Ва Ушачах да 11 лістапада ўключна працуе мабільная дыягнастычная станцыя АТП №6 горада Наваполацка.
У чацвер, 27 кастрычніка, на пляцоўцы аўтапарка выстраілася чарга. “Няўжо прымаеце не па запісе?” – пацікавілася ў інжынера другой катэгорыі па допуску транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху ўпраўлення арганізацыі дзяржаўнага тэхагляду Віктара Васільевіча Навіцкага. “Канечне, існуе, прычым зрабіць гэта можна аддалена на сайце “Белтэхагляду” (gto.by), абраўшы зручны для сябе час. Чаргі звычайна няма. Сёння асаблівы дзень – уступілі ў сілу новыя правілы дарожнага руху, перастройваліся ўсе базы, і сервер часова не працаваў. У нас таксама адбылася замінка, паколькі даныя тэхагляду ўвязаны ў адзіную электронную базу, дарэчы, як і з камер фотафіксацыі “Бяспечныя дарогі”. Засяроджу на гэтым асаблівую ўвагу вадзіцеляў. Зараз не абавязкова перавысіць хуткасць, каб адкрылася і ваша непраходжанне тэхагляду. Сучасным абсталяваннем гэта фіксуецца адразу. Так што праехаць без дазволу на допуск, не атрымаўшы штраф, праз некаторы час не атрымаецца ні па адной трасе”.
Пра гэтае новаўвядзенне ўшацкія вадзіцелі не ведалі, аднак прыезду перасоўнай станцыі чакалі. Не трэба намотваць кіламетраж да гарадоў, асабліва зручна арганізацыям, у якіх вялікі парк. І справа не толькі ў штрафах. Кожны вадзіцель хоча быць перакананы, што яго тэхніка спраўная, некаторыя нават менавіта з гэтай мэтай праходзяць тэхагляд не ў вызначаны час.
◆ Дзяржтэхагляд неабходна праходзіць да даты, указанай у дазволе на допуск, а не на працягу месяца, як было раней.
– У нас кошт агляду крыху больш 30 рублёў, а тэхабслугоўванне машын у афіцыйных дылераў – каля 100, ды і толькі ў адзінак ёсць узмоцненая праверка тармазной сістэмы. Вось і заязджаюць да нас раней тэрміну, каб пераканацца, што ўсё ў парадку. На дыягнастычных станцыях не выпраўляюць няспраўнасці, аднак на рукі чалавек атрымлівае графік, дзе дэталёва ўсё распісана, і згодна з ім у СТА ўсё выправяць. Прычым, калі машына не прайшла нейкі адзін параметр, то правяраецца другі раз толькі ён і даплачваецца нязначная сума.
На станцыі зараз працуе тры спецыялісты, а аўто праходзіць чатырохступенчаты кантроль: на асобных стэндах правяраецца тармазная сістэма, святло і колер фар, спраўнасць вузлоў і стан кузава. Паведаміў Віктар Васільевіч і пра распаўсюджаную хваробу аўтамабіляў – карозію нумароў на кузаве і раме. “У такім выпадку тэхагляд не прайсці без папярэдняй экспертызы. Напрыклад, у некаторых марках “Рэно” яны схаваны пад запасным колам, а людзі яшчэ і закрываюць адтуліны для сцёку вады, што там маюцца. Наадварот, трэба, каб яны былі адкрытымі”.
Нягледзячы на тое, што тэхагляд зараз “не прывязаны” да ўплаты транспартнага падатку, праходзіць яго на 25 працэнтаў менш аўтаўладальнікаў, чым раней. Па назіраннях В.В.Навіцкага, звязана гэта як з меркаваннем людзей “праскочыць”, так і з падаражаннем запчастак. Былі выпадкі, калі на адным аўто прыязджалі на тэхагляд тры пенсіянеры, якія разам даглядаюць машыну і выязджаюць на ёй за межы сваёй вёскі.
Вольга КАРАЛЕНКА.