Сёлета на Віцебшчыне быў абраны новы фармат падвядзення вынікаў уборачнай кампаніі. Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2022” стартаваў 17 верасня ў Дзень народнага адзінства ў Глыбокім, а затым ахапіў усе рэгіёны вобласці. У кожным раёне ўшаноўвалі аграрыяў, якія дабіліся высокіх вынікаў. А ў мінулую суботу маштабны дажыначны марафон завяршыўся ў Віцебску. Дэлегацыя Ушаччыны на чале са старшынёй райвыканкама С.С.Садоўскім таксама пабывала на ўрачыстасці.
Віцебшчына сёлета прадэманстравала добры вынік: намалочана больш за 1 мільён тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 31 цэнтнер з гектара, што значна вышэй, чым летась. Раёнамі-лідарамі на жніве-2022 у сваіх групах сталі Віцебскі (ужо ў шосты раз), дзе агульны збор збожжа склаў больш за 100 тысяч тон, і Верхнядзвінскі. А вось сярод прадпрыемстваў пальму першынства ва ўборачнай кампаніі традыцыйна трымае СВК “Ларыноўка” Аршанскага раёна. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых тут склала 77,4 цэнтнера з гектара! Добрых паказчыкаў дабіліся і сялянска-фермерскія гаспадаркі. Напрыклад, у CФГ “Вармас” Віцебскага раёна ўраджайнасць збожжавых дасягнула 64,1 ц/га, гаспадарка яшчэ і лідар па вытворчасці бульбы, цыбулі.
◆ 198 экіпажаў камбайнераў вобласці перасягнулі тысячны намалот. Мяжа ў дзве тысячы пакарылася 27 экіпажам. Трохтысячны намалот пераадолелі чатыры, больш за 4 тысячы тон намалаціў 1 экіпаж. Абсалютны рэкорд устанавілі камбайнеры з філіяла “Задняпроўскі” Аршанскага раёна – 5 тысяч 695 тон збожжа.
За ўсімі дасягненнямі стаяць працавітыя і старанныя людзі. Добрых слоў заслугоўваюць не толькі тыя, хто выходзіць у поле ўжо непасрэдна на камбайнах, а і механізатары, задзейнічаныя на падрыхтоўцы глебы, сяўбе, вадзіцелі, аграномы, механікі і інжынеры. Гэта падкрэслівалася падчас першай часткі – ушанавання лепшых работнікаў галіны ў аблвыканкаме. Сярод узнагароджаных быў і прадстаўнік Ушацкага раёна – механізатар ААТ “Ільюшынскі” А.В.Усовік. З рук кіраўніка вобласці А.М.Субоціна ў гэты дзень ён атрымаў Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама. З тым, што гэта заслужана, пагодзяцца нават тыя, хто асабіста не знаёмы з Анатолем Віктаравічам – ён пастаянна трапляе на старонкі нашай газеты падчас усіх сельскагаспадарчых кампаній. 36 сезонаў на камбайне выходзіў у поле, а ў гэтым годзе, калі яго агрэгат ужо быў спісаны па прычыне зношанасці, рыхтаваў глебу, засяваў палеткі зерневымі, быў задзейнічаны на корманарыхтоўцы. “Што і казаць, вельмі прыемна, але хвалююча! Хоць раней ужо даводзілася прымаць удзел у “Дажынках” і атрымліваць узнагароды, але ж за штурвалам тэхнікі адчуваю сябе камфортней”, – падзяліўся з намі ўражаннямі Анатоль Віктаравіч.
◆ Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі І.Брыло, у краіне павялічыліся аб’ёмы вытворчасці не толькі збожжа, а і цукровых буракоў, лёну, бульбы і агародніны. Забяспечана харчовая бяспека. За 9 месяцаў экспартавана сельгаспрадукцыі на 6 млрд долараў. Важную ролю ў гэтым адыграла Віцебская вобласць. Беларускую прадукцыю ведаюць больш чым у 100 краінах свету.
Асноўная ж частка ўрачыстасці разгарнулася ў абласной філармоніі, дзе на сцэну падымаліся пераможцы жніва і ладзіўся канцэрт. На пляцоўцы каля ўстановы працавалі тэматычныя падворкі, шматлікія выставы-дэгустацыі буйных вытворцаў хлеба, малака, мяса. Кожны спыняўся, каб зрабіць фота каля арыгінальных прыдзвінскіх караваяў і снапоў.
У Год гістарычнай памяці ўдзельнікі фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі ўсклалі кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Віцебску і на воінскіх могілках на Успенскай горцы.
Вольга КАМАРКОВА.