З горкай чашы вайны наш народ глынуў спаўна. Гэта быў час без сну і адпачынку, час штодзённых выпрабаванняў. На вайне кожны быў задаволены малым і марыў пра вялікае: хутчэй разграміць ворага і апынуцца ў родным краі, па якім сумавала душа. Лёс чалавека, пра якога пойдзе наша размова, – вельмі няпросты. Сцяпан Піліпавіч Ляйчонак прайшоў вайну, неаднаразова балансаваў на мяжы жыцця і смерці, губляў блізкіх людзей. Аднак ветэран ні на што не скардзіцца, бо разумее, што спаўна выканаў свой грамадзянскі абавязак.
Як любы чалавек, Сцяпан Піліпавіч мае свой лёс. Цікавы, хоць і няпросты. Расказвае ён аб жыцці захапляльна і адначасова па-простаму. Па-свойску.
– Родам я з вёскі Зарубаўшчына. Да вайны скончыў шэсць класаў. Мая сям’я была бедная, таму з маленства прывык да самастойнасці і адказнасці, — расказвае ўдзельнік вайны. Замаўчаў на хвілінку і працягнуў свой аповед. — Калі пачалася вайна, ніякіх сумненняў наконт далейшых сваіх дзеянняў не было – вырашыў пайсці да партызан. З аднакласнікам папрасіліся ў атрад, аднак, нягледзячы на нашы ўгаворы, нас не ўзялі. Мы, 13-гадовыя юнакі, не адступілі ад свайго: пайшлі ў другі атрад. І недарэмна! Цяжка нават перадаць, наколькі былі мы шчаслівыя ад таго, што ў нас паверылі, сталі даручаць адказныя заданні. Тады мы яшчэ не разумелі, наколькі гэта няпроста – быць партызанам. Аднак адступаць было позна.
Галоўнай задачай іх атрада, як успамінае Сцяпан Піліпавіч, быў падрыў чыгункі. Яму часта даручалі рабіць гэта, бо маладому хударляваму юнаку было лягчэй схавацца за рэйкамі. Выканае задачу – атрымае тры дні пабыўкі. Дадому, як ён прызнаецца, вельмі хацелася, а таму часта сам прасіўся на заданні, каб атрымаць дадатковыя дні адпачынку, убачыцца з блізкімі.
Сцяпан Піліпавіч добра памятае кожны дзень вайны. Нягледзячы на боль і страты, якія яна прынесла, ветэран не губляе аптымізму і па сённяшні дзень, нават жартуе, калі ўзгадвае некаторыя факты і падзеі. Тады, амаль 70 гадоў таму, аптымізм таксама ратаваў ад дэпрэсіі, дапамагаў выжыць. Аднак калі наша размова са Сцяпанам Піліпавічам зайшла пра сяброўства, ветэран засумаваў. Апусціўшы галаву, ён ціха расказаў пра тыя страшэнныя хвіліны, калі даводзілася бачыць, як паміраюць таварышы. Да дробязей помніць ветэран, як забілі яго лепшага сябра.
На пытанне, што ён адчуваў у той момант, калі аб’явілі, што вайна скончылася, С.П.Ляйчонак адказаў:
– Гэта не перадаць словамі. Гэта трэба перажыць, каб зразумець…
Вымавіў ён гэта, і быццам бы пранеслася перад яго вачамі жорсткая вайна і нялёгкая перамога ў ёй. Нешта такое, перамешанае з горыччу, пакутай і радасцю, адчувалася ў яго словах.
Пасля вайны Сцяпан Піліпавіч уладкаваўся ў Ільюшыне, пэўны час працаваў галоўным бухгалтарам у мясцовым калгасе. Аднак на працу хадзіць было далекавата, больш за сем кіламетраў, а таму, калі з’явілася вакансія загадчыка фермы “Сержаны”, С.П.Ляйчонак з радасцю згадзіўся. 19 гадоў займаўся жывёлагадоўляй, умеў наладзіць дысцыпліну, да кожнага работніка знаходзіў асабісты падыход. Паспеў Сцяпан Піліпавіч папрацаваць і кладаўшчыком. Васемнаццаць гадоў займаў пасаду старшыні савета ветэранаў. Напэўна, не было нічога, у чым бы не разбіраўся гэты незвычайны чалавек, любая справа была яму па плячы.
Сэнсам свайго жыцця С.П.Ляйчонак заўсёды лічыў сям’ю. Яго жонка, Ганна Іванаўна, была настаўніцай. Памятае Сцяпан Піліпавіч, як заляцаўся да яе, хацеў спадабацца. Шчаслівай падзеяй у жыцці тады яшчэ маладой пары стала з’яўленне на свет сына. У ладзе і згодзе пражылі шмат гадоў.
Летась Ганны Іванаўны не стала… Калі яна пайшла з жыцця, быццам крылы падрэзалі былому партызану. Асабліва цяжка начамі, успаміны не даюць спакою. І добра, што не вечная тая ноч. Гаснуць зоркі ў ранішнім небе, нараджаецца новы дзень, а з ім – і надзея на лепшае.
Апошнім часам удзельніка вайны стала сур’ёзна падводзіць здароўе, атрымаў першую групу інваліднасці. Сцяпан Піліпавіч не прывык прасіць дапамогі, імкнецца самастойна справіцца з усімі цяжкасцямі. І галоўнае, што яму ў гэтым дапамагае, – непадробны аптымізм.
Цяжка нават уявіць сабе той час вайны, убачыць тое, што бачыў гэты чалавек, што тады адчуваў, што перажыў. Ён, як і многія іншыя ветэраны гэтай бязлітаснай вайны, і тыя, хто так і не вярнуўся дадому, адваявалі, выпакутавалі сваёй адвагай, сваёй крывёю агульную для ўсіх нас Перамогу. Дзякуй вам, Сцяпан Піліпавіч, за гэта і нізкі паклон!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.