Пажар у адной з шматпавярховак у Мінску кастрычніцкім днём прахожыя і суседзі прыкмецілі, толькі калі з акон пачаў валіць чорны дым і вырывацца полымя. На падлозе ў кухні выратавальнікі знайшлі 41-гадовага мужчыну і 4-гадовага хлопчыка, медыкі спрабавалі іх рэанімаваць, але выжыць тату і сыну ўжо не было суджана. За жыццё двухмесячнага малыша, які знаходзіўся ў сваім ложку ў другім пакоі, урачы змагаюцца трэці тыдзень…
Бяссільнымі аказаліся медыкі і ў Барысаве, калі выратавальнікі вынеслі з палаючай кватэры сямігадовую дзяўчынку і яе трохгадовага браціка. Бацькі напярэдадні распівалі спіртное і, заснуўшы, не бачылі, што дзеці ўзялі запалкі…
Яшчэ адна трагедыя, якая адбылася ў мінулую суботу ў Верхнядзвінскім раёне, яскрава сведчыць аб тым, што ў агні могуць загінуць не толькі маленькія, схапіўшы з цікавасці запалкі. 15-гадовая школьніца знаходзілася дома адна без бацькоў. У 5 гадзін раніцы дзяўчына яшчэ перапісвалася са сваім сябрам. Зносіны перарваліся на паведамленні аб тым, што яна гатуе ежу. Школьніца заснула, пакінуўшы ўключанай пліту…
Усе гэтыя жудасныя выпадкі адбыліся за тры тыдні бягучага месяца! Выратавальнікі б’юць трывогу: сёлета ў агні загінулі ўжо 9 маленькіх беларусаў, тады як за ўвесь мінулы год на пажарах абарваліся жыцці чацвярых дзетак.
Наперадзе восеньскія канікулы, нагадайце дзецям правілы бяспекі, раскажыце як дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях і самі будзьце ўважлівымі. Да бяды можа прывесці, здавалася б, бяскрыўдныя зарадка ад тэлефона ці тэлевізар: яшчэ ў адным сёлетнім выпадку шасцігадовая дзяўчынка разгубілася, калі загарэлася ўключаная ў сетку зарадная прылада, не змагла ні адключыць яе, ні пакінуць памяшканне.
Будзьце самі прыкладам: не курыце, не выкарыстоўвайце няспраўныя электрапрыборы, не пакідайце ў даступных месцах запалкі – усім вядомыя ісціны, але яны дапамогуць зберагчы дзяцей, а гэта самае дарагое, што ў нас ёсць!
Вольга КАМАРКОВА.