Хутка паўвека, як крочаць па жыцці побач Мікалай Раманавіч і Аліна Паўлаўна Гваздзёвы. Для гісторыі гэта невялікі адрэзак, а для чалавека амаль цэлае жыццё. У студзені гэтага года гаспадар адзначыў 85-гадовы юбілей. За плячыма гэтага чалавека цяжкія гады ваеннага ліхалецця, няпростае, але шчаслівае жыццё ў мірны час.
Калі пачалася вайна, М.Р.Гваздзёву было толькі пятнаццаць. Зусім малады ўзрост не перашкодзіў юнаку прыняць удзел у барацьбе з ворагам. Меў сувязь з партызанамі, выконваў іх заданні, удзельнічаў у многіх аперацыях. Падчас адной з іх ля вёскі Качаны быў паранены. У маі 1944-га М.Р.Гваздзёў удзельнічаў у прарыве варожага акружэння.
Пасля вайны М.Р.Гваздзёў дзевяць гадоў працаваў ва Ушачах агентам па нарыхтоўках. На Ушаччыне сустрэў ён сваю будучую жонку, якая працавала на той час прадаўцом магазіна ў вёсцы Ляснеўшчына. Ажаніліся ў кастрычніку 1961 года, пераехалі жыць у Ільюшына. Уладкаваліся на працу ў мясцовы калгас, дзе былі прыкладам для іншых, адказна працавалі да самай пенсіі. Аліна Паўлаўна была ў гаспадарцы даяркай. У 1974-м Гваздзёвы пабудавалі ў Ільюшыне дом, у якім нарадзіліся і выраслі дзеці (чацвёра), тут Мікалай Раманавіч і Аліна Паўлаўна сустрэлі старасць.
У 1987 годзе ветэран сур’ёзна захварэў. Аднак, як дзве палавінкі аднаго цэлага, Гваздзёвы мужна пераадольваюць усе нягоды. Клапатлівая жонка падтрымлівае, падбадзёрвае Мікалая Раманавіча, дапамагае справіцца з хваробай, бярэ на сябе клопаты па гаспадарцы, бо ў мужа зусім аслабелі ногі. Жанчына ведае, наколькі яму патрэбна сёння яе падтрымка, спагада. Разумеюць гэта і іх дзеці, якія не забываюць пра сваіх бацькоў, дапамагаюць чым могуць.
Няпросты час давялося перажыць, але яны паспелі зрабіць многа карыснага: пабудавалі хату, пасадзілі не адно дрэва, выхавалі працавітых, як самі, дзяцей. У Ільюшыне Мікалай Раманавіч і Аліна Паўлаўна з’яўляюцца вельмі паважанымі людзьмі. Здароўя ім і дабра! І абавязкова адзначыць гэтай восенню “залатое вяселле” – прыемна і запамінальна.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: Мікалай Раманавіч і Аліна Паўлаўна Гваздзёвы.