку, займаецца ў школе мастацтваў па класе фартэпіяна. Ані падаюцца мова і літаратура, дзяўчынка вельмі любіць спяваць. Яна да таго раскавана трымаецца на сцэне, так прыгожа выконвае песні, што зала заўсёды дорыць юнай выканаўцы працяглыя апладысменты. Так было, напрыклад, у час сцэнічнага свята, прысвечанага Дню маці, у мінулым годзе. Паглядзець на выступленне дачкі Наталля і Аляксей прыйшлі разам. Калі ва ўсіх прысутных у зале заміралі сэрцы ад таго, як гучала ў выкананні Ані песня “Милая мама”, то тым больш бацькам было незвычайна шчымліва слухаць яе. Ад такіх маленькіх радасцей вырастаюць вялікія крылы.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: сям’я Ларчанкаў. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *