Праезная частка – зона павышанай рызыкі. Перабег дарогу не там, сышоў з абочыны – трапіў пад колы аўто. Наколькі адказна ставяцца ўшачане да сваёй бяспекі, мы высвятлялі разам з супрацоўнікамі аддзялення ДАІ падчас нядаўняга рэйду па тэрыторыі Сарочынскага і Ушацкага сельсаветаў.
Уполі нашага зроку – найперш пешаходы, веласіпедысты, возчыкі гужавога транспарту. Менавіта адзначаная катэгорыя ўдзельнікаў дарожнага руху лічыцца найбольш уразлівай.
Накіроўваемся ў напрамку вёскі Белае праз Завячэлле. У другой палове дня дарогі тут – практычна пустыя. Толькі ў Мосары прыкмячаем веласіпедыста, які пры наяўнасці абочыны едзе па праезнай частцы. “Тут зручней, ды і транспарту мала”, – апраўдваецца парушальнік. Не паклапаціўся мужчына і пра годнае абсталяванне транспарту: спераду не было святлоадбівальніка белага колеру, а таксама спраўнага гукавога сігналу. Праваахоўнікі нагадалі і пра неабходнасць выкарыстання ў цёмны час сутак па-за межамі населенага пункта вопраткі павышанай бачнасці са святлоадбівальнымі элементамі (камізэлек). Улічваючы, што мужчына дагэтуль не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па лініі ДАІ, яму вынесена папярэджанне.
Такая ж “санкцыя” чакала ў гэты дзень грамадзянку, якая на 28-м кіламетры трасы “Лепель – Полацк” пераходзіла дарогу ва неўстаноўленым месцы. Пасля выхаду на прыпыначным пункце з аўтобуса жанчына рушыла праз праезную частку практычна на перакрыжаванні – па надзвычай небяспечным участку! Варта ўдакладніць, што да пешаходнага пераходу было ўсяго метраў 15. Парушальніца віну не аспрэчвала, абяцала памылку больш не паўтараць.
◆ Пры няўдалай “сустрэчы” з аўтатранспартам штогод гіне некалькі соцень пешаходаў і веласіпедыстаў.
А вось сустрэчы з наступнымі двума грамадзянамі былі для ўдзельнікаў рэйду як бальзам на душу. Вяртаючыся ва Ушачы, ля вёскі Ваўчо спыняем веласіпедыста. Транспартны сродак – цалкам адпавядае патрабаванням пункта 200 ПДД, мужчына едзе па абочыне, ды яшчэ ў камізэльцы, хаця на вуліцы яшчэ светла. “Пра новыя правілы я, канечне, ведаю – прачытаў у “Патрыёце”. Увогуле не разумею, чаму некаторыя ігнаруюць нашэнне спецыяльных камізэлек. Нязручнасцяў пры яздзе яны не ствараюць – затое як ад няшчасця падстрахоўваюць!”
Такога ж меркавання прытрымліваецца і жанчына, якую сустрэлі ля Двор-Пліна. “Мне без розніцы, дзень зараз ці вечар – заўсёды апранаю святлоадбівальны элемент вопраткі, калі саджуся на веласіпед. Пра трагічныя наступствы аварый чула не раз – не хачу аказацца ў падобнай сітуацыі!”
***
Завіталі мы і ў некаторыя гандлёвыя кропкі філіяла аблспажыўтаварыства – каб праверыць, ці ёсць на паліцах святлоадбівальнікі. Камізэлек не ўбачылі нідзе (ёсць у асобных прыватных магазінах райцэнтра – напрыклад, ва “Усё за капейку), а невялікія флікеры – палоскі, бірулькі, налепкі – нават калі і меліся, то ў недастатковай колькасці. Кіраўніцтву філіяла аддзяленнем ДАІ ўказана на неабходнасць аператыўнага вырашэння гэтага пытання.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.