Ушачанка Анна Бабенок стала лауреатом областной премии имени Туснолобовой-Марченко

Общество

Штогод у аблвыканкаме з нагоды самага добрага і кранальнага свята – Дня маці – ушаноўваюць лепшых прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з усёй Віцебшчыны. Сёлета ў іх ліку была і наша зямлячка Г.А.Бабянок. Яна ўдастоена ганаровай прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка.

“Хаця выхоўваю дзвюх дачушак, смела магу назваць сябе мнагадзетнай, – усміхаецца Ганна Аляксандраўна. – Усе гурткоўцы, з якімі працую, таксама МАЕ – кожнага люблю, настаўляю”. Дарэчы, такія цёплыя пачуцці – узаемныя. Пакуль гутарылі з Г.А.Бабянок, на заняткі да яе ў раённы цэнтр дзяцей і моладзі пачалі прыходзіць малодшыя школьнікі. Хтосьці паспяшаўся расказаць ёй пра поспехі на ўроках, нехта дзяліўся планамі на вечар, і вельмі многія прывычна прывіталі педагога абдымкамі. Назіраючы за ўсім гэтым, зразумела, што цягне хлопчыкаў і дзяўчынак у гурток, хто дорыць ім натхненне.

“Між тым, лічу сябе даволі патрабавальнай, – кажа Г.А.Бабянок. – Вучу, штосьці падказваю, але ніколі не бяру на сябе частку работы – гуртковец павінен зразумець тэхніку і самастойна ўсё выканаць”.

Колькі талентаў адкрыла такім чынам за 17 гадоў прафесійнай дзейнасці – не злічыць! Толькі зараз на заняткі да яе на рэгулярнай аснове ходзяць звыш 80 хлопчыкаў і дзяўчынак. І сама педагог, і яе выхаванцы рэгулярна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах, маюць мноства высокіх узнагарод. У ліку нядаўніх – дыплом І ступені на абласным этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу дзіцячых мастацкіх праектаў “Спрадвечнае заўтра”, які заваявала дачка Г.А.Бабянок Дар’я. “Не скажу, што матэнакіравана прывівала дочкам любоў да дэкаратыўна-прыкладной творчасці, – разважае гераіня нашага аповеду. – Напэўна, бачачы, як збіраю па наваколлі каменьчыкі, сушу на балконе мох ці вару на пліце саломку, з якім азартам іду на заняткі, таксама захапіліся. Шаснаццацігадовая Дар’я спрабуе сябе ў вышыўцы, скончыла дзіцячую школу мастацтваў, выдатна малюе. Шасцікласніца Вераніка займаецца танцамі, рукадзеллем. Гледзячы на іх, часта прыгадваю сваё дзяцінства. Таксама назірала, як вышываюць, вяжуць абедзве бабулі, якія шыкоўныя кошыкі з лазовага карэння пляце дзядуля, як любяць сваю работу бацькі-настаўнікі”.

Здаўна Ганна Аляксандраўна захапляецца і спортам. Любіць пагуляць у настольны тэніс, пахадзіць узімку на лыжах, ну а які кіламетраж намотвае на веласіпедзе! Рэгулярна ездзіць на ім у Двор Пліна, дзе ля дома свекрыві садзіць агарод. У ліку абавязковых – і вячэрнія прагулкі па райцэнтры. “Для сябе паставіла задачу праходзіць за дзень мінімум дзесяць тысяч крокаў, – усміхаецца педагог. – Гэта дапамагае не толькі трымаць сябе ў тонусе, але абдумаць будучыя конкурсы – часам на выношванне годнай ідэі патрабуецца не адзін месяц. Мой рэкорд – 42 тысячы, якія “накрочыла” сёлета 7 сакавіка – пры падрыхтоўцы да Дня жанчын”.

Любіць памайстраваць яна і на кухні. Каб дагадзіць усім членам сям’і (хаця частку функцый “дэлегуе” дочкам), нярэдка за раз гатуе па тры віды супу, два салаты і некалькі “другіх”. У ліку яе каронных страў – дранікі, бабка, сырнікі. Смак апошніх гурткоўцы, якіх Ганна Аляксандраўна нярэдка частуе, называюць унікальным. Аднак ніякага сакрэту, прызнаецца гаспадыня, няма: калі штосьці робіш з душой – у любым выпадку атрымаецца. А менавіта так Г.А.Бабянок адносіцца да ўсяго, за што бярэцца. Ніколі не адмовіць у дапамозе. Яе сям’я, напрыклад, штогод прымае ўдзел у раённых акцыях па зборы рэчаў, адзення для маючых патрэбу. “Мая галоўная задача – выхаваць дастойных, міласэрных і спагадлівых людзей! Маю на ўвазе не толькі дачушак, але і ўсіх сваіх дзяцей”, – кажа Г.А.Бабянок.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *