Департамент охраны 29 октября отмечает 70 лет со дня образования службы

Общество

Пасля спрацоўкі ахоўнай сігналізацыі ва Ушачах не болей чым праз 3-4 хвіліны на месцы будуць супрацоўнікі Дэпартамента аховы. У такой аператыўнасці мы дакладна не сумняваемся: аднойчы раніцай памылкова не знялі рэдакцыйны будынак з сігналізацыі – праз 2 секунды пачулі гукі сірэн, а праз 30 на парозе ва ўсёй амуніцыі былі ўжо работнікі ўшацкага аддзялення. Надзейна ахоўваць аб’екты, сачыць за грамадскім парадкам і хутка з’яўляцца там, дзе нашым грамадзянам патрэбна дапамога чалавека ў форме, – прынцыпы аховы, якая якраз сёння, 29 кастрычніка, адзначае 70 гадоў з дня ўтварэння службы.

Д.Салавей, С.Пугачоў, В.Сакалоў і А.Бутоўскі са службовым сабакам Жакам.

Пад кантролем аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы зараз знаходзіцца больш за 50 грамадскіх кропак і 173 жылыя памяшканні, у тым ліку і за межамі райцэнтра, устаноўлена і абслугоўваецца больш 77 трывожных кнопак. Дарэчы, у бягучым годзе колькасць апошніх “падрасла” – сёння ўстанавіць “трывожку” можна не толькі на грамадскіх аб’ектах, а і ў кватэры, доме, што асабліва актуальна, напрыклад, для адзінока пражываючых. Пад надзейнай аховай знаходзяцца магазіны, суд, райвыканкам, банк, медсклады, а яшчэ супрацоўнікі аховы днём і ноччу сочаць за парадкам на вуліцах гарпасёлка – кожную змену больш сотні кіламетраў намотвае група затрымання.

Дарэчы, спрацоўкі сігналізацыі здараюцца нячаста – калі злодзеі бачаць, што ў доме ці кватэры ёсць сігналізацыя, нават не спрабуюць нешта выкрадаць. А вось спяшацца па сігналах трывожных кнопак даводзіцца намнога часцей: сёлета толькі з “Дабранома” і “Еўраопта” некалькі разоў грамадзяне спрабавалі вынесці спіртное міма касы, але былі затрыманы.

З усімі задачамі спраўляецца калектыў з 33 чалавек. Вядома, дрэнных работнікаў на такой адказнай службе не трымаюць, таму і ніколі не вылучае лепшых начальнік аддзялення Сяргей Міхайлавіч Пугачоў. Дарэчы, за апошні час калектыў ушацкай аховы прыкметна абнавіўся. Асвоіўся ў прафесіі міліцыянер групы затрымання Дзмітрый Смаргун, добра спраўляюцца са сваімі задачамі паставыя міліцыянеры Кацярына Гаруновіч, Кірыл Красноў, Дзмітрый Дунец. Ужо год пасля заканчэння Акадэміі МУС на пасадзе інспектара міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы працуе Дзмітрый Салавей. Прыклад маладой змене падаюць ужо вопытныя супрацоўнікі – Дзмітрый Гірсёнак, Сяргей Лабёнак, Уладзіслаў Жукаў, Дзмітрый Хадасевіч, Вячаслаў Сакалоў і іншыя. А вось Віталь Жогаль – арыенцір для ўсіх у спорце і здачы фізічных нарматываў. Самыя ж вопытныя сярод міліцыянераў Вячаслаў Голік і Андрэй Лісічонак. Нельга ўявіць ахову без кіналагічнай службы – не адно злачынства раскрыта пры ўдзеле Дзмітрыя Кемстача, Андрэя Бутоўскага, Мікалая Зімніцкага і іх падапечных. Надзейна ахоўваюць давераныя аб’екты і вартаўнікі. Здаецца нябачную, але такую патрэбную работу па абслугоўванні сістэм сігналіацыі выконваюць электраманцёры Сяргей Касіч і Валерый Сабін. Надзейным тылам называюць у аддзяленні і інжынера Святлану Вараксіну.

– Адлік сваёй дзейнасці Ушацкае аддзяленне пачало ў 1990 годзе, а першым начальнікам быў У.У.Іваноў (пазней ахову ўзначальвалі А.Г.Міхайлаў, А.Т.Пугачоў, У.А.Чумакоў). У штаце аддзялення тады былі 2 брыгадзіры, 55 ахоўнікаў і 6 міліцыянераў. Час быў няпросты, і работы супрацоўнікам хапала. Паступова мадэрнізавалася сістэма аховы, з’яўлялася новая сігналізацыя. Зараз у нас на ўзбраенні сучасныя сродкі і матэрыяльная база, – расказвае С.М.Пугачоў. – Хачу выказаць добрыя словы і пажадаць усяго найлепшага нашым ветэранам, сённяшнім работнікам, а таксама іх сем’ям за разуменне і падтрымку. Дзякуй усім службам, якія плённа супрацоўнічаюць з намі. Ну а тыя, хто даверыў нам пад ахову сваю маёмасць, могуць не сумнявацца – мы не падвядзём!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *