У музеі народнай славы імя У.Лабанка адкрылася персанальная выстава беларускага мастака Вячаслава Аўгусціновіча. Яе назва – “Родныя краявіды” – гаворыць сама за сябе: на карцінах прырода ў розны настрой і час года.
У асноўным мастак малюе пейзажы. Многія яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Італіі, Германіі, Польшчы, Кітаі і іншых краінах.
У адкрыцці выставы ва Ушачах творца прымаў удзел сам, з задавальненнем расказваў пра карціны і адказваў на пытанні прысутных. Зазірнуўшы ў выставачную залу музея, мы заўважылі, што на многіх з прадстаўленых работ ўшацкія краявіды, а таму не маглі не пацікавіцца пра стасункі мастака з Ушаччынай.
– Мая радзіма – Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці, а з вашым краем звязаны мае першыя творчыя крокі. Калі я паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут (зараз гэта Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), нас, студэнтаў, накіравалі на ўборку бульбы на Ушаччыну. Як зараз памятаю, што было гэта непадалёк ад Загор’я, ушацкія краявіды проста ўразілі, так усё і пачалося. Дарэчы, адзін з загорскіх пейзажаў на выставе таксама прадстаўлены. Пазней не раз вяртаўся ва Ушацкі раён – як бачыце, ёсць на маіх палотнах Андрэйчыкі, Лозы, Гарбаціца, цудоўнае Оталава. А таму мне надзвычай прыемна выстаўляць свае работы менавіта ў гэтым беларускім кутку. Дарэчы, вялікую ўдзячнасць хочацца выказаць грамадскаму аб’яднанню культуры і мастацтва “Вечеря” і музею народнай славы, якія ініцыіравалі выставу і дапамаглі паказаць яе ўшачанам, – расказаў мастак.
Восень на Чарсцвядскім возеры, цвіценне чаромхі, лета ў вёсцы, магутныя дубы, зімовы дзень… Выстава, як падарожжа на прыроду – без напружання, без трывожных перажыванняў, з лёгкім хваляваннем ад прыгажосці і яшчэ з успамінамі аб сваім вясковым дзяцінстве.
З непадробным інтарэсам разглядалі палотны як дзеці, так і дарослыя. “Я не вялікі знаўца жывапісу, але выстава выклікала надзвычай прыемныя ўражанні, нечакана было ўбачыць ушацкія мясціны”, – падзялілася Ганна Лышко. “Цудоўныя работы, нават складана было вызначыць, якая карціна найбольш удалая!” – дадала Галіна Талстая. З такімі водгукамі пакідалі выставу многія ўшачане. Працаваць у музеі яна будзе на працягу месяца.
Вольга КАМАРКОВА.