На выездном заседании президиума районного объединения профсоюзов обсудили законопроект «О Всебелорусском народном собрании»

Общество

Адной з цэнтральных грамадска-палітычных тэм апошніх двух тыдняў стаў у нашай краіне законапраект “Аб Усебеларускім народным сходзе”. Абмеркавалі яго палажэнні і ўдзельнікі пашыранага пасяджэння прэзідыума раённага аб’яднання прафсаюзаў.

“Гэта ўнікальны прававы вопыт, аналагаў якому няма ў свеце, – ахарактарызавала законапраект старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка. – Адметна, што гістарычны правобраз УНС – народнае веча, і такім чынам мы фактычна вяртаемся да нашых каранёў. Пераемнасць жа пакаленняў – адзін з падмуркаў, на якіх будзе грунтавацца работа органа”.

Трэба адзначыць, што калектыўнае абмеркаванне – выдатная форма работы з насельніцтвам, бо не ва ўсіх атрымліваецца углублена азнаёміцца з дакументам, а такі фармат дазваляе выказаць свае заўвагі, пачуць кампетэнтныя каментарыі.

Пляцоўку ж для сустрэчы за круглым сталом даў ушацкім актывістам гасцінічны комплекс “Ветразь” Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – пасяджэнне было выязным і праходзіла ў абласным цэнтры. Такі фармат арганізатары абралі невыпадкова: у Год гістарычнай памяці было вырашана наведаць аб’екты абласнога цэнтра, звязаныя з ваеннымі падзеямі. Здаецца, усе мы неаднойчы бывалі ў Віцебску, аднак жа падчас экскурсіі атрымалі шмат новай цікавай інфармацыі.

Вядома ж, не маглі не наведаць, бадай, самае знакавае месца горада – плошчу Перамогі, якая ўваходзіць у тройку найвялікшых падобных аб’ектаў Еўропы, яе плошча – 16,5 гектара. Сярод самых высокіх помнікаў нашай краіны – 56-метровы манумент воінам-вызваленцам, партызанам і падпольшчыкам, які ў народзе называюць “Тры штыкі”. Немагчыма раўнадушна слухаць аповед пра ваенны лёс горада. Уявіце сабе: райцэнтр Лёзна быў вызвалены ад акупантаў 10 кастрычніка 1943-га года, а Віцебск, размешчаны ўсяго ў 40 кіламетрах ад яго, – 26 чэрвеня 44-га. Увесь гэты час ішлі цяжкія крывапралітныя баі літаральна за кожны метр зямлі. Горад, у які нарэшце ўвайшлі вызваленцы, быў разбураны больш чым на 90 працэнтаў, а ў падвалах яго дамоў уцалела ўсяго 118 чалавек, тады як да вайны жыло каля 167 тысяч. Была нават прапанова не аднаўляць горад, а адбудаваць яго ў іншым месцы – вядома ж, гераічныя віцябчане з ёй не пагадзіліся! Прафсаюзныя актывісты ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да Вечнага агню. А яшчэ з захапленнем паназіралі за цырымоніяй змены ганаровага каравулу: вахту памяці нясуць ля галоўнага ваеннага помніка вобласці лепшыя юнакі і дзяўчаты з навучальных устаноў горада.


Абмяркоўваем разам

  • Кацярына Рэут, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК:

– Важнай задачай Усебеларускага народнага сходу мне бачыцца магчымасць быць стабілізатарам для краіны ў выпадку якога-небудзь крызісу, каб дзяржава магла ўтрымацца і працягваць ісці курсам у інтарэсах беларускага народа, простых людзей. Гэта выдатна, што мы разам абмяркоўваем законапраект – у працоўных калектывах, з грамадскімі аб’яднаннямі. Так і далей разам будзем прымаць важныя для краіны рашэнні.

  • Іван Шугалей, інжынер па ахове і абароне лесу Ушацкага лясгаса:

– Законапраект аб Усебеларускім народным сходзе прадугледжвае, што не менш трэці дэлегатаў, якія ўдзельнічаюць у прыняцці рашэнняў, будзе абірацца з ліку прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, працаўнікоў вёскі, настаўнікаў і медработнікаў, іншымі словамі, з ліку ўсіх тых, хто жыве і працуе побач з намі. З цікавасцю азнаёміўся і са змяненнямі ў Выбарчым кодэксе, паколькі з’яўляўся членам участковай выбарчай камісіі. Лічу правільным павелічэнне ўзроставага цэнзу для кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама адмову ад фарміравання выбарчых участкаў за мяжой.


Суровым выпрабаваннем сталі для Віцебска і падзеі Айчыннай вайны 1812 года. Тым, хто цікавіцца гэтай гістарычнай эпохай, абавязкова варта пабываць ля помніка, які быў устаноўлены на ахвяраванні жыхароў губерні ў гонар 100-годдзя перамогі над Напалеонам. Дарэчы, у час свайго прабывання ў Віцебску жыў гэты славуты палкаводзец у так званым губернатарскім палацы, што знаходзіцца ля помніка. А яшчэ па яго прыступках неаднойчы ўзбягала знакамітая дзяўчына-кавалерыст Надзея Дурава, якая стала прататыпам гераіні фільма “Гусарская балада”.

Вядома ж, не толькі ваеннымі помнікамі цікавы Віцебск. Як і тысячагоддзе таму, упрыгожваюць старажытны горад адноўленыя храмы. А з нядаўняга часу аматары даўніны могуць палюбавацца фрагментам муроў крэпасці часоў князя Альгерда: некалькі год таму над імі быў узведзены так званы “Духаўскі круглік” – рэканструяваная з дапамогай сучасных мастацкіх сродкаў вежа, падобная на старажытную. У ёй размешчана выставачная зала, пяць узроўняў якой прысвечаны гісторыі Віцебска, а таксама фестывалю мастацтваў “Славянскі базар”. Трэба сказаць, што ніхто з удзельнікаў ушацкай дэлегацыі раней не бываў у гэтым месцы, таму экскурсія па кругліку ўразіла і прафсаюзныя актывісты зазначалі, што параяць турыстычны аб’ект калегам са сваіх арганізацый. Цікава было таксама прайсціся па Алеі зорак фестывалю, зазірнуць у VIP-грымёркі амфітэатра і выйсці на яго легендарную сцэну.

Так, нашаму абласному цэнтру ёсць чым захапіць і ўразіць гасцей. Нават тых, хто бываў тут вельмі часта і лічыў сябе яго знатакамі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *