Ищите и находите знакомые имена…

Общество

Радаўніца. Як заўсёды пабывалі на могілках і паклалі кветкі на ўсе магілкі родных. Бацькі, бабуля, прабабкі, прадзед… Пераходзячы ад аднаго абеліска да другога, зноў лаўлю сябе на думцы, што няма тут толькі дзеда. Наогул няма яго магілы. І чым бліжэй Дзень Перамогі – тым большае жаданне адшукаць яе і звазіць на тое месца застаўшуюся ў жывых адзіную дачку, яго Алю.
І спадзяванне на знаёмы сайт “www.obd-memorial.ru”. Аднак пошук зноў нічога не дае, і я спрабую розныя варыянты. Набіраю Ушачы, як пункт рэгістрацыі. Мае спадзяванні апраўдваюцца. З’яўляюцца незнаёмыя прозвішчы, нямнога, аб’ядноўвае якія месца нараджэння (пасёлак Ушачы), пераважна яўрэйская нацыянальнасць, і тое, што пакінулі малую радзіму яны яшчэ да Вялікай Айчыннай.
Мацвей Львовіч Паўлаў, нарадзіўся ў 1923 ва Ушачы, настаўнік, прызваны Шарангоўскім РВК Кіраўскай вобласці. Адтуль жа прызываўся і яго равеснік, шапачнік па прафесіі, Юрый Аронавіч Сімкін. Лазар Лазаравіч Свердлін, 1907, Уфа, штрафбат. Ленінградзец фізіёлаг Натан Якаўлевіч Волкінд трапіў у танкавыя войскі. Аляксандр Рыгоравіч Берсан быў прызваны Ушацкім райваенкаматам яшчэ ў 1938, да гэтага працаваў загадчыкам магазіна. Мае медаль за абарону Ленінграда, служыў у аўтамабільнай роце.
Набіраю вёску Угрынкі. Запіс толькі адзін, затое з беспамылкова угрынскім прозвішчам. Цясляр Іван Емяльянавіч Пашута да вайны жыў у Ленінградзе, служыў сапёрам, а ў лістападзе 1943 быў прызнаны нягодным да страявой.
Вёска Пліна. Васіль Кузьміч Вуйма служыў тэхнікам на мотапоездзе, да вайны жыў у Ленінградзе. Адам Станіслававіч Грыневіч быў асуджаны яшчэ да вайны.
Кублічы. Гэта месца нараджэння Івана Іванавіча Пахімкі і Барыса Тавельевіча Немцава, якія да вайны пераехалі ў Ленінград.
Пётр Парфёнавіч Волкаў з Усвіцы прызываўся з Віцебска, дзе працаваў памочнікам машыніста. Уладзімір Дзмітрыевіч Харкевіч нарадзіўся ў Казімірове ў 1922-м, пэўна, сям’я была саслана ў Архангельскую вобласць, бо менавіта там у гады вайны жыла маці радавога.
Уладзімір Дзмітрыевіч Сяліцкі прызываўся ў лютым 45-га, працаваў у калгасе “Адважны барацьбіт”, меў трох дзяцей, пастаянна пражываў у вёсцы Мосар.
Яфрэйтар Уладзімір Пятровіч Роўба з Забораўна (у спісах вёска напісана няправільна, без літары “ў”) памёр пры абароне горада Колпіна 21 лютага 1943-га. Пётр Уладзіміравіч Шасцярэнь з вёскі Пралетарый загінуў 13 студзеня 1945-га. Яго цёзка па прозвішчы, Ульян Ісакавіч, пахаваны ў брацкай магіле горада Азёрска Калінінградскай вобласці. Прохар Рыгоравіч Бурак прапаў без вестак 22 чэрвеня 1941-га, у першы дзень вайны. Фёдар Васільевіч Собаль пахаваны на брацкіх могілках вёскі Цвяткова, што ў Кіеўскай вобласці, 2 лютага 1943-га.
Пераважная большасць адшуканых ушачан прызывалася з іншых мясцін. Мала ў гэтых электронных спісах цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расіі запісаў тых нашых партызан, якія трапілі на фронт пасля вызвалення Ушаччыны, у 1944 годзе. Аднак электронны варыянт архіўных даных пастаянна папаўняецца, прычым папаўняецца не скупымі радкамі, а копіямі дакументаў, дзе ад рукі нашых продкаў запісаны звесткі аб адукацыі, родных, родзе заняткаў. Шукайце, па прозвішчы ці населеным пункце, і абавязкова знойдзеце цікавую для вас інфармацыю. Не цяпер, дык пазней. Спадзяёмся, што спатрэбіцца і невялікі рэдакцыйны пошук. Мабыць, і сярод прыведзеных вышэй прозвішчаў вы знойдзеце калі не родных, дык знаёмых, землякоў.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *