Физкультурно-оздоровительный комплекс «Юность-Ушачи» торжественно отметил свое 5-летие

Общество

Урачыстасці з выпадку пяцігоддзя дзейнасці ладзяцца не так часта – не той тэрмін, каб падводзіць вынікі ды пець дыфірамбы. Але ёсць асаблівыя аб’екты, на якія гэта правіла не распаўсюджваецца – тыя, што з’яўляюцца яркім брэндам і агульным гонарам. Менавіта да іх ліку належыць наша “спартыўная жамчужына” – фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”.

Жэмчуг, як вядома, шукаюць у моры – але вядучыя імпрэзы запрасілі гасцей не ў водныя глыбіні, а ў… паветраны акіян, вобразна параўнаўшы наш цудоўны комплекс з камфартабельным авіялайнерам. Ну а загадчыка сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргея Іванавіча Ціханёнка прызначылі на пасаду “камандзіра карабля”. У сваёй натхнёнай прамове ён зазначыў, што ўзвядзенне “Юнацтва-Ушачы” – плён старанняў шэрагу людзей і арганізацый. “Вы ведаеце, што аб’ект будаваўся за сродкі рэспубліканскай праграмы, і апошні подпіс у такіх справах заўсёды ставіць Прэзідэнт краіны: менавіта яму належала канчатковае рашэнне аб тым, што ва Ушачах з’явіцца спартыўны комплекс, – бо ўсе беларусы, нават калі яны жывуць у глыбінцы, павінны мець роўныя магчымасці. Асобныя словы ўдзячнасці хочацца выказаць, канечне, і нашаму дэпутату, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку”, – падкрэсліў С.І.Ціханёнак. Прыгадаў ён таксама ўклад у справу прадстаўнікоў раённага кіраўніцтва і, канечне, будаўнікоў. “Калі ўпершыню ўбачыў чарцяжы – быў крыху шакіраваны: нічога падобнага дагэтуль мы не ўзводзілі!” – шчыра прызнаўся дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна А.С.Лосеў. Але складаная задача была выканана!

Гісторыя комплексу пачалася ў 2012 годзе, калі Ушацкае ПМС зрабіла вертыкальную планіроўку. Летам 2014-га была забіта першая паля, а ў кастрычніку 2017-га аб’ект прыняў наведвальнікаў.

І вельмі важна, што наша жамчужына трапіла ў дастойныя клапатлівыя рукі. “Юнацтва-Ушачы” стала працоўным месцам для амаль 70 чалавек. Трэнеры СДЮШАР выхоўваюць юных барцоў, стралкоў, плыўцоў, лёгкаатлетаў, супрацоўнікі фізкультурна-спартыўнага клуба развіваюць масавы спорт, адміністратары, інжынеры, тэхнічныя работнікі, прыбіральшчыкі адказваюць за свае важныя ўчасткі дзейнасці. Пра тое ж, што робяць яны гэта паспяхова, сведчылі граматы і падзякі, якія ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч. У сваёй віншавальнай прамове яна падкрэсліла, што фізкультура і спорт зараз не толькі прадмет агульнай увагі, а і важны фактар рашэння многіх сацыяльных праблем.

Н.Марковіч узнагароджвае А.Лабаня – аднаго з арганізатараў фестывалю “Extrеme Прорыв”.

Прыемную місію ўзнагароджання працягнуў С.І.Ціханёнак, які ўручыў значкі Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу дзецям і дарослым, што паспяхова здалі яго нарматывы. Была адзначана і ўшацкая каманда, якая дастойна выступіла на сёлетніх абласных “Сельскіх гульнях”.

З захапленнем назіралі шматлікія гледачы за паказальнымі выступленнямі юных самбістаў, якія не толькі дэманстравалі віртуозныя прыёмы, а і круцілі на татамі сальта. Добрую тэхніку валодання мячом паказалі выхаванцы футбольнай секцыі ФСК. Дадалі святочнага настрою нумары культработнікаў і навучэнцаў школы мастацтваў. І ўвогуле ў зале ўвесь час панавала вельмі цёплая атмасфера.

С.Ціханёнак уручае “залаты” значок Савелію Раманоўскаму.

“Кажуць, што шчаслівы чалавек той, хто раніцай з задавальненнем ідзе на работу, а ўвечары – дадому. Дык вось такое адбываецца са мной усе гэтыя пяць год!” – шчыра прызналася нам адміністратар Алена Клімашэўская. І сапраўды, на нашым комплексе існуе асаблівая аўра, якую ствараюць і прыгожыя памяшканні, і людзі, што тут працуюць. Нездарма ў кнізе прапаноў мы прачыталі толькі захопленыя водгукі. Самыя свежыя з іх, дарэчы, пакінула незвычайная кампанія: жыхар Шуміліншчыны, які пастаянна прыязджае ў наш басейн, арганізаваў на комплексе сустрэчу сваіх аднакласнікаў, а некаторыя з іх нават спецыяльна дабіраліся ў Беларусь на самалёце.

За пяць год спартшколай падрыхтаваны 1 майстар спорту Рэспублікі Беларусь, 13 кандыдатаў, 16 першаразраднікаў. У спартыўныя вучылішчы перададзена 14 чалавек.

Ну а што датычыцца лайнера “Юнацтва-Ушачы”, то за стартавы адрэзак маршруту ён набраў належную вышыню і ўпэўнена працягвае свой захапляльны палёт!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *