7 мая свой профессиональный праздником отмечают связисты

К профессиональному празднику

Без электрасувязі сучасны чалавек ужо не ўяўляе свайго існавання. Яна трывала ўвайшла ў жыццё, аднак, не страчвае сваёй актуальнасці, пастаянна радуе і здзіўляе нас новымі відамі cучасных і неабходных паслуг. Электрасувязь ужо даўно не асацыіруецца выключна з паслугамі стацыянарнай тэлефоннай сеткі і правадным радыёвяшчаннем. Напрыклад, новы прадукт “Белтэлекама” – інтэрактыўнае тэлебачанне Zala – надзвычай папулярны ў спажыўцоў, як, дарэчы, і высокахуткасны інтэрнэт ByFly.
Чым сёння жыве, якія паслугі аказвае і чым плануе ў бліжэйшай будучыні парадаваць шматлікіх кліентаў раённы вузел электрычнай сувязі? Пра гэта падчас свайго прафесійнага свята, Дня сувязі, расказвае начальнік РВЭС Аляксандр Аляксандравіч РАДЗЮШ.

– У нашым раёне зараз дзейнічаюць 17 сельскіх АТС, у якіх падключана 3650 тэлефонаў, і чатыры гарадскія – 3120. Агульная працягласць усіх кабельных ліній складае 1671 кіламетр. Хочацца адзначыць, што чатыры АТС, у Кублічах, Вялікіх Дольцах, Вяркудах і Глыбачцы, – сучасныя, электронныя, што дазваляе забяспечыць нашых абанентаў найбольш высокай якасцю сувязі.
У мінулым годзе намі праводзілася значная работа, накіраваная на развіццё сродкаў сувязі, паляпшэнне якасці паслуг, якія прадстаўляем. Рабілі рамонт і рэканструкцыю лінейна-кабельных збудаванняў, абсталявання электрасувязі. У гарпасёлку ўстанавілі 180 стацыянарных тэлефонаў, 356 – у сельскай мясцовасці. Былі праведзены прафілактычныя праверкі ліній сувязі гарадскіх і сельскіх тэлефонных станцый.
Ужо не першы год “Белтэлекам” у сваёй рабоце вылучае тры галоўныя накірункі развіцця паслуг. Па-першае, гэта традыцыйная ва ўсе часы для электрасувязі тэлефанізацыя, па-другое, доступ да інтэрнэта і перадача інфармацыі, па-трэцяе, лічбавае інтэрактыўнае тэлебачанне. Усе гэтыя накірункі арыентаваны на спажыўца і паспяхова рэалізуюцца на тэрыторыі нашага раёна.
Ужо мінуў той час, калі на ўстаноўку тэлефона існавала чарга, ці не было тэхнічных магчымасцяў для гэтага ў той ці іншай вёсцы раёна. Сёння кожны жадаючы незалежна ад месца пражывання можа ўстанавіць стацыянарны тэлефон, прычым, па даволі даступным кошце – каля 60 тысяч рублёў. За першы квартал 2011 года ўжо 63 чалавекі ўстанавілі дома тэлефоны, з іх 25 – у гарпасёлку, 38 – на вёсцы. Акрамя таго, на сённяшні дзень маецца яшчэ 17 заяў аб устаноўцы тэлефона ад грамадзян.
Што тычыцца “сусветнай павуціны”. Ушачане маюць магчымасць быць паўнацэннымі карыстальнікамі сеткі інтэрнэт пад гандлёвай маркай ByFly. І не толькі. Гэтая паслуга ўжо зарэкамендавала сябе сярод насельніцтва. Дзеючыя тарыфныя планы дазваляюць задаволіць любы попыт. На сённяшні дзень абанентаў шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт па раёне налічваецца 963.
Карыстаецца папулярнасцю сярод насельніцтва Ушаччыны і лічбавае інтэрактыўнае тэлебачанне пад гандлёвай маркай Zala. Пацвярджае гэта той факт, што толькі за першы квартал гэтага года ў раёне з’явілася 58 новых карыстальнікаў. А ўсяго іх ужо 440.
У перспектыве раённага вузла да чэрвеня закончыць работы па пракладванні валаконна-аптычных кабеляў сувязі, пашырыць магчымасці АТС у Арэхаўне, Вялікіх Дольцах і Пліне, а ў далейшым – у Сарочыне, Слабадзе, Вяркудах, Дубраўцы, Глыбачцы. Пакуль што ўсё ідзе па плане. Неўзабаве і жыхары сельскіх населеных пунктаў змогуць ацаніць усе паслугі, якія сёння прапануе “Белтэлекам”.
Калектыў раённага вузла электрасувязі – гэта 50 адказных работнікаў, якія сваёй шчырай працай уносяць значны ўклад у развіццё галіны. Заслужаным аўтарытэтам у калектыве карыстаюцца начальнік лінейна-тэхнічнага ўчастка В.А.Шчэрбік, вопытны інжынер Т.Г.Вайтулевіч, электраманцёры В.У.Гаманёк, А.М.Кулак, М.М.Лёля. Асаблівых слоў падзякі за карпатлівую штодзённую працу заслугоўвае малады інжынер электрычнай сувязі Д.А.Федуковіч. Ён, дарэчы, працуе ў нас нядаўна, але ўжо заваяваў аўтарытэт і павагу калег па працы. Вялікі ўсім дзякуй за адказнасць, цярплівасць, уважлівасць. Віншую ўсіх супрацоўнікаў прадпрыемства, ветэранаў працы з прафесійным святам. Жадаю ўсім здароўя, шчасця, міру і дабрабыту. 3 найлепшымі пажаданнямі звяртаюся і да нашых абанентаў – жыхароў раёна. Іх жыццёвая актыўнасць, прага да ведаў дазваляюць нам, сувязістам, інтэнсіўна ўкараняць новыя тэхналогіі. Наша галоўная задача, з якой мы паспяхова спраўляемся, — якасць работы і якасць сувязі.
Падрыхтавала
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *