1418 доўгіх дзён і начэй працягвалася Вялікая Айчынная вайна. Толькі ўдумацца – так доўга! І кожны дзень нехта пакідаў жыццё, расла колькасць удоў і сірот. Мільёны лічацца ахвярамі фашызму, але недарэмна ўвесь народ абараняў Радзіму – дзеля светлага і радаснага сёння, дзеля таго, каб нашчадкі ніколі не зведалі жаху вайны. Іменна таму такая наша павага да ветэранаў, іх шчырае ўшанаванне ў гэты дзень – праз 66 гадоў пасля таго, як адгрымелі залпы вайны, як стралялі ўжо проста ў неба ад радасці, што дайшлі да Берліна і засталіся жывымі.
Святкаванне Дня Перамогі штогод пачынаецца ў раёне задоўга да афіцыйнага дня, калі ўся краіна адзначае гэтую слаўную дату. Праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, сярод іх і добраўпарадкаванне месцаў пахавання воінаў і партызан, ушанаванне ветэранаў, іх сустрэчы з моладдзю. І ўсё ж асаблівым з’яўляецца дзень 9 Мая.
Яшчэ да пачатку святочнага шэсця на плошчы гарпасёлка было мнагалюдна. У свой выхадны дзень сюды прыйшлі не толькі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Аддаць даніну традыцыі і павагі тым, хто змагаўся за наша светлае сёння, ушачане прыйшлі цэлымі сем’ямі, з дзецьмі, было шмат моладзі.
Вельмі мала засталося сведак таго страшнага часу – толькі 98 ушачан, ветэранаў Вялікай Айчыннай, дажылі да 66-годдзя Перамогі. На святочных мерапрыемствах змаглі папрысутнічаць толькі адзінкі з іх.
Удзельнікі вайны, моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый у адной калоне пад гукі ваеннага аркестра прайшлі да помніка загінуўшым воінам і партызанам, які ўстаноўлены ў скверы райцэнтра. Наперадзе калоны, як сімвал гераізму ўшачан, вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”, якім гарадскі пасёлак узнагароджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2009 годзе.
Вянкі ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, ад удзячных ушачан кладуцца да помніка і пліт з прозвішчамі загінуўшых разам з мноствам жывых кветак.
Стала традыцыяй урачысты мітынг праводзіць на свяшчэнным месцы – мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Вось і на гэты раз сотні жыхароў і гасцей раёна сабраліся там, каб аддаць даніну павагі і памяці загінуўшым падчас смяротнага бою з фашыстамі партызанам. На мітынгу выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч, старшыня глыбачэнскай ветэранскай арганізацыі Д.У.Крупеня, а ад імя моладзі першы сакратар раённага камітэта БРСМ А.Шалак.
Хвіліна маўчання… і зноў вянкі і кветкі да пастамента і мемарыяльных пліт…
Затым у райцэнтры ў Доме культуры адбылася літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная Дню Перамогі, ушачане мелі магчымасць паглядзець фільм “Брэсцкая крэпасць”. А ў скверы разгарнулася масавае гулянне. Тут можна было паслухаць канцэрт духавога аркестра, наведаць выставу народных умельцаў.
Міхаіл Макаравіч Шамук і Кацярына Кузьмінічна Шасцярэнь сустрэліся ля “салдацкай кашы” і доўга не маглі нагаварыцца, хоць і бачыліся сёння. Як і на кожны Дзень Перамогі, Міхаіл Макаравіч прыйшоў з вялізным ахапкам цюльпанаў, якія дорыць усім сябрам-ветэранам. Адзін застаўся, а даглядае вясновыя кветкі, каб расцвілі да самага галоўнага свята. “А памятаеш…”, — усё прыгадваў ён фрагменты мінулага. Адзіны лёс ваенных падлеткаў, адно месца працы – Ушацкая раённая бальніца, дзе ён працаваў вадзіцелем “хуткай дапамогі”, а яна – акушэркай. І агульная горыч страты – кожны з іх, як і літаральна кожны ўшачанін, што прыйшоў сёння ў сквер, на мемарыял, мае свой жалобны спіс. У Міхаіла Макаравіча вайна забрала двух бацькавых братоў, сваякоў. Ім жа суджана было выжыць, каб у прамым сэнсе слова дарыць здароўе і жыццё людзям.
Ужо астыла салдацкая каша, а ўсё гучала ветэранскае “А памятаеш” і спрадвечнае “Каб ніколі не было вайны”.
Скончыліся мерапрыемствы канцэртам мастацкай самадзейнасці і святочнай дыскатэкай.
В.ПОЛАЗАВА.