Ушачский филиал облпотребобщества выпустил новый вид напитков «Аквафрут»

Экономика и малый бизнес

Міжсезонне – не час для прахаладжальных напіткаў, аднак ля цэха Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства на вуліцы стаяла шмат паддонаў з рознакаляровымі ўпакоўкамі. Сваёй чаргі на адгрузку па гандлёвых кропках чакалі “Вечалле” і “Дзюшэс”, “Тархун” і “Аквафрут”. Менавіта так называецца новы від напіткаў, выпушчаны нашымі кааператарамі.

Кладаўшчык Ірына Аляксандраўна Арцямёнак.

Пакуль што гэта толькі эксперыментальная партыя выключна ў літровых бутэльках і з двума водарамі – яблыка і грушы. Распрацаваны новы від безалкагольных негазіраваных напіткаў яшчэ ў канцы мінулага года, працяглы час занялі выпрабаванні ў навукова-даследчым цэнтры Мінска, атрыманне дэкларацыі і выраб этыкетак. Новае – гэта заўсёды дадатковыя выдаткі, клопаты і рызыка, але ідуць на гэта, каб максімальна пашыраць лінейку напіткаў.

“Падобную ваду – пітную з дабаўленнем водару фруктаў выпускаюць нашы канкурэнты, у тым ліку і газіраваную. Значыць яна мае свайго пакупніка. Лічу, што мы павінны прапаноўваць нашым аптавікам як мага больш шырокі асартымент, бо ім выгадней набываць розны тавар у адным месцы, – гаворыць начальнік аддзела вытворчасці Уладзімір Мікалаевіч Круглік. – Выпусцілі пробную партыю, зараз з улікам новых патрабаванняў па цэнаўтварэнні вызначаецца кошт, аднак любыя нашы напіткі выгадна канкурыруюць з падобнымі ў гэтым плане. Час пакажа, калі вада спадабаецца, то будзем рабіць і газіраваную”.

Этыкероўшчык Г.Барысёнак.

Вось так жа меркавалі некалькі гадоў таму, калі запускалі ў вытворчасць простую пітную ваду. Таксама рызыкавалі, бо па ўшацкіх мерках мала хто з людзей штодзённа карыстаецца бутыляванай, калі можна з крана ці калодзежа. А зараз менавіта гэты від набірае абароты. Прадаецца пакуль у тры разы меней, чым мінеральнай вады “Вечалле”, і ў пяць за газіраваныя напіткі – 15 тысяч дал. Але гэта адзіны від прадукцыі, які мае тэмп росту адпаведна мінулага года. Быў бы ён і па іншых, аднак зношанасць абсталявання, частыя сёлетнія паломкі не далі магчымасці максімальна раскруціцца ў сезон, калі ў сховішчы нічога не затрымлівалася.

М.Сазонава.

А вось зараз працуюць у тым ліку і на склад, з дальнім прыцэлам. Назапасіць прадукцыі на наступны год, каб пазбегнуць форс-мажораў у летні час, і быў асартымент. Таму на мінулым тыдні лілі мінеральную ваду, на гэтым ужо напіткі, а купажыст Маргарыта Сазонава чаравала над чарговай тонай сіропу. “Пасля клуба “Прысмакі”, які, дарэчы, заўсёды рэкламаваў прадукцыю завода на розных выязных фестывалях, мне нескладана было асвоіцца, – расказвае новы работнік цэха. – Ёсць рэцэптура, на тону вады ідзе ад 1,5 да 7 літраў араматызатара. А сіроп, дарэчы, варыцца, толькі на “энергетыкі”, а на напіткі проста перамешваецца”.

У самы гарачы летні час цэх адпускаў у дзень па тры тысячы ўпаковак напіткаў і мінеральнай вады.

У цэху, дзе на разліве занята ўсяго чатыры работнікі, існуе поўная ўзаемазамяняльнасць. І абсалютна ўсе восенню ў яблычны сезон мяняюць кваліфікацыю і гатуюць на вуліцы пюрэ на захаванай з даўнейшых часоў лініі. Яго выпуск спынілі толькі на мінулым тыдні. Менавіта на верасень прыпадае гарачая пара гадавых нарыхтовак гэтага паўфабрыкату, які служыць на працягу года. З яго вараць павідла, на якое заўсёды маюць пакупнікоў – як пастаянных – гэта ўсе філіялы аблспажыўтаварыства, што выкарыстоўваюць яго для сваёй выпечкі, так і новыя заказчыкі. Сёлета да іх далучыўся Наваполацкі хлебазавод, які дабаўляе павідла ў выпуск аднаго з гатункаў хлеба. Паколькі сёлета – яблычны год, то і пюрэ нарыхтавана намнога больш чым летась. І 60-тонныя запасы ўжо растаюць – рэалізавана дзве тоны павідла з яблыкаў гэтага сезона, а таксама 11 – з мінулагодняга пюрэ. Гэтая салодкая прадукцыя, што фасуецца ў 25-кілаграмовыя вёдры, мае самую высокую для цэха рэнтабельнасць – 28 працэнтаў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *