В районном центре культуры прошла диалоговая площадка по обсуждению Законопроекта о ВНС и Избирательному кодексу республики

Общество

Згодна са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 27 лютага 2022 года, Усебеларускі народны сход стаў канстытуцыйным органам. Адпаведны законапраект вынесены на грамадскае абмеркаванне. Актыўна ўключылася ў яго і Ушаччына. Зараз праходзяць дыялогавыя пляцоўкі ў працоўных калектывах, грамадскіх арганізацыях, сустрэчы з насельніцтвам.

У чацвер у раённым цэнтры культуры сабраліся прадстаўнікі сацыяльнай сферы раёна. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак расказаў аб асноўных тэзісах законапраекта, парадку фарміравання і рэалізацыі паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу, структуры, вылучэнні дэлегатаў і колькасным складзе. Акцэнтаваў увагу на тым, што рашэнні сходу будуць з’яўляцца абавязковымі для выканання.

– Грамадскія абмеркаванні законапраектаў вельмі важныя. Кіраўнік дзяржавы падтрымлівае палітыку адкрытасці, і ўсе важныя тэмы ў нашай краіне прынята абмяркоўваць з народам. Так, у пачатку бягучага года на грамадскае абмеркаванне быў вынесены праект змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон Беларусі. Тыя заўвагі і прапановы, якія беларусы выказвалі падчас дыялогавых пляцовак, былі пачуты і ўлічаны. Гэты вопыт паказаў, што такія формы працы з насельніцтвам запатрабаваныя і выклікаюць жывы водгук у людзей, – падкрэсліў Пётр Аляксандравіч.

Закон аб ВНС павінен быць прыняты да 15 сакавіка 2023 года, калі мінае год з моманту ўступлення ў сілу абноўленай Канстытуцыі.

На абмеркаванне вынесены і праект закона “Аб змяненні выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь”. Сярод прапанаваных змен – павелічэнне ўзроставага цэнзу для кандыдатаў у прэзідэнты – да 40 гадоў, а таксама ўстаноўлена, што адна і тая ж асоба можа абірацца на пасаду прэзідэнта не больш чым на 2 тэрміны. У ліку новаўвядзенняў – адмова ад фарміравання выбарчых участкаў за мяжой, а таксама адмена парога яўкі на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў па аналогіі з выбарамі ў мясцовыя саветы.

Меркаванні беларусаў прымаюцца ў спецыяльнай тэме на сайце прававога форуму да 2 лістапада ўключна, пасля дакумент будзе разгледжаны ў парламенце. Унесці прапановы і заўвагі па двух законапраектах можа кожны – ад простых грамадзян да прафесійных юрыстаў. Усе меркаванні будуць прапрацоўвацца пры падрыхтоўцы канчатковай рэдакцыі.

Вольга КАМАРКОВА.

Марыя ШАЎЧЭНКА, старшыня Ушацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў:
– Усебеларускі народны сход з’яўляецца вышэйшай ступенню праявы народнай дэмакратыі. У ім змогуць прыняць удзел і выказаць меркаванне і прапановы людзі незалежна ад пасады, узросту і сацыяльнага становішча. Яго дэлегаты маюць магчымасць напрамую вырашаць важныя пытанні, неабходныя для развіцця краіны і грамадства. Народны сход будзе праводзіцца не раз у пяць гадоў, а штогод, што дазволіць аператыўна і больш эфектыўна кіраваць развіццём дзяржавы і грамадства. Мы бачым у працоўных калектывах, што людзі праяўляюць цікавасць да гэтай тэмы. Думаю, што прадстаўнікі прафсаюзнага аб’яднання таксама папоўняць рады дэлегатаў, бо займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Лідзія ШКАРУБА, дэпутат Ушацкага раённага Савета дэпутатаў:
– Гэта ўнікальны вопыт у развіцці нашай краіны. Усебеларускі народны сход – той орган, які будзе працаваць на агульныя інтарэсы людзей. Як пазначана ў законапраекце, фарміраваць сход мяркуецца з трох складаў. Першая група – дзеючы кіраўнік дзяржавы і прэзідэнт, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Другая група – прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Трэцяя – грамадзянская супольнасць. Усяго 1200 чалавек-дэлегатаў. Многія важныя для краіны пытанні ім давядзецца абмеркаваць і прыняць. Важна, што ў склад можа ўвайсці любы абраны народам беларус, якому неабыякавы лёс краіны. У праекце закона таксама вызначана кампетэнцыя сходу – ён заслухоўвае пасланні Прэзідэнта, справаздачы ўрада, зацвярджае ваенную дактрыну краіны і канцэпцыю нацыянальнай бяспекі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *