На три дома — три коровы. В Можейчино считают, что, живя в селе, нужно держать скот

Общество

Якую вёску нашага раёна можна назваць самай “малочнай”? Несумненна, на такі статус прэтэндуе маленькае Мажэйчына, што размясцілася ў маляўнічай нізінцы непадалёк ад віцебскай шашы. Зараз, калі раз’ехаліся дачнікі, людзі тут пражываюць толькі ў трох сядзібах – і на іх падворках гадуецца такая ж колькасць буронак!

У наш час такі “статак” ужо становіцца рэдкасцю нават у вялікіх вёсках і аграгарадках. Але ж тут сабраліся вельмі руплівыя гаспадары, якія лічаць, што жыць на сяле і не трымаць жывёлу – гэта нонсэнс! Раней вясковы план па буронках аднаасобна закрываў Аляксандр Спірыдзёнак, у гаспадарцы якога заўсёды было некалькі кароў. Зараз у мужчыны іх дзве, а вось трэцюю не так даўно завяла новапрыбыўшая жыхарка Мажэйчына Тамара Уладзіміраўна Вайніцкая (на здымку). Калі ж казаць больш дакладна, то ў гэтай вёсцы яна калісьці пачынала сямейнае жыццё, сюды ж вярнулася, калі ўступіла ў этап сталасці. Сама жанчына з Лепельшчыны, але пасля вяселля пераехала на радзіму мужа Уладзіміра Качана. Мажэйчына ёй спадабалася, жылі ў згодзе, нарадзілася трое дзетак, Тамара працавала на малакапункце ў Слабадзе. Калі ж ён зачыніўся – сям’я пераехала ў Старае Сяло: муж уладкаваўся вадзіцелем, жонка – поварам у школу. Трымалі вялізную гаспадарку: 4 каровы, 5-6 парсюкоў – спраўляліся з ёй усёй сямейнай грамадой. …Ідылія рухнула раптоўна, калі вераснёўскім днём прыйшла жудасная навіна: муж разам з двума сябрамі-рыбакамі патануў на возеры. Дзеці на той час ужо выраслі, і жанчына вырашыла пакінуць мясціны, дзе ўсё нагадвала пра трагедыю. Колькі часу пажыла ў Полацку, а потым 16 год правяла ў Санкт-Пецярбургу. Не так даўно Тамара зноў выйшла замуж, але пастаянна сумавала па радзіме. Тым часам дачка з зяцем набылі хатку на зямлі продкаў, пачалі побач будаваць новы дом – і ледзь толькі Тамара Уладзіміраўна прыехала пагасціць у Мажэйчына, адразу зразумела, што назад у горад зусім не хоча.

А тут яшчэ сяброўку маладосці сустрэла – Тамара Арсенцьеўна Непляховіч (у дзявоцтве – Обух) выйшла на пенсію і разам з мужам Віктарам Сцяпанавічам вярнулася жыць на бацькоўскую сядзібу. “Я кранаўшчыком працавала, ён – газаэлектразваршчыкам, жылі ў Полацку, але муж перанёс інфаркт, вось мы і вырашылі ехаць у вёску, бо тут паветра гаючае, – расказвае Тамара Арсенцьеўна. – Паступова абзавяліся гаспадаркай: зараз на падворку куры, індыкі (па 18 кіло чыстай вагі), так што тушонка, фарш, каўбаса – усё свойскае. А вось першы вопыт развядзення трусоў быў няўдалы, таму сёлета, купіўшы новую партыю, адразу прышчапілі вушасцікаў”.

Ну а суседка-“пецярбуржанка” вырашыла гаспадарыць “па буйному”. “Прыехала я ў Мажэйчына, гуляю па наваколлі, а ў палях такія травы сакавітыя, гэткі водар ад іх! Эх, думаю, сюды б кароўку навязаць!..”, – усміхаецца Тамара Уладзіміраўна. І пазалетась ажыццявіла задуму: набыла буронку незвычайнага “палевага” колеру. Зрэшты, у яе і імя прыгожае – Рада. А манеры – як у той паненкі: перш чым адправіцца ў поле, паслухмяна чакае, пакуль гаспадыня навядзе ёй ранішні марафет – пройдзецца шчотачкай па баках, “прычэша” чупрыну. Тая ж працэдура нязменна паўтараецца і ўвечары – якраз яе мы і адлюстравалі на здымку.

Зараз Рада ў запуску, а дагэтуль радавала гаспадыню добрым удоем: і сабе хапала, і дзецям у горад, і іх калегам па рабоце, ды яшчэ і малаказборшчыку заставалася – капейка ж зусім не лішняя. “А ўвогуле, наколькі рэнтабельна трымаць карову?” – пытаюся ў гаспадыні. “Выгада дакладна ёсць! Сена сваёй сям’ёй нарыхтоўваем, зяць нядаўна мотаблок з прычэпам купіў. Агародніна таксама ўласная, з выдаткаў – толькі камбікорм. А хіба ж параўнаеш свойскае малачко з магазінным? Не магу дачакацца, калі мая Радачка ацеліцца”. “Прабачце, а як жа піцерскі спадарожнік жыцця? Няўжо прамянялі мужа на гаспадарку?” – задаю правакацыйнае пытанне. “Юрый Сяргеевіч мой яшчэ працуе, таму да пераезду ў вёску не гатовы. Праўда, быў тут летам у водпуску, дык крыху ўжо ўцягнулі мы яго ў справу, нават трактарком кіраваць навучылі. Ну а ў халодны перыяд я да яго ў госці наязджаю – а за Радай тым часам Тамара Арсенцьеўна прыглядае, мы ж тут літаральна адной сям’ёй сталі, усе клопаты па-роўнаму дзелім. Дарэчы, не толькі свае ўчасткі ў парадку трымаем, а і дачнікам дапамагаем. Па магчымасці і ў наваколлі парадак наводзім: косім, баршчэўнік “карчуем”. Са старшынёй сельвыканкама сувязь трымаем, звяртаемся са сваімі праблемамі”, – пераходзяць на хвалюючыя тэмы мае субяседніцы.

Ды ўсё ж напрыканцы нашай размовы зноў усміхаюцца: “Стаіце паміж дзвюх Тамар! Загадвайце жаданне!”. Я і загадала – датычнае сябровак і іх любімага Мажэйчына. Канкрэтна расказваць, канечне, не буду, інакш жа не спраўдзіцца.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *