Восеньскія дні для аграрыяў не менш напружаныя, чым жнівеньскія.
Завяршыўшы ўборку зерневых, гаспадаркі раёна адразу пачалі закладваць аснову ўжо для будучага ўраджаю. Гэтымі днямі на Ушаччыне завяршаецца сяўба азімых.
Адны з самых вялікіх плошчаў традыцыйна ў “Ільюшынскім”, 1200 гектараў у гаспадарцы адведзена пад азімыя збожжавыя. Найбольшы акцэнт аграрыі зрабілі на пшаніцы, вылучыўшы пад яе без малага 600 гектараў, а таксама на жыта – засеяна 455 гектараў. Першая культура ў сёлетняе жніво асабліва парадавала – усе азімыя ўчасткі далі ад 30 і больш цэнтнераў з гектара.
Каб правесці сяўбу ў аптымальныя тэрміны, у сельгаспрадпрыемстве максімальна сканцэнтравалі сілы і тэхніку. Напрыклад, з цёмным пакідалі палеткі нават і ў выхадныя дні Аляксандр Селезень і Аляксандр Майсеенка, каб падрыхтаваць фронт работ на раніцу для пасяўных агрэгатаў, на якіх шчыравалі Анатоль Усовік і Анатоль Дайлідзёнак. У напружаным рэжыме разам з сейбітамі апошнія месяцы працавалі і астатнія службы, каб своечасова адрамантаваць, заправіць, знайсці запчасткі. Дарэчы, па тэмпах ільюшынцы ўдвая апярэдзілі практычна ўсе астатнія гаспадаркі. Для параўнання, у “Агра-Селішчы” і “Дземенцы” пад азімыя было запланавана па 600 гектараў. Пахваліцца падобным задзелам і тэмпам могуць толькі “Сафійскія дары”, дзе самы вялікі план у раёне – паўтары тысячы гектараў – і з ім яны ўжо практычна справіліся.
Усяго даведзены гаспадаркам план па зерневых складае гэтай восенню 5600 гектараў. Сёлета 350 гектараў адведзены пад азімы ячмень: чатыры гаспадаркі раёна ў першую чаргу засеялі вылучаныя пад яго ўчасткі. Нагадаем, што актыўна ўкараняць гэтую культуру, над вывядзеннем раянаваных сартоў якой у апошнія гады плённа працавалі беларускія селекцыянеры, параіў Прэзідэнт краіны падчас сваёй жнівеньскай паездкі па Шклоўшчыне і Аршаншчыне. Хоць азімы ячмень і патрабавальная культура, але пры правільным падборы тэхналагічнага працэсу вырошчвання можна разлічваць на высокі ўраджай. Так, на прэзідэнцкіх палях у бягучым годзе ўраджайнасць склала каля 80 ц/га.
Павялічаны сёлета на Ушаччыне плошчы азімага рапсу, вырошчваць які будуць “Ільюшынскі”, “Вялікадолецкае” і “Сафійскія дары”.
Засеяўшы палі азімымі, аграрыям яшчэ не атрымліваецца адпачыць і перавесці дух: пакуль не на ўсіх участках убрана кукуруза, трэба думаць пра ўздым зябліва, унясенне арганікі пад яравую сяўбу.
Вольга КАМАРКОВА.