“Ой, як добра касяк пайшоў, уздоўж чароту і ўглыб. Самастойная рыба. Не давядзецца пасвіць”, – жартавалі работнікі ўнітарнага прадпрыемства “Асланаў і К” увечары 8 лістапада на беразе Павульскага возера. Пярэсты таўсталобік, сапраўды, добра перанёс доўгую дарогу з Нясвіжа і жвава групаваўся. У празрыстай вадзе выдатна праглядаліся іх арганізаваныя атрады з важакамі наперадзе. Былі, праўда, адзінкі, у якіх ад крутога спуску па спецыяльным латку “закружылася галава” і яны некалькі секунд ляжалі брушкам уверх ці дазвалялі ўзяць сябе ў рукі. Але глытнуўшы ўшацкай вадзіцы, хутка апрытомнелі і… паплылі абжывацца.
А вось карасі, якіх выпусцілі ў Матырынскае возера 26 кастрычніка, ужо адчуваюць сябе як рыба ў вадзе. Праўда, заснавальнік “Тэхнакраса” П.Герасімёнак да позняга вечара заставаўся ў той дзень ля вадаёма. Сяголеткі, вырашчаныя ў штучных умовах, пэўны час стаяць ля берага і іх лёгка можна вылавіць нават сачком. Каб карпы і карасі не сталі лёгкай нажывай, а першыя былі грамаў па 350 – хоць адразу на патэльню – іх і вартуюць пасля запуску.
“Звычайна пасля зарыблення каля тыдня арандатары на возера з сеткамі не выходзяць, – тлумачыць начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.А.Шук. – Яны могуць нават ініцыяваць рашэнне аб забароне лоўлі рыбы пэўны час, хаця звычайна абыходзяцца без гэтага”. А работнік “Асланаў і К” Мікалай Кляшторны дадае, што калі і пазней трапляюць такія экзэмпляры, іх выпускаюць. Хапае і дарослых асобін, таго ж таўсталобіка па 4 кілаграмы, ну а самы вялікі, што трапіў у сеткі, заважыў ажно 20.
◆ Усе чатыры арэндныя возеры Ушацкага раёна зарыбляліся ў канцы 2019-га і пачатку 2020 года. На чарзе – возера Усвея, якое таксама арандуе прадпрыемства “Асланаў і К”, і Турасы – сялянска-фермерская гаспадарка “ЛітАл”.
◆ Цікава, што ў дагаворы з арандатарам “ЛітАЛ” пазначана зарыбленне Турасаў вугром, з агаворкай “калі ёсць пасадачны матэрыял”. На жаль, вугра ў Беларусі не разводзяць.
Якім відам зарыбляць возера, арандатары вырашаюць не самі. Гэта прапісана ў дагаворы згодна рыбалоўна-біялагічнага абгрунтавання, якое робіць Акадэмія навук Беларусі і якое ў сваю чаргу праходзіць экспертызу. Адпаведна яму на Матырынскім возеры два тыдні таму наваселле спраўлялі 1000 асобін люстэркавага карпа і 2800 карася – 300 і 280 кілаграмаў адпаведна. А на Павульскім – 3150 асобін пярэстага таўсталобіка агульнай вагой 1,102 тоны. На абодва рыбу прывезлі ў дзвюх машынах: толькі ў першым выпадку, бо быў розны від, а ў другім – вялікая вага. Адрозніваўся і спосаб выгрузкі, што абумоўлена выключна пад’ездам да возера: таўсталобік адразу скокаў у ваду, а на Матырынскім карасёў і карпаў насілі на руках – у скрынях. Аднолькавае пры любым відзе, возеры ці арандатары тое, што зарыбленне адбываецца на вачах прадстаўнічай камісіі, якая фіксуе ўвесь працэс, пачынаючы з праверкі пломбы на машыне. Так, спецыфічны груз перавозяць спецыяльным транспартам апламбаваным, з ветэрынарным пасведчаннем і падпісаннем адпаведнага акта. Зараз, як і ў папярэднія разы, пад ім стаялі прозвішчы начальніка Полацкай міжраённай інспекцыі расліннага і жывёльнага свету А.Э.Тананы, М.А.Шука і спецыяліста райсельгасхарча Л.М.Міхаль. А вось шукае малька сам арандатар. І хоць бліжэй, у Пастаўскім раёне ёсць рыбгас, які займаецца развядзеннем карпа, карася і таўсталобіка, малька, тым не менш, там не прадалі і нашы арандатары везлі “падлеткаў” з Чэрвеньскага і Нясвіжскага раёнаў. Адшукаць матэрыял для зарыблення аказваецца не надта і проста. Наогул даволі сціплы выбар відаў, якіх разводзяць. Гэта пераважна карасі, карпы, таўсталобікі, акуні, шчупакі. Розны і кошт малькоў. Самы дарагі з названых рыб – апошні драпежнік, а танны – карась, таўсталобік – у сярэдзіне. За гэту партыю, напрыклад, арандатар заплаціў з дастаўкай 6300 рублёў. Судака стануць вырошчваць толькі па папярэднім заказе і абыдзецца гэта ў разы даражэй за ўсе пералічаныя віды.
Вольга КАРАЛЕНКА.