В Ушачах проходят работы по асфальтированию дорог

Общество

Ушачы нібыта рыхтуюцца да грандыёзнага свята: пры ўездзе ў гарпасёлак шмат тэхнікі. На заправачнай станцыі – перабудова з нагоды абсталявання там кругласутачнага міні-маркету, на дзвюх новых вуліцах, якія пакуль не маюць назвы, хутка запаляцца ліхтары, на Віцебскай чарговая шматпавярхоўка з добраўпарадкаванай тэрыторыяй чакае навасёлаў, а адзін з першых дамоў – нумар 2 – “наводзіць касметыку”. А яшчэ на мінулым тыдні там рухаліся асфальтаўкладчыкі, каткі.

“А як жа, у наступным годзе адзначым 565-годдзе з першага летапіснага прыгадвання Ушач, а калі зыходзіць з лічбы на ўездзе, дык у 2024-м наогул прыгожая дата – 400, – жартуе дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва А.С.Лосеў, які расказвае пра будоўлі ў райцэнтры. – Але гэта проста супала, што такія перамены ў адным мікрараёне, таму і выглядае райцэнтр, як Глыбокае перад “Дажынкамі”.

Новых аб’ектаў сапраўды шмат, але сёння спынімся на актуальных для многіх дарогах. Нават аўтамабілісты не выказвалі незадаволенасці, праязджаючы ад цэнтра да Віцебскай па зрэзаным палатне, бо добра памяталі як віхлялі, каб абмінуць выбоіны. І разумелі, што хутка тут будзе пакладзены новы пласт. Рамонт хоць і бягучы, аднак не ямкавы і можна разлічваць на абсалютна раўнюткае палатно, якім яно і з’яўляецца на Віцебскай да фізкультурна-аздараўленчага комплексу, а таксама па Ленінскай. Участак на гэтай вуліцы завяршаецца, а далей тэхніка і спецыялісты Віцебскага дарожна-будаўнічага ўпраўлення №45 пераедуць на Маладзёжную – тут асфальт з’явіцца ўпершыню.

Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Пятровіч Цімафееў дадаў, што ў сёлетніх планах на асфальтаванне пазначана і вуліца Савецкая. Не ўся, а ўчастак ля бальніцы, дзе таксама мяркуюць пакласці цвёрдае пакрыццё на новую аўтамабільную стаянку. Прыгаданае ДБУ выйграла тэндар, адна з умоў якога – наяўнасць уласных сродкаў на пачатак работ. Па гэтай прычыне ўшацкія дарожнікі ў ім не ўдзельнічалі. На ўзбраенні віцябчан і сучасная тэхніка. Як паведаміў прараб Руслан Шубёнак, спачатку спецыяльнай фразой зняты стары слой асфальту, каб зверху пакласці новы. З дакладнасцю гэта зрабіць дазваляе і нямецкі асфальтаўкладчык з электроннымі маркёрамі, на якіх выстаўляецца адпаведная вышыня. Далей у справу ідуць каткі. Дарожнікі з гэтай віцебскай арганізацыі ўжо працавалі ў гарпасёлку, аднак не на асфальтаванні, а на фрэзераванні палатна.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *