На “прамую лінію” з дырэктарам раённага камбіната бытавога абслугоўвання Т.Л.Кулак шмат зваротаў жыхароў раёна і не чакалася. Яны ў асноўным ведаюць сённяшнія праблемы “бытоўкі”. І ўсё ж тое-сёе людзі выносяць у афіцыйныя дыялогі. Так было і на гэты раз.
Першае пытанне, на якое трэба было адказаць Тамары Леанідаўне Кулак, гэта наконт рамонту халадзільнікаў. Некаторых кліентаў цікавіць, чаму на месцы, ва Ушачах не працуе свой спецыяліст, неабходна іншыя варыянты шукаць, лічуць яны, не выклікаць яго з Віцебска. Трэба, каб было танней для заказчыкаў.
Так, рамонт цяпер вядзецца праз “Вітрэмбыт”, пацвердзіла Т.Л.Кулак. З абласнога цэнтра раз у два тыдні прыязджае майстар, папярэдне сабраўшы заяўкі, якія паступаюць па тэлефоне 2-11-85 у наш КБА. Прычым, можна па ўзнікаючых пытаннях пазваніць і непасрэдна ў “Вітрэмбыт”да спецыяліста па рамонце па нумары: (8-0212) 24-87-65. Там усё прыстасавана, ёсць нават халадзільнікі падменнага фонду, якімі можна пакарыстацца заказчыку на час сур’ёзнага рамонту свайго. У асноўным жа майстар рамантуе на даму.
Што датычыцца цэн на рамонт, сказала Тамара Леанідаўна, то яны сфарміраваны на названым прадпрыемстве, нашаму КБА адлічваецца толькі 5 працэнтаў сумы за работу з заяўкамі. Каб заказчыку танней абыходзіўся рамонт, выезд майстра з Віцебска звычайна плануецца пасля збору заявак як з нашага, так і Шумілінскага раёнаў. Па ходзе руху і робіцца рамонт.
Тамара Леанідаўна разгледзела варыянт, каб узяць майстра пры КБА. Першае, што трэба ўлічваць: камбінат знаходзіцца ў складаным фінансавым становішчы. А тут, як растлумачыла дырэктар, колькі неабходна ўсяго, пачынаючы ад выдзялення асобнага памяшкання да кошту перавозак, зарплаты, штогадовай аплаты сертыфіката і іншага. А за месяц у раёне паступае ўсяго каля пяці заявак на рамонт халадзільнікаў.
Тым больш, лічыць дырэктар КБА, няма ніякай выгоды афармляцца некаму і індывідуальным прадпрымальнікам, таму ніхто і не згаджаецца. Хоць у Наваполацку, напрыклад, такі чалавек працуе. Але ж гэта горад…
На “прамую лінію” пазваніла жанчына, прадставілася кліенткай цырульніка, які прыязджае з Селішча ў Кублічы два разы ў месяц і добра працуе. А вось ваду работніцы даводзіцца кіпяціць у вядры, хоць прывезена ракавіна, ёсць воданагравальнік, але яго ўсё ніяк не могуць падключыць.
Так, пацвердзіла дырэктар КБА, там трэба па-новаму пакласці кабель, таму што ён прамярзаў. Да сярэдзіны мая гэтая работа будзе закончана.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.