От белой и фиолетовой морковки до арбузов и успокаивающих трав. Какие ещё эксперименты проводят на участке в Великодолецкой школе, читайте в нашем материале

Образование и молодежь Общество

Пра небывалы ўраджай яблыкаў у садзе Вялікадолецкай школы, нюансы вырошчвання дрэўцаў, захаванне і перапрацоўку пладоў мы ўжо расказвалі чытачам. Упэўнены: не менш цікава будзе даведацца многім і пра агародніцкія адкрыцці навучальнай установы. Чаго толькі не ўбачыш на тутэйшых 54 сотках з градкамі ды цяпліцамі!

Альбінос ці белая морква?

“А гэта натуральная морква? Чаму тады такога дзіўнага колеру?” – пытаюся, убачыўшы ў скрынях не прывычна аранжавыя, а жоўтыя, белыя, фіялетавыя караняплоды. Аднак справа, як тлумачаць педагогі, не ў выцвітанні, альбінізме ці скрыжаванні з бураком, як меркавалі некаторыя, – гэта каляровыя гатункі морквы. У вырошчванні культуры, уборцы ўраджаю актыўны ўдзел традыцыйна прымалі вучні – для іх гэта і пэўнае адкрыццё, і добры агародніцкі вопыт.

Калі хочаце салодзенькага, раяць настаўнікі хіміі і біялогіі В.М.Шышоў і А.М.Жук, – аддайце перавагу галандскаму гібрыду “Purple haze” (фіялетавая смуга). У соку такой морквы ўтрымліваецца звыш дзевяці працэнтаў цукру. Як можна здагадацца з назвы, караняплоды (іх вага – 100-150 грамаў, даўжыня – каля 30 см) маюць фіялетавую афарбоўку – аднак толькі “звонку”, сярэдзінка ў іх аранжавая. Дарэчы, інтэнсіўнасць колеру – падказка на колькасць іонаў магнію, кальцыю. Утрымлівае такая морква і антацыян – фермент, які павышае ахоўныя функцыі арганізму. Адзіны мінус – пры чыстцы караняплоды афарбоўваюць у пурпурныя тоны ўсё, з чым кантактуюць – рукі, посуд, іншую агародніну. Пры варцы аддаюць колер вадзе, становяцца бурымі, не надта прывабнымі, таму ў ежу ўжываюць у асноўным у сырым выглядзе.

“White Satin” (белы сацін) – яшчэ адзін галандскі гібрыд, прыкладна з такімі ж па памеры пладамі, але ўжо белага колеру. Смакавыя якасці, як адзначае Алена Мечыславаўна, – таксама на вышыні, мякаць мясістая, сакавітая, “стрыжня” ўнутры практычна няма. Гэты гатунак прадэманстраваў сёлета найлепшую ўраджайнасць. Цукру ў караняплодах менш за ўсё – 6,9 працэнта. Невялікая і каларыйнасць, таму белая морква ідэальна падыходзіць для дыетычнага харчавання.

Патрэбны позні гатунак – пасадзіце “Yellowstone”(жоўты камень), распрацаваны амерыканскімі селекцыянерамі. Вегетатыўны перыяд жоўтай морквы дасягае 139 дзён, тады як прыгаданай вышэй фіялетавай і белай – 95. Большая тут і вага караняплодаў – 150-350 грамаў. Такая морква любіць пясчанік ці суглінкавыя глебы. Яна салодкая, таму таксама яе рэкамендуюць выкарыстоўваць для дзіцячага харчавання.

“Вядома, вырошчвалі і прывычную аранжавую, – удакладняе А.М.Жук. – Менавіта яна складзе аснову рацыёну школьнікаў. “Каляровая” ж – найперш для адукацыйных мэт, для дэманстрацыі на занятках, у тым ліку ў пачатковых класах” (на здымку).

Дзіўны тэф і “марская” капуста

Толькі разнавіднасцяў капусты на ўчастку (яе вялікадальчане вырасцілі звыш паўтоны) – пальцаў рукі не хопіць для пераліку: белакачанная і чырвоная, брусельская і кальрабі, брокалі і савойская. Дарэчы, апошняя вельмі падобна на шпінат і, па словах В.М.Шышова, добра падыходзіць для прыгатавання салатаў, галубцоў. Паэксперыментавалі сёлета і з каралавай капустай “Раманэска”, якую нярэдка людзі садзяць на клумбах. Качаны, сапраўды, нагадваюць ландшафтную кампазіцыю: складаюцца з розных па памеры пірамідак, закручаных па спіралі, – штосьці накшталт ракавіны, іншай марской істоты.

“А тэф калі-небудзь бачылі? – указваючы на градку з дзіўнай травяністай раслінай, запытаў Віктар Мікалаевіч. – На жаль, надвор’е не дазволіла гэтай злакавай культуры, радзімай якой з’яўляецца Эфіопія, сёлета даць ураджай. Аднак школьнікі з задавальненнем назіралі за “паводзінамі” тэфу, вывучалі яго асаблівасці. Звычайна дробнае зерне гатуюць цалкам: вараць кашы, дадаюць у супы, у некаторых краінах – пераціраюць да стану мукі і выпякаюць хлебабулачныя вырабы”.

А вось кавуны вялікадальчан сёлета парадавалі. Пладамі гатункаў “Цукровы малыш” і “Бедуін” частаваліся ўсёй школай.

Сашэ – для заспакаення

Пачэснае месца на “аптэкарскім агародзіку” вялікадальчан не першы год займае духмяныя расліны. Сёлета ж, дзякуючы атрыманню ад Зялёнага Крыжа швейнай машынкі, аверлокаў, чатырох відаў тканіны, крафтпакетаў, з усяго гэтага вучні пачалі вырабляць мілыя “супакойваючыя” сувеніры.

У кабінеце абслугоўваючай працы пах – проста неверагодны! Нічога дзіўнага: дзесяцікласнікі, якія атрымліваюць спецыяльнасць швачак, з настаўнікам Валянцінай Іванаўнай Вусько займаюцца “вытворчасцю” сашэ з лаванды і мяты (на здымку). Некалькі акуратных сцяжкоў – і падушачка, якая напаўняецца высушанымі травамі, практычна гатова. “Турбуе стрэс? Дрэнна спіце? Тады такія рэчы дакладна для вас – проста пакладзіце ля ложка”, – кажуць дзяўчаты. Дарэчы, вырабляюць яны на ўроках працы (шэсць гадзін на тыдні) і мятных катоў – невялікія лялькі са зразумелым з назвы “начыннем”.

Яшчэ больш планаў, цікавых задум – наперадзе. А ў тым, што ў эксперыментатараў усё атрымаецца, няма сумненняў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *